АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.
Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНКО́ЛЬН,
парода даўгашэрсных паўтанкарунных скараспелых авечак мяса-шэрснага кірунку. Выведзена ў Англіі (графства Лінкальншыр) у 18—19 ст. скрыжаваннем мясц. авечак з лейстэрскімі баранамі. Пашыраны ў многіх краінах (Аргенціна, Аўстралія, ЗША, Канада, Новая Зеландыя і інш.). Патрабавальныя да ўмоў кармлення і ўтрымання.
Маса барана да 160 кг, аўцаматкі да 120 кг. Воўна белая, аднародная, моцная, буйназвівістая, мае бляск (люстра), даўж. да 30 см, на галаве і вушах часам цёмныя плямы. Настрыг з барана да 12 кг, з аўцаматкі да 8 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ТНЫЯ (Ungulata),
надатрад млекакормячых. 6 атр.: даманы, няпарнакапытныя, парнакапытныя, сірэны, мазаляногія (Tylopoda) і хобатныя (Proboscidea). 91 сучасны род. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды (у Аўстралію і Новую Зеландыю завезены). На Беларусі 5 відаў: алень высакародны, дзік, зубр, казуля, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігі МСАП і Беларусі. Да капытных належаць свойскія буйная рагатая жывёла, авечка, каза, конь, свіння.
Памеры ад дробных (даманы) да вельмі буйных (сланы). Пальцаў ад 1 да 5, найб. развітыя 3-і і 4-ы пальцы; у сапр. К. канцавыя фалангі гэтых пальцаў заканчваюцца капытамі. У многіх вызначаецца палавы дымарфізм. Расліннаедныя, некат. ўсёедныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТВІ́ЙСКАЯ ЦЁМНАГАЛОВАЯ ПАРОДАавечак.
Выведзена ў пач. 20 ст. ў Латвіі скрыжаваннем мясцовых грубашэрсных і помесяў танкарунных авечак з англ. мяснымі караткашэрснымі пародамі шропшыр і оксфардшыр. Паўтанкарунная, скараспелая, мяса-воўнавага кірунку. Найб. пашыраная на Беларусі парода, гадуюць у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
Жывая маса бараноў да 110 (найб да 150), матак да 65 (найб. да 95) кг. Галава кароткая і шырокая. Шыя кароткая, мясістая. Грудзі, спіна і паясніца шырокія. Касцяк моцны. Воўна даўж. 8—11 см. Гадавы настрыг з бараноў 5—6, з матак 3,5—4,5 кг, выхад чыстай воўны 55—60%. Пладавітасць 130—160 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕСТЫКА́ЦЫЯ (ад лац. domesticus хатні),
адамашніванне дзікіх відаў жывёл, ператварэнне іх у свойскіх. Працяглы працэс прыручэння, які вядзе да змен у паводзінах і анатама-марфал. будове жывёл. Паводле звестак археалогіі, раней за іншых былі прыручаны сабака (каля 10—5 тыс.г. да н.э.) і свіння (каля 8—3 тыс.г. да н.э.), потым каза, авечка, буйн. раг. жывёла, пазней конь, алень. У параўнанні з дзікімі жывёламі у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, танчэйшая скура. Змяніліся і ўнутр. органы: менш, чым у дзікіх, развіты лёгкія, сэрца, ныркі, але лепш функцыянуюць млечныя залозы, вышэйшая пладавітасць; у многіх жывёл знікла сезоннасць у расплоджванні. Працэс Д. працягваецца: прыручаюцца ласі, лісы, норкі, нутрыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),
парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛАХО́МА (Oklahoma),
штат на Пд ЗША. Пл. 177,9 тыс.км², нас. 3231 тыс.чал. (1993), у т. л. 252,4 тыс. індзейцаў (1-е месца сярод штатаў). Адм. ц. — г.Аклахома-Сіці. У гарадах каля ⅔ насельніцтва. Тэрыторыя пераважна раўнінная. На З Вялікія раўніны, на ПнУ плато Озарк, на ПдУ горы Уошыта. Сярэдняя т-растудз. ад 0 да 6 °C, ліп. 24—27 °C. Ападкаў за год ад 450 мм на З да 1000 мм на У. Рэкі Арканзас і Рэд-Рывер. Прам-сць горназдабыўная (прыродны газ, нафта, гелій, цынк, каменны вугаль, медзь, серабро), маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, пераважна буд. і нафтавае, аўтамабілі, самалёты), нафтаперапр., харч. і інш. Вырошчваюць пшаніцу, сорга, сеяныя травы, бавоўну, арахіс. Мясная і малочная жывёлагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
грубашэрсная парода аўчынна-мяснога кірунку. Выведзена ў 19 ст. ў Расіі шляхам адбору паўн. караткахвостых авечак па якасці аўчыны і плоднасці. Назву атрымала ад месца першапачатковага пашырэння — Раманава-Барысаглебскага пав. (Яраслаўская губ.). На Беларусі гадуюць у Віцебскай вобл.
Жывёлы сярэдняй велічыні, моцнай канстытуцыі. Бараны і маткі бязрогія і з рагамі. Маса бараноў 60—70 (да 80), матак 45—50 (да 60) кг. У нованароджаных ягнят воўна чорная; у дарослых шэрая з блакітным адценнем (доўгі белы пух і кароткія чорныя восці), на пысе і вушах бываюць белыя плямы. Гадавы настрыг з бараноў да 3, з матак 1,5—2 кг. Маткі здольныя апладняцца і прыносіць прыплод на працягу ўсяго года. Плоднасць 200—300 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЙКА,
невялікі фабульны, найчасцей вершаваны твор сатыр. або павучальнага зместу, у якім у алегарычнай форме адлюстраваны жыццёвыя з’явы, паводзіны людзей; блізкая да прытчы і апалога. Звычайна персанажамі байкі выступаюць жывёлы, расліны, рэчы, радзей людзі, а сам твор суправаджаецца абавязковай «мараллю», якая выяўляе яго асн. сэнс.
Як жанр вядома са стараж. часоў. У Стараж. Грэцыі байкі стварыў Эзоп (6 ст. да нашай эры), у Рыме — Федр (1 ст. нашай эры). З байкапісцаў пазнейшага часу найб. вядомыя Ж.Лафантэн і І.Крылоў. У бел. л-ры байка ўзнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Ф.Багушэвічу («Воўк і авечка», «Свіння і жалуды») і А.Абуховічу («Ваўкалак», «Старшына»). Пасля рэвалюцыі 1905—07, калі бел.прагрэс. творам цяжка было абысці цэнзурныя перашкоды, да байкі звярнуліся Я.Купала («Мікіта і валы», «Два мужыкі і глушэц»), Я.Колас («Конь і сабака», «Пастух і авечкі»), М.Багдановіч («Варона і чыж»); празаічныя байкі пісаў Ядвігін Ш. («Павук», «Журавель і чапля»). Высокай дасканаласці бел. байка дасягнула ў творчасці К.Крапівы. У жанры байкі плённа працавалі У.Корбан, Э.Валасевіч, М.Скрыпка і інш.
Літ.:
Казека Я. Беларуская байка // Казека Я. Няходжанай дарогай. Мн., 1973.