Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЕНЬ,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл.Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротахвосень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.
На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ВО́СЕНЬ»,
міжнародны фестываль мастацтваў (да 1992 усесаюзны). Праводзіцца з 1974 на Беларусі штогод у 2-й пал. лістапада. Фестывальныя канцэрты (звычайна больш за 300) праходзяць у Мінску і інш. гарадах, гар. пасёлках і вёсках. Госці фестывалю ўдзельнічаюць таксама ў спектаклях Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі. У рамках фестывалю выступаюць акрамя беларускіх многія вядомыя муз. калектывы і асобныя замежныя выканаўцы. Фестываль дэманструе дасягненні выканальніцкага мастацтва, спрыяе ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню розных нац.муз. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛНРАЗЕ (Kalnroze; canp. Розенбергс, Rozenbergs) Валдзіс (17.11.1894, г. Кулдыга, Латвія — 1993), латышскі жывапісец-пейзажыст. Нар.маст. Латвіі (1970). Вучыўся ў Латв.АМ (1927—32) у В.Пурвіта. Аўтар лірычных пейзажаў, выкананых у вытанчанай серабрыстай колеравай гаме: «Даўгава» (1935), «Восеньскі пейзаж» (1942), «Мора» (1956), «У рачным заліве» (1957), «Восень ва Угале» (1958), «Старая Рыга» і «Пара квітнення» (1970-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГЯ́ЛА (Міхаіл Хрысанфавіч) (21.5.1908, в. Крутое Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 9.9.1978),
бел. жывапісец. Брат Г.Х.Даўгялы. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Выкладаў у Мінскім пед. тэхнікуме (1930—35). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «У Заходняй Беларусі» (1932), «Стары Мінск» (1945), «Батанічны сад у Мінску» (1949), «Лагойскія далі» (1950), «Збор ураджаю» (1956), «Ля вогнішча на Беразіне» (1970), «Восень. Залаты клён» (1976) і інш. Пісаў таксама нацюрморты, партрэты («Партрэт дачкі з кветкамі», 1957). Творы вызначаюцца шчырасцю пачуцця, завершанасцю жывапіснага вобраза.
Літ.:
Буйвал В. Пясняр роднай прыроды // Кола дзён: Бел.літ.-маст. каляндар, 88. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХАТКО́Ў (Антон Стафанавіч) (н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.Крымаў і П.Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава (1944—48, пед. С.Герасімаў, П.Пакаржэўскі, Д.Мачальскі), працаваў у майстэрні В.Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.К.Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫ́ЛАВА-ХМЫ́ЗНІКАВА (Тамара Ігнатаўна) (12.6.1944, в. Сіроціна Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 17.7.1991),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1963), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). Сярод габеленаў: «Восень», «Сонца», «На жніўным полі», «Гурзуф» і інш. (усе 1970-я г.). Працавала таксама гуашшу. Творы вылучаюцца экспрэсіяй, філасафічнасцю, абвостраным пачуццём колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́САЎ (Ізраіль Мордухавіч) (7.10.1918, г. Мсціслаў Магілёўскай вобласці — 4.8.1994),
бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1951). Працаваў пераважна ў жанры гар. і індустр. пейзажа. Сярод твораў: «Восень» (1963), «Мінск, вул. Кірава» (1967), «Дрэвы і горад» і «Гарадскі рытм» (1967); карціны філас. кірунку: «Саперніцы» і «Успаміны» (1968), «Дзяўчына ў чырвоным» (1979), «Дзве жанчыны» (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (25.4.1933, г. Лагойск Мінскай вобл. — 28.11.1979),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Сярод работ: «Год сорак другі», «Памяці герояў Брэста» (абедзве 1962), «Студзень», «Адліга», «Фестывальны засяляецца» (усе 1963), «Партрэт штурмана Галіны Дакутовіч» (1964), «Снегапад», «Жураўлі» (абедзве 1969), «Восень на Мазыршчыне» (1971), «Світанне» (1972) і інш.