ПУЛЬСА́РЫ (англ. pulsars скарачэнне ад Pulsating Sources of Radioemission пульсуючыя крыніцы радыёвыпрамянення),
касмічныя крыніцы імпульснага эл.-магн. выпрамянення. Адкрыты ў 1967 Э.Х’юішам (Вялікабрытанія). Вядома некалькі соцень П. Перыяды паўтарэння імпульсаў 0,002—4 с. Выпрамяненне мае нецеплавую прыроду. Большасць П. выпрамяняе ў радыёдыяпазоне ад метровых да сантыметровых хваль. П. ў Крабападобнай туманнасці і некаторыя інш. выпрамяняюць таксама ў аптычным, рэнтгенаўскім і гама-дыяпазонах. П. атаясамліваюць з нейтроннымі зоркамі, што хутка верцяцца. Выпрамяненне распаўсюджваецца ў малым цялесным вугле і накіроўваецца ў бок назіральніка праз прамежкі часу, роўныя перыяду вярчэння зоркі. Малыя перыяды і высокая стабільнасць імпульсаў (змена за перыяд меншая за 10−14 с) абумоўлены, адпаведна, хуткім вярчэннем зоркі (да некалькіх дзесяткаў абаротаў за секунду) і стабільнасцю перыяду яе вярчэння. Энергія вярчэння зоркі пераўтвараецца ў энергію выпрамянення, таму перыяд вярчэння зоркі (перыяд П.) паступова павялічваецца. Назіранні П. выкарыстоўваюцца для вывучэння будовы Галактыкі, даследавання міжзорнага і міжпланетнага асяроддзяў, праверкі агульнай тэорыі адноснасці і інш.
Літ.:
Смит Ф.Г. Пульсары: Пер. с англ. М., 1979;
Манчестер Р.Н., Тейлор Дж.Х. Пульсары: Пер. с англ. М., 1980.
А.А.Шымбалёў.
т. 13, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)