ПАВЕ́РХНІ ВЯРЧЭ́ННЯпаверхні, утвораныя вярчэннем плоскай крывой вакол прамой (восі), якая размешчана ў той жа плоскасці. Напр., сфера ўтворана вярчэннем паўкружнасці вакол яе дыяметра, прамая кругавая канічная паверхня — прамой вакол інш. прамой, якая перасякае першую.
Лініі перасячэння П.в. плоскасцю, што праходзіць праз вось вярчэння, наз. мерыдыянамі; з плоскасцю, перпендыкулярнай восі, — паралелямі. Калі ўздоўж восі П.в. накіраваць вось Oz прамавугольнай сістэмы каардынат Oxyz, то параметрычныя ўраўненні П.в. можна запісаць у выглядзе: x = ƒ(u)cos φ, y = ƒ(u)sin φ, z = u, дзе ƒ(u) — функцыя, якая вызначае форму мерыдыяна, φ — вугал павароту плоскасці мерыдыяна.
Да арт.Паверхні вярчэння: канічная паверхня (А — вяршыня; У — утваральная; В — вось вярчэння).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДХІЛЯ́ЮЧАЯ СІ́ЛА ВЯРЧЭ́ННЯ ЗЯМЛІ́,
адна з сіл інерцыі, якая дае магчымасць улічваць уплыў вярчэння Зямлі вакол сваёй восі на рух любога цела адносна зямной паверхні; прыватны выпадак Карыяліса сілы. Адхіляе целы, якія рухаюцца ўздоўж зямной паверхні, управа ў Паўн. паўшар’і, улева — у Паўднёвым; адыгрывае значную ролю ў развіцці атм. працэсаў, змене контураў берагоў рэк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧЭ́ННЕў матэматыцы,
асобны выпадак руху, пры якім нерухомым застаецца не менш як адзін пункт прасторы. Пры вярчэнні на плоскасці нерухомы толькі 1 пункт (цэнтр вярчэння), у прасторы — 1 прамая (вось вярчэння). Адрозны ад зруху і люстранага адбіцця рух у прасторы атрымліваецца шляхам вярчэння вакол некаторай восі і зруху ўздоўж гэтай жа восі (вінтавы рух).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНЫ МО́МАНТ,
мера вонкавага ўздзеяння, якое змяняе вуглавую скорасць вярчальнага руху цела. Вярчальны момант роўны суме ўсіх момантаў сіл адносна восі вярчэння, што ўздзейнічаюць на цела. Звязаны з вуглавым паскарэннем ε роўнасцю , дзе I — момант інерцыі цела адносна восі вярчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЧА́ЛЬНЫ РУХцвёрдага цела,
1) Вярчальны рух вакол нерухомай восі — рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца ў паралельных плоскасцях і апісваюць акружнасці з цэнтрамі на нерухомай прамой — восі вярчэння. Асн. кінематычныя характарыстыкі — вуглавая скорасць і вуглавое паскарэнне , лінейная скорасць пункта цела на адлегласць r ад восі вярчэння , тангенцыянальнае паскарэнне , нармальнае паскарэнне . Асн. дынамічныя характарыстыкі — момант імпульсу і кінетычная энергія. Закон вярчэння вызначаецца з асн. ўраўнення дынамікі , дзе — вярчальны момант, — момант інерцыі цела адносна восі вярчэння z.
2) Вярчальны рух вакол пункта (сферычны рух) — рух цела, пры якім адзін пункт цела нерухомы, а астатнія рухаюцца па паверхні сфер. Пры такім вярчальным руху кожнае элементарнае перамяшчэнне цела — вярчэнне вакол некаторай восі (імгненнай восі вярчэння), якая бесперапынна змяняе свой напрамак.
Вярчальны рух цвёрдага цела: φ — вугал павароту; ω — вуглавая скорасць; an — нар-мальнае паскарэнне; aτ — тангенцыяльнае паскарэнне; V — скорасць пункта M, што знаходзіцца на адлегласці r ад нерухомай восі AB.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЭ́СІЯ (ад лац. praecessio рух наперад),
1) рух восі ўласнага вярчэння цвёрдага цела, пры якім яна апісвае кругавую канічную паверхню.
Складаецца з уласнага вярчэння цела з вуглавой скорасцю Ω вакол восі OZ (O — нерухомы пункт) і вярчэння вакол восі OZ1 з вуглавой скорасцю
(ψ — вугал П.; гл.Эйлеравы вуглы). Адначасова могуць адбывацца нутацыйныя ваганні цела, пры якіх мяняецца вугал нутацыі θ (гл.Нутацыя). Калі ў час руху велічыні θ, Ω, ω пастаянныя, то П. наз. рэгулярнай; пры гэтым вось ΟΖ апісвае вакол восі ΟΖ1 прамы кругавы конус.
2) П. ў астраноміі — павольны рух восі вярчэння Зямлі па кругавым конусе, вось якога перпендыкулярная да плоскасці зямной арбіты, з перыядам поўнага абароту ≈ 26 000 г. З’ява П. Зямлі адкрыта Гіпархам і растлумачана І.Ньютанам. Яна абумоўлівае павольнае зрушэнне пунктаў веснавога і асенняга раўнадзенстваў, перамяшчэнне полюсаў свету паміж зоркамі, змену экватарыяльных і экліптычных каардынат нябесных цел. Адначасова з П. адбываюцца нутацыйныя ваганні зямной восі. Гл. таксама Гіраскоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЛЬСА́РЫ (англ. pulsars скарачэнне ад Pulsating Sources of Radioemission пульсуючыя крыніцы радыёвыпрамянення),
касмічныя крыніцы імпульснага эл.-магн. выпрамянення. Адкрыты ў 1967 Э.Х’юішам (Вялікабрытанія). Вядома некалькі соцень П. Перыяды паўтарэння імпульсаў 0,002—4 с. Выпрамяненне мае нецеплавую прыроду. Большасць П. выпрамяняе ў радыёдыяпазоне ад метровых да сантыметровых хваль. П. ў Крабападобнай туманнасці і некаторыя інш. выпрамяняюць таксама ў аптычным, рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. П. атаясамліваюць з нейтроннымі зоркамі, што хутка верцяцца. Выпрамяненне распаўсюджваецца ў малым цялесным вугле і накіроўваецца ў бок назіральніка праз прамежкі часу, роўныя перыяду вярчэння зоркі. Малыя перыяды і высокая стабільнасць імпульсаў (змена за перыяд меншая за 10−14 с) абумоўлены, адпаведна, хуткім вярчэннем зоркі (да некалькіх дзесяткаў абаротаў за секунду) і стабільнасцю перыяду яе вярчэння. Энергія вярчэння зоркі пераўтвараецца ў энергію выпрамянення, таму перыяд вярчэння зоркі (перыяд П.) паступова павялічваецца. Назіранні П. выкарыстоўваюцца для вывучэння будовы Галактыкі, даследавання міжзорнага і міжпланетнага асяроддзяў, праверкі агульнай тэорыі адноснасці і інш.
Літ.:
Смит Ф.Г. Пульсары: Пер. с англ.М., 1979;
Манчестер Р.Н., Тейлор Дж.Х. Пульсары: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛАВА́Я СКО́РАСЦЬ,
вектарная велічыня , якая характарызуе скорасць вярчэння цвёрдага цела. Модуль вуглавой скорасці
, дзе — прырашчэнне вугла павароту за прамежак часу . Вектар накіраваны ўздоўж восі вярчэння ў той бок, адкуль паварот цела бачны супраць ходу гадзіннікавай стрэлкі (правіла правага вінта). Адзінка вуглавой скорасці ў СІ — радыян за секунду (рад/с).