АДСТО́ЙВАННЕ,

гл. Седыментацыя.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМУ́ЧВАННЕ,

раздзяленне ўзмучаных цвёрдых дробных часцінак, заснаванае на розных скарасцях іх асядання ў вадзе; спосаб гідраўл. класіфікацыі здробненых матэрыялаў. Уключае адстойванне полідысперснай суспензіі з дэкантацыяй у паслядоўна злучаных адстойніках. Выкарыстоўваюць пры абагачэнні мінер. сыравіны, атрыманні тонкіх парашкоў, ачыстцы глін (кааліну) ад мех. дамешкаў (пяску, слюды, палявога шпату).

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАДЖЭ́ННЕ,

выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у т. л. радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШРУБ Павел Міхайлавіч (н. 20.2.1955, в. Хільчыцы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Ленінградскі ун-т (1977), Мінскую вышэйшую школу МУС Беларусі (1987). З 1977 працаваў у Наваполацкім політэхн. ін-це, у 1979—81 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі. З 1983 выкладае ў каледжы МУС Беларусі. Друкуецца з 1979. У паэт. зб-ках «Лабараторыя» (1987), «Позні світанак» (1992), «Чорна-белы свет» (1995) і інш. кантрастнасць, супярэчлівасць жыцця, любоў да Радзімы, роднай мовы, адстойванне духоўных каштоўнасцей. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988.

т. 17, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРЫФУГАВА́ННЕ,

раздзяленне неаднародных сістэм (суспензій, шламаў, эмульсій) пад дзеяннем цэнтрабежных сіл. Робіцца з мэтай вылучэння цвёрдай або асветленай фаз спосабам адстойвання ці фільтравання.

Выконваецца ў цэнтрыфугах з суцэльным або перфарыраваным (пакрытым фільтруючым матэрыялам) ротарам. Цэнтрабежнае адстойванне выкарыстоўваюць для вылучэння асветленай вадкай фазы з разбаўленых суспензій і асаджэння цвёрдай фазы з канцэнтраваных суспензій; фільтраванне — для выдалення цвёрдай фазы з суспензій і шламаў з адносна малой колькасцю вадкай фазы. Асобнае месца займае Ц. эмульсій, напр., сепарыраванне малака ў сепаратарах малочных. Пры даследаванні высокадысперсных сістэм і высокамалекулярных злучэнняў (бялкоў, нуклеінавых кіслот) выкарыстоўваюць ультрацэнтрыфугаванне.

В.​М.​Кандрацьеў.

т. 17, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЯЛЯ́НСКАЯ ПРА́ЎДА»,

заходнебеларуская газета. Выдавалася з 28.9 да 17.12.1924 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. Рэдактар А.​Войцік. Выкрывала палітыку польскага ўрада ў дачыненні да працоўных і нац. меншасцей. Паказвала партыз. рух у Зах. Беларусі, нацэльвала масы на адстойванне сваіх паліт. і эканам. правоў, на змаганне за бел. школу, асвету, кааператывы. Крытыкавала бел. праўрадавых паліт. дзеячаў, творцаў «Беларускага грамадзянскага сабрання» С.​Валэйшы, «Тымчасовай беларускай рады» Паўлюкевіча і інш. Асвятляла грамадска-паліт. жыццё ў БССР. Змяшчала артыкулы Дрыгавіча (У.​Талочкі), Я.​Маразовіча, інтэрв’ю М.​Чарвякова з А.​Пшчолкам, рэцэнзіі на пастаноўкі Бел. драм. майстроўні і інш. Выйшлі 34 нумары. Забаронена польскімі ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДЫМЕНТА́ЦЫЯ (ад лац. sedimentum асяданне),

асяданне часцінак дысперснай фазы (цвёрдых крупінак, кропелек вадкасці, пузыркоў газу) у вадкім ці газападобным дысперсным асяроддзі ў гравітацыйным полі ці ў полі цэнтрабежных сіл. Адбываецца пры перавазе накіраванага руху часціц (пад уздзеяннем сілы цяжару ці цэнтрабежных сіл) над хаатычным цеплавым рухам (гл. Браўнаўскі рух, Дыфузія).

Часцінкі грубадысперсных сістэм седыментуюць у полі гравітацыйных сіл, С. калоідных часцінак і макрамалекул магчыма ў полі цэнтрабежных сіл (гл. Цэнтрыфугаванне). Скорасць С. залежыць ад масы, памераў і формы часцінак, вязкасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад паскарэння, што ўзнікае пры ўздзеянні на іх сіл поля. У прыродзе ў выніку С. адбываюцца асадканамнажэнне ў водных басейнах, адстойванне мутнай вады, ачышчэнне паветра ад пылавых і кропельнавадкіх часцінак. У прам-сці С. выкарыстоўваецца пры абагачэнні карысных выкапняў, раздзяленні прадуктаў хім. і нафтахім. тэхналогій, водаачыстцы і інш. С. ў цэнтрыфугах — аснова седыментацыйнага аналізу.

т. 14, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́ННІКАЎ Сяргей Іванавіч (н. 16.9.1946, в. Слабада Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, з 1978 у апараце ЦК КПБ, з 1986 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкуецца з 1963. Паэзіі ўласцівы грамадз. пафас, публіцыстычнасць, любоў да роднай зямлі, адстойванне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, увага да перажыванняў лірычнага героя ў спалучэнні з непрыняццем мяшчанства, спажывецкай маралі. У паэме «Чорная быль» (1990) успрыманне чарнобыльскай трагедыі як драмы народа, знаку катастрофы, болю ў яе сусв. апакаліпсічным вызначэнні. Аўтар зб-каў паэзіі «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1982), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць», «Вечная далеч» (абодва 1987), «Заклінанне» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1992), кніг эсэістычна-публіцыстычнай прозы «Беларускае сэрца» (1993), «Вячэра пад райскім дрэвам» (1996).

Тв.:

Святая воля: Выбр. лірыка. Мн., 1993.

А.​І.​Сямёнава.

С.І.Законнікаў.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААЧЫ́СТКА,

комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.

Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл. Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.

У.​М.​Марцуль.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́ЕРАБЕНД (Feyerabend) Пол (Пауль) Карл (13.1.1924, Вена — 11.2.1994),

аўстра-амерыканскі філосаф. Скончыў Венскі ун-т (1951). З 1962 праф. Каліфарнійскага ун-та. Аўтар прац «Суцяшэнне для спецыяліста» (1970), «Супраць метадалагічнага прымусу: Нарыс анархісцкай тэорыі пазнання» (1975), «Навука ў свабодным грамадстве» (1978), «Тры размовы пра навуку» (1991) і інш. Распрацаваў «анархісцкую» тэорыю пазнання, у якой абвяргаў існаванне абсалютнай ісціны, аб’ектыўнасць ведаў і наяўнасць універсальнага гнасеалагічнага метаду; прапагандаваў навук. і светапоглядны плюралізм. Гісторыю навукі разглядаў як хаатычны працэс напластавання разнастайных тэорый, таму адмаўляў прынцып пераемнасці навук. пазнання. Лічыў, што ўсе тэорыі будуюцца на розным эмпірычным матэрыяле і тэрміналогіі і таму з’яўляюцца «несувымернымі»: не могуць ні супярэчыць, ні пацвярджаць адна адну. На яго думку, прагрэс навук. ведаў патрабуе ад навукоўцаў прытрымлівання 2 процілеглых і дыялектычна ўзаемазвязаных прынцыпаў: «праліферацыі» (неабмежаванае прымнажэнне тэорый-«канкурэнтаў») і «ўпартасці» (паслядоўнае адстойванне выбранай тэорыі і катэгарычнае адмаўленне ўсіх альтэрнатыўных канцэпцый). Побач з навуковым вылучаў рэліг., міфалагічны і магічны тыпы пазнання, крытэрыем ацэнкі якіх лічыў садзейнічанне творчым здольнасцям, інтэлектуальнай і духоўнай свабодзе людзей, а не ступень дакладнасці атрыманых ведаў. Выступаў супраць «дыктатуры» навукі як афіц. ідэалогіі сучаснага грамадства і прапаноўваў разглядаць яе толькі як пэўную канцэпцыю сярод мноства іншых.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные труды по методологии науки. М., 1986.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 16, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)