ХЛАРЭ́ЛА (Chlorella),

род зялёных водарасцей сям. хларэлавых. Больш за 50 відаў (дакладна ідэнтыфікавана каля 10). Пашыраны ў прэсных і салёных вадаёмах, у глебе, на камянях, дрэвах; у сімбіёзе з гідрабіёнтамі ўтвараюць т.зв. зоахларэлы; фікабіёнт лішайнікаў. На Беларусі 5 відаў Х.: букавая (Ch.faginea), звычайная (Ch.vulgaris), эліпсоідная (Ch. ellipsoidea) і інш.

Мікраскапічныя адзіночныя, шарападобныя, з гладкай абалонкай клеткі. Хларапласт прысценны, суцэльны, рассечаны або лопасцевы, з пірэноідам ці без яго. Пры размнажэнні ў клетках утвараецца 4—8 (16) аўтаспор. Выкарыстоўваюць для біял. ачысткі сцёкавых вод, рэгенерацыі паветра ў замкнутых прасторах (касм. караблі, падводныя лодкі), вывучэння працэсаў фотасінтэзу; культывуюць на корм рыбе і жывёле.

Т.​М.​Міхеева.

Асобная клетка і размнажэнне хларэлы звычайнай.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)