ФЕ́ЕРАБЕНД (Feyerabend) Пол (Пауль) Карл (13.1.1924, Вена — 11.2.1994),
аўстра-амерыканскі філосаф. Скончыў Венскі ун-т (1951). З 1962 праф. Каліфарнійскага ун-та. Аўтар прац «Суцяшэнне для спецыяліста» (1970), «Супраць метадалагічнага прымусу: Нарыс анархісцкай тэорыі пазнання» (1975), «Навука ў свабодным грамадстве» (1978), «Тры размовы пра навуку» (1991) і інш. Распрацаваў «анархісцкую» тэорыю пазнання, у якой абвяргаў існаванне абсалютнай ісціны, аб’ектыўнасць ведаў і наяўнасць універсальнага гнасеалагічнага метаду; прапагандаваў навук. і светапоглядны плюралізм. Гісторыю навукі разглядаў як хаатычны працэс напластавання разнастайных тэорый, таму адмаўляў прынцып пераемнасці навук. пазнання. Лічыў, што ўсе тэорыі будуюцца на розным эмпірычным матэрыяле і тэрміналогіі і таму з’яўляюцца «несувымернымі»: не могуць ні супярэчыць, ні пацвярджаць адна адну. На яго думку, прагрэс навук. ведаў патрабуе ад навукоўцаў прытрымлівання 2 процілеглых і дыялектычна ўзаемазвязаных прынцыпаў: «праліферацыі» (неабмежаванае прымнажэнне тэорый-«канкурэнтаў») і «ўпартасці» (паслядоўнае адстойванне выбранай тэорыі і катэгарычнае адмаўленне ўсіх альтэрнатыўных канцэпцый). Побач з навуковым вылучаў рэліг., міфалагічны і магічны тыпы пазнання, крытэрыем ацэнкі якіх лічыў садзейнічанне творчым здольнасцям, інтэлектуальнай і духоўнай свабодзе людзей, а не ступень дакладнасці атрыманых ведаў. Выступаў супраць «дыктатуры» навукі як афіц. ідэалогіі сучаснага грамадства і прапаноўваў разглядаць яе толькі як пэўную канцэпцыю сярод мноства іншых.
Тв.:
Рус. пер. — Избранные труды по методологии науки. М., 1986.
Н.Г.Кісялёва.
т. 16, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)