БІЛАВУ́С (Дзмітро) (Дзмітрый Рыгоравіч; н. 24.4.1920, с. Курманы Недрыгайлаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі ун-т (1945). Творчасць Білавуса, пераважна вострасатырычнага і гумарыстычнага кірунку, выкрывае негатыўныя з’явы жыцця (зб-кі вершаў «Вясёлыя твары», 1953; «Зігзаг», 1956; «Альфы — не амегі», 1967; «Асцярожна: слова!», 1984; ліра-эпічныя паэмы «Жыццё Адаркі Палягечы», 1956; «Грыц Гачык», 1986). Піша для дзяцей. На ўкр. мову перакладаў творы рус., літ., балг., а таксама бел. пісьменнікаў (Ф.​Багушэвіча, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, М.​Калачынскага, Я.​Коласа, У.​Корбана, К.​Крапівы, Я.​Купалы, М.​Макаля, М.​Танка і інш.). На бел. мову творы Білавуса пераклалі А.​Бялевіч, Вялюгін, Гілевіч, С.​Дзяргай. Літ. прэмія Украіны імя М.​Рыльскага 1976.

Тв.:

Вибране. Киів, 1980;

Бел. пер. — Птушыныя галасы. Мн., 1960.

Літ.:

Томенко М. Дмитро Білоус. Киів, 1988.

В.​А.​Чабаненка.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)