ХЛАМІДАМО́НАС (Chlamydomonas),

род зялёных водарасцей сям. хламідаманадавых. Больш за 500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах (часцей забруджаных, са стаячай вадой), у глебе, на наземных субстратах. На Беларусі 18 відаў Х.: Акімавай (Ch. akimovii), глеягамны (Ch. gloeogama), слізісты (Ch. gelatinosa) і інш.

Мікраскапічныя аднаклетачныя рухомыя арганізмы з 2 жгуцікамі і гладкай абалонкай без вырастаў. Плаваюць свабодна або прымацоўваюцца да водных беспазваночных жывёл. Хларапласты чашападобныя, пласціністыя, зорчатыя, з 1—2 пірэноідамі і вочкам. Бясполае размнажэнне дзяленнем на 2—8 зааспор, палавы працэс — гала-, іза-, гетэрагамія, радзей аагамія. Выкарыстоўваюць у ачышчальных збудаваннях, культывуюць у лабараторыях для даследаванняў па генетыцы фотасінтэзу, біялогіі развіцця, вызначэння таксічнасці забруджаных вод.

Т.​М.​Міхеева.

т. 17, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)