НАТУРАЛІ́ЗМ у філасофіі,
метадалагічны прынцып, паводле якога развіццё грамадства тлумачыцца законамі прыроды (кліматычнымі ўмовамі, геагр. асяроддзем, біял. і расавымі асаблівасцямі людзей). Н. блізкі да антрапалагізму, які таксама не бачыць спецыфічных заканамернасцей грамадскага жыцця; ён уласцівы некаторым разнавіднасцям матэрыялізму (стыхійны, прыродазнаўчанавук., механістычны, вульгарны і інш.) і некаторым ідэаліст. плыням, якія надзяляюць прыроду іманентна ўласцівай ёй адушаўлёнасцю (панпсіхізм) або натхнёнасцю (пантэізм). У этыцы Н. характарызуецца вылучэннем прынцыпаў маралі з нейкага прыроднага пачатку (космасу, арган. свету, біялогіі або псіхалогіі чалавека). Н. ўласцівы такім этычным кірункам, як геданізм, эўдэманізм, утылітарызм, этычны эвалюцыянізм. У сучаснай этыцы многія школы працягваюць выводзіць паняцці маралі з прыродазнаўчанавук. паняццяў, даных антрапалогіі і псіхалогіі (этыка касм. тэлеалогіі, тэорыі маральнага пачуцця, інтарэсу і інш.).
т. 11, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)