АКЛАХО́МА

(Oklahoma),

штат на Пд ЗША. Пл. 177,9 тыс. км², нас. 3231 тыс. чал. (1993), у т. л. 252,4 тыс. індзейцаў (1-е месца сярод штатаў). Адм. ц.г. Аклахома-Сіці. У гарадах каля ⅔ насельніцтва. Тэрыторыя пераважна раўнінная. На З Вялікія раўніны, на ПнУ плато Озарк, на ПдУ горы Уошыта. Сярэдняя т-ра студз. ад 0 да 6 °C, ліп. 24—27 °C. Ападкаў за год ад 450 мм на З да 1000 мм на У. Рэкі Арканзас і Рэд-Рывер. Прам-сць горназдабыўная (прыродны газ, нафта, гелій, цынк, каменны вугаль, медзь, серабро), маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, пераважна буд. і нафтавае, аўтамабілі, самалёты), нафтаперапр., харч. і інш. Вырошчваюць пшаніцу, сорга, сеяныя травы, бавоўну, арахіс. Мясная і малочная жывёлагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Турызм.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)