ЭСТРЭМАДУ́РА (Extremadura),

гістарычная і аўтаномная вобласць на З Іспаніі. Пл. 41,6 тыс. км². Нас. 1,1 млн. чал. (1992). Уключае правінцыі Бадахос і Касерэс. Адм. цэнтр — г. Бадахос. Рэльеф гарысты. На ПнУ адгор’і Цэнтр. Кардыльер, на ПдУ хр. Сьера-дэ-Гуадалупе, Сан-Педра, Сан-Мамед. Клімат міжземнаморскі, летам засушлівы. Ападкаў 400—600 мм за год. Гал. рэкі Таха і Гвадыяна. Лясы пераважна дубовыя. На схілах гор зараснікі з маквісу. Э. — агр. вобласць. Асн. галіны гаспадаркі авечка- і свінагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, рыс (на арашальных землях), бавоўнік, тытунь. Вінаградарства і насаджэнні аліўкавых дрэў. Збор кары коркавага дуба. Прам-сць: харч. (алейная, вінаробная, мясная, сыраробная, плодакансервавая), лёгкая (гарбарная, тэкст.), хім. (вытв-сць мінер. угнаенняў), фаянсавая. Здабыча каляровых металаў і фасфарытаў.

т. 18, кн. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)