МАТРО́С Уладзімір Барысавіч (н. 6.6.1947, г. Новасібірск, Расія),

бел. акцёр, рэжысёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1998). Скончыў Маскоўскі ін-т культуры (1985). З 1966 акцёр, з 1984 рэжысёр, з 1986 гал. рэжысёр Гомельскага абл. т-ра лялек. Выканаўца роляў характарных персанажаў. Лепшыя ролі М. пазначаны яркімі фарбамі, імправізацыйнасцю: Цар («Каб не змаўкаў жаваранак» А.​Вольскага), Скамарох, Чорт і Поп («Пушкінскія казкі» паводле казак А.​Пушкіна), Гном («Кветка папараці» Г.​Каржанеўскай), Кот («Запалка-невялічка» Г.​Сцяфанава), Гарбуз («Паласатая гісторыя» М.​Супоніна), Галоўны буржуін («Ваенная тайна» паводле А.​Гайдара), Малпа («Чалавек з хвастом» Р.​Остэра) і інш. У пастаноўках імкнецца да спалучэння ў спектаклях элементаў муз., драм. і пластычнага мастацтваў. Паставіў спектаклі: «Адалень-трава» В.​Любімавай (1984), «Кветка папараці» (1985), «Я — кураня, ты — кураня» Р.​Усача і Я.​Чапавецкага (1986), «Дзед і Жораў» В.​Вольскага (1986, 1992), «Дзень Кутасіка і Куцілкі» І.​Пегер (1987), «Асцярожна, Каза!» Р.​Качанава (1988), «Каб не змаўкаў жаваранак» (1989, неаднаразовы лаўрэат і дыпламант міжнар. фестываляў т-раў лялек), «Мой тата — воўк» У.​Арлова (1991), «Усмешка клоуна» Чапавецкага (1992), «Вясёлыя медзведзяняты» М.​Паліванавай, «Усе мышы любяць сыр» Дз.​Урбана (абодва 1993), «Чортаў скарб» паводле У.​Караткевіча (1995), «Карлік Нос» паводле В.​Гаўфа (1996), «Хлопчык Мотл» паводле Шолам-Алейхема (1998), «Шлях да Віфлеема» С.​Кавалёва (2000), «Прывітанне, Чырвоная Шапачка» У.​Макіна (2002), «Начны госць» Г.​Марчука (2003).

т. 18, кн. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)