ГЕДАНІ́ЗМ
(ад грэч. hēdonē асалода),
этычнае вучэнне, якое сцвярджае асалоду найвышэйшым шчасцем і крытэрыем паводзін чалавека. Тэарэт. геаданізм з’яўляецца разнавіднасцю натуралізму ў этыцы. У стараж. Грэцыі прадстаўніком геаданізму ў этыцы быў Арыстып і яго паслядоўнікі. Найб. развіцця дасягнуў у Эпікура і наблізіўся ў яго да эўдэманізму. Геданічныя матывы сталі пашыранымі ў эпоху Адраджэння, у этычных тэорыях асветнікаў. Т.Гобс, Дж.Лок, П.Гасендзі, франц. матэрыялісты 18 ст. проціпастаўлялі геданізм рэліг.-аскетычнай маралі. Пазней прынцып геданізму знайшоў адлюстраванне ў этычнай тэорыі утылітарызму. Ідэі геданізму падзялялі філосафы амер. Дж.Сантаяна, Дз.Дрэйк, аўстр. М.Шлік і інш. У рэальным жыцці геданізм можа існаваць у форме эстэцтвуючага арыстакратызму і пагоні за пачуццёвай асалодай (гл. таксама Эпікурэізм).
т. 5, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)