ФРЭЗЕРАВА́ННЕ,

апрацоўка металаў, драўніны і інш. матэрыялаў рэзаннем з дапамогай фрэзы. Робіцца на фрэзерных станках і інш. вярчэннем фрэзы і адносным перамяшчэннем фрэзы і загатоўкі.

У залежнасці ад напрамкаў вярчэння цыліндрычнай фрэзы і падачы загатоўкі адрозніваюць: сустрэчнае Ф., калі вярчэнне фрэзы і рух падачы загатоўкі накіраваны адзін супраць аднаго, і спадарожнае, калі напрамкі вярчэння фрэзы і падачы загатоўкі супадаюць. Пры апрацоўцы тарцовай фрэзай адрозніваюць сіметрычнае (вось фрэзы перамяшчаецца ў плоскасці сіметрыі загатоўкі) і несіметрычнае Ф. (вось фрэзы зрушана адносна гэтай плоскасці). Ф. апрацоўваюць плоскасці, целы вярчэння, а таксама фасонныя, вінтавыя і інш. паверхні дэталей машын.

т. 16, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)