МУДРО́ГІН (Уладзімір Мікалаевіч) (24.12.1524, С.-Пецярбург — 28.11.1994),

бел. мастак. Скончыў Цэнтр. эксперым. студыю маст. праектавання пры Саюзе мастакоў СССР у Маскве (1970). У 1952—65 мастак Брэсцкага абл. драм. т-ра, у 1970—80 гал. мастак Ін-та тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Аформіў спектаклі «Жаніцьба Бальзамінава» (1957), «Позняе каханне» (1963) А.​Астроўскага, «Блудны сын» Э.​Ранета (1958), «Два клёны» Я.​Шварца (1960), «Асцярожна, Мякішавы» А.​Маўзона, «Сокалы і крумкачы» А.​Сумбатава (абодва 1963), «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай (1964), «Шануй бацьку свайго» В.​Лаўрэнцьева (1965) і інш. Аўтар жывапісных твораў «Восеньскае святло» (1966), «Узбярэжжа» (1971), «У грыбы» (1974), «Пейзаж. У выхадны» (1976), «На рацэ Свіслач» (1979), «Вечар» (1981), «Светлы дзень» (1983), «Ружовая раніца» (1985), калажаў і інш. Творам уласцівы манументальнасць, пластычны малюнак, завершанасць кампазіцыі.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛАВУ́С (Дзмітро) (Дзмітрый Рыгоравіч; н. 24.4.1920, с. Курманы Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі ун-т (1945). Творчасць Білавуса, пераважна вострасатырычнага і гумарыстычнага кірунку, выкрывае негатыўныя з’явы жыцця (зб-кі вершаў «Вясёлыя твары», 1953; «Зігзаг», 1956; «Альфы — не амегі», 1967; «Асцярожна: слова!», 1984; ліра-эпічныя паэмы «Жыццё Адаркі Палягечы», 1956; «Грыц Гачык», 1986). Піша для дзяцей. На ўкр. мову перакладаў творы рус., літ., балг., а таксама бел. пісьменнікаў (Ф.​Багушэвіча, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, М.​Калачынскага, Я.​Коласа, У.​Корбана, К.​Крапівы, Я.​Купалы, М.​Макаля, М.​Танка і інш.). На бел. мову творы Білавуса пераклалі А.​Бялевіч, Вялюгін, Гілевіч, С.​Дзяргай. Літ. прэмія Украіны імя М.​Рыльскага 1976.

Тв.:

Вибране. Киів, 1980;

Бел. пер. — Птушыныя галасы. Мн., 1960.

Літ.:

Томенко М. Дмитро Білоус. Киів, 1988.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы),

мультыплікацыя, від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.

Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.​Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.​Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням. рэж. Л.​Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж Н.​Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.

Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.​Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.​Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.​Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.​Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.​Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.​Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.​Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.​Батурын) на тэмы лірыкі М.​Танка і У.​Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.​Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.​Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.​Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.​Жыткоўская) і інш.

В.​Ф.​Нячай.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі,

1) кірунак, што ўзнік у Германіі ў 1840—50-я г. Гістарычная школа адмаўляла наяўнасць аб’ектыўных законаў эканам. развіцця грамадства, поўнасцю ігнаравала першаступеннае значэнне вытв. адносін у сістэме капіталіст. ўзнаўлення, абмяжоўвалася вывучэннем пераважна сферы абарачальнасці, капіталіст. рынку. Для яе характэрна нагрувашчванне апісанняў гіст. фактаў без іх тэарэт. аналізу і раскрыцця прычын сувязей і залежнасцей. Прадстаўнікі гэтай школы выступалі з абаронай феад. зямельных правоў і дваранска-бюракратычных прывілеяў прускага дваранства, прыватнай уласнасці. Каля яе вытокаў стаяў Ф.​Ліст, які крытычна ставіўся да класічнай англ. школы з-за спробы стварэння універсальнай эканам. тэорыі «для ўсіх часоў і народаў». Ён лічыў, што кожная краіна ідзе самаст. эканам. шляхам. Падобныя думкі выказвалі прадстаўнікі 1-й хвалі гістарычнай школы (В.​Рошэр, Б.​Гільдэбранд, К.​Кніс). Паводле Рошэра, нават ландшафт і клімат надаюць каларыт нац. эканоміцы. Гільдэбранд адмаўляў абстрактны метад у навуцы наогул, аддаваў перавагу эмпірычным даследаванням, статыстыцы, папракаў А.​Сміта за ігнараванне прававых, этнічных і рэліг. адрозненняў, уласцівых кожнай нац. эканоміцы. Такое перакананне сведчыць аб сінкрэтызме тагачаснай эканам. навукі, вымушанай карыстацца метафіз. метадалогіяй аналізу рэчаіснасці. У 1870-я г. ўзнікла 2-я хваля гістарычнай школы, прадстаўнікі якой (Г.​Шмолер, К.​Бюхер, Л.​Брэнтана) яшчэ больш асцярожна ставіліся да праблемы эканам. законаў і тэорый, адмаўлялі магчымасць стварэння законаў на падставе дэдуктыўных разважанняў. На падставе вучэння гістарычнай школы ішло фарміраванне светапогляду навукоўцаў 20 ст. (М.​Вебер, В.​Зомбарт і інш.).

2) Гістарычная школа ў фалькларыстыцы, кірунак рус. фалькларыстыкі канца 19 — пач. 20 ст. Склалася ў выніку крызісу, міфалагічнай школы і кампаратывізму. Тэарэт. асновы гістарычнай школы сфармуляваў У.​Ф.​Мілер у «Нарысах рускай народнай славеснасці» (т. 1, 1897), развіты і дапоўнены ў працах М.​Н.​Спяранскага, К.​Шамбінагі, Б.​М.​Сакалова. Прадстаўнікі гістарычнай школы імкнуліся пазнаць гіст. побыт народа, суаднесці факты, падзеі, імёны, узноўленыя ў нар. паэзіі, з рэальнымі, што мелі месца ў мінулым жыцці. У рэканструкцыі эпічных цыклаў яны ішлі ад твораў пазнейшага паходжання да больш ранніх, старажытных. Адхіленні ў былінным тэксце ад гіст. падзей лічылі за скажэнні, унесеныя вусным пераказам. Вял. значэнне надавалі індывідуальнаму пачатку ў фальклоры, у некат. выпадках абсалютызавалі яго. Недаацэньваючы ролю нар. мас у стварэнні духоўных каштоўнасцей, прыпісвалі паходжанне былін выключна княжацка-дружыннаму асяроддзю. Школа мела прыхільнікаў у Чэхаславакіі, Даніі, Германіі. У бел. фалькларыстыцы гіст. падыход да вусна-паэт. творчасці абазначыўся ў сярэдзіне 1840-х г. у працы І.​Храпавіцкага «Беглы погляд на паэзію беларускага народа». Ідэі гістарычнай школы падзялялі М.​Янчук і Я.​Карскі. Як кірунак гістарычная школа распалася ў сярэдзіне 1920-х г.

Літ.:

Левита Р.Я. История экономических учений: Полный краткий курс. М., 1995.

А.​С.​Ліс, А.​А.​Цітавец (у палітэканоміі).

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)