ФІЛІМО́НАВА Любоў Аляксандраўна (н. 12.10.1948, Мінск),

бел. пісьменніца. Дачка А.А.Філімонава. Скончыла Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1971). У 1972—84 працавала ў выд-ве «Мастацкая літаратура», на Бел. тэлебачанні. З 1996 займаецца выдавецкай дзейнасцю. Друкуецца з 1967 (вершы на рус. мове). З 1972 піша па-беларуску. У паэт. зб-ках «Стазвоны» (1974), «Гучныя фарбы» (1978), «Імправізацыя» (1988) лірычныя перажыванні і элегічны роздум пра чалавека, прыроду, грамадства і іх узаемазалежнасць. У кн. апавяданняў «Пад шолах ветразяў» (1981) арган. спалучэнне лірызму і гумару. Перакладае на бел. і рус. мову творы англ., груз., польскіх, туркм., франц. пісьменнікаў. Укладальнік і адзін з перакладчыкаў анталогіі дзіцячай туркм. л-ры «Кветкі Каракумаў» (1990).

т. 16, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭЗ Ілья Абрамавіч (2.9.1909—22.6.1994),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1982). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1935).

З 1932 на кінастудыі «Ленфільм», з 1945 — «Саюздзетфільм», з 1948 на Кіеўскай і Маскоўскай студыях навук.-папулярных фільмаў, з 1953 на кінастудыі імя М.​Горкага. Здымаў пераважна для дзяцей. Яго фільмы вызначаюцца лірызмам, мяккім гумарам, раскрыццём дзіцячай псіхалогіі: «Першакласніца» (1948), «Васёк Трубачоў і яго таварышы» (1955), «Незвычайнае падарожжа Мішкі Стракачова» (1959), «Рыжык» (1961), «Я купіў тату» (1963), «Я вас любіў...» (1967), «Прыгоды жоўтага чамаданчыка» (1971, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Дзівак з пятага «Б» (1972), «Вам і не снілася...» (1981), «Каранцін» (1983) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1974.

т. 16, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХАДЖЭ́ННЕ Ў НАРО́Д»,

масавы рух радыкальнай рас. моладзі (прадстаўнікі розных плыняў народніцтва) у вёску ў 1870-я г. Пачалося летам 1873, найб. размаху дасягнула вясной-летам 1874 (ахапіла 37 губерняў Расіі). Прыхільнікі П.Л.Лаўрова («лаўрысты») мелі на мэце прапаганду сярод сялян ідэй сацыялізму, паслядоўнікі анархічна-бунтарскіх ідэй М.А.Бакуніна («бакуністы») — арг-цыю масавых антыўрадавых выступленняў. Цэнтры падрыхтоўкі: пецярбургскі і маскоўскі гурткі чайкоўцаў, «Кіеўская камуна». Рух разгромлены паліцыяй: да ліст. 1874 арыштаваны 4 тыс. чал., найб. актыўныя асуджаны на «працэсе 193-х» (кастр. 1877—лют. 1878).

Літ.:

Филиппов Р.В. Из истории народнического движения на первом этапе «хождения в народ». Петрозаводск. 1967;

Троицкий Н.А. Первые из блестящей плеяды: Большое о-во пропаганды, 1871—1874 гг. Саратов. 1991.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛЕ́РА (грэч. cholera ад cholē жоўць),

вострая інфекцыйная хвароба чалавека; адна з каранцінных хвароб. Яе ўзбуджальнікі — класічныя халерныя вібрыёны (Інаба, Агава, Гікашыма), таксама вібрыён Х. 01 біятып Эль-Тор і новы штам (V. Cholerae 0139), які з’явіўся ў Індыі (1992).

Крыніца інфекцыі — хворы на Х. або вібрыёнаносьбіт. Заражэнне кантактна-быт. шляхам па фекальна-аральным механізме. Інкубацыйны перыяд 1—6 дзён. Пачынаецца з раптоўнага паносу (на фоне нармальнай т-ры цела). Стул мутнавата-белага колеру (т.зв. рысавы адвар»). Пазней з’яўляецца рвота (часам вадзяністая). У хворых на Х. развіваецца абязводжванне арганізма (смага, сухасць слізістых абалонак, зніжэнне тургару скуры), агульная інтаксікацыя. У цяжкіх выпадках — парушэнне свядомасці, шок. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў, Г.​А.​Збароўская.

т. 16, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАЛЕ́Й Яўген Іванавіч (н. 1.1.1947, в. Белькаўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у стаўбцоўскай раённай газеце, выд-ве «Народная асвета», з 1976 на Бел. радыё і тэлебачанні, з 1985 у выд-ве «Юнацтва», з 2003 у час. «Славянскі свет. Крыніца». Друкуецца з 1967. Аўтар зб-каў паэзіі «Прычасце» (1983), «Зялёны прамень аеру» (1987), «Квадры памяці» (1992), «Прыстань віцінаў» (1996). У аповесці для падлеткаў «Пацукі, або Таямнічы дзённік» (1991) і яе працягу «Прынцэса з тусоўкі» (2000) узнімае надзённыя праблемы сучаснай школьнай моладзі. Дзецям прысвечаны яго казкі і вершы кніг «Насціны гасціны» (1989), «Каця на планеце радапедаў» (1997), «Дзіва-сны дзяўчынкі Вікі» (2002).

Л.​В.​Календа.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕЙДА́РАВА (Паўлікава) Людміла Фёдараўна (н. 11.2.1952, пас. Ялізава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.). бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1974). З 1974 працавала ў НДІ электронна-выліч. машын, у Бел. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-це арганізацыі і кіравання буд-вам пры Дзяржбудзе Беларусі, у Мінскім н.-д. праектным ін-це. У 1987—97 на Бел. тэлебачанні. Друкуецца з 1980. У вершах філас. роздум над праблемамі сучаснасці, гарадскія матывы (зб-кі «Адведзіны рамонкавай паляны», 1985; «Тваё святло», 1988; «Купанне ў росах», 1993). Аўтар паэмы «Нельга і Можна» (1988), апавяданняў. На бел. мову пераклала асобныя творы Г.​Ахматавай, М.​Валошына, М.​Лермантава, Б.​Пастарнака, М.​Цвятаевай і інш.

Тв.:

Дарт: Жыццёвыя гісторыі. Мн., 2002.

І.​У.​Саламевіч.

т. 17, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕРУ́СКІ (лац. Cherusci),

германскае племя. Паводле Тацыта, Х. жылі па берагах сярэдняга цячэння р. Везер і яе прытокаў; межы іх паселішчаў даходзілі да р. Эльба. У 11 і 9 ст. да н.э. згаданы ўварванні ў валоданні Х. армій Друза і Тыберыя. У 4 н.э. заваяваны рымлянамі. У 9 у Тэўтабургскім лесе (тэр. на ПнЗ Германіі паміж далінамі рэк Везер і Эмс) паўстаўшыя Х. на чале з Армініем разам з інш. герм. плямёнамі ў выніку чатырохдзённай бітвы знішчылі 3 рым. легіёны на чале з палкаводцам Варам. Унутр. разлад і войны з суседнімі плямёнамі прывялі да заняпаду Х., пасля 21 частка іх тэр. падпарадкавана хатамі. У 4 ст. рэшткі Х. увайшлі ў склад саксаў.

А.​Г.​Зельскі.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАМІДАМО́НАС (Chlamydomonas),

род зялёных водарасцей сям. хламідаманадавых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах (часцей забруджаных, са стаячай вадой), у глебе, на наземных субстратах. На Беларусі 18 відаў Х.: Акімавай (Ch. akimovii), глеягамны (Ch. gloeogama), слізісты (Ch. gelatinosa) і інш.

Мікраскапічныя аднаклетачныя рухомыя арганізмы з 2 жгуцікамі і гладкай абалонкай без вырастаў. Плаваюць свабодна або прымацоўваюцца да водных беспазваночных жывёл. Хларапласты чашападобныя, пласціністыя, зорчатыя, з 1—2 пірэноідамі і вочкам. Бясполае размнажэнне дзяленнем на 2—8 зааспор, палавы працэс — гала-, іза-, гетэрагамія, радзей аагамія. Выкарыстоўваюць у ачышчальных збудаваннях, культывуюць у лабараторыях для даследаванняў па генетыцы фотасінтэзу, біялогіі развіцця, вызначэння таксічнасці забруджаных вод.

Т.​М.​Міхеева.

т. 17, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАРЭ́ЛА (Chlorella),

род зялёных водарасцей сям. хларэлавых. Больш за 50 відаў (дакладна ідэнтыфікавана каля 10). Пашыраны ў прэсных і салёных вадаёмах, у глебе, на камянях, дрэвах; у сімбіёзе з гідрабіёнтамі ўтвараюць т.зв. зоахларэлы; фікабіёнт лішайнікаў. На Беларусі 5 відаў Х.: букавая (Ch.faginea), звычайная (Ch.vulgaris), эліпсоідная (Ch. ellipsoidea) і інш.

Мікраскапічныя адзіночныя, шарападобныя, з гладкай абалонкай клеткі. Хларапласт прысценны, суцэльны, рассечаны або лопасцевы, з пірэноідам ці без яго. Пры размнажэнні ў клетках утвараецца 4—8 (16) аўтаспор. Выкарыстоўваюць для біял. ачысткі сцёкавых вод, рэгенерацыі паветра ў замкнутых прасторах (касм. караблі, падводныя лодкі), вывучэння працэсаў фотасінтэзу; культывуюць на корм рыбе і жывёле.

Т.​М.​Міхеева.

Асобная клетка і размнажэнне хларэлы звычайнай.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЕЛЬ (Humulus),

род кветкавых раслін сям. каноплевых. 4 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — Х. звычайны (H.lupulus). Трапляецца па вільготных лясах, хмызняках, берагах рэк.

Адна- і шматгадовыя двухдомныя травяністыя расліны. Сцёблы даўж. да 10 м, павойныя, рабрыстыя, полыя, на зіму адміраюць. Лісце супраціўнае, акруглае, лопасцевае.

Кветкі дробныя, аднаполыя, мужчынскія — у мяцёлчатых, жаночыя — у коласападобных суквеццях. Прыкветкі жаночага суквецця пасля цвіцення разрастаюцца і ўтвараюць суплоддзі — «шышкі». Плод — арэшак. «Шышкі» Х. звычайнага маюць да 22% смалістых рэчываў (лупулін), выкарыстоўваюцца ў піваварнай прам-сці, замест дражджэй пры хлебапячэнні, як антысептык у медыцыне. Сцёблы маюць грубае валакно, ідуць на корм жывёле. Тэхн., дэкар., эфіраалейныя, лек., валакністыя, прыпраўныя расліны.

Хмель звычайны.

т. 17, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)