горад, цэнтр Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. За 103 км ад Гомеля, 3 км ад канцавой чыг. ст. Хойнікі, чыг. веткі Васілевічы—Хойнікі лініі Калінкавічы—Гомель. Аўтадарогамі злучаны з Рэчыцай, Калінкавічамі. Знаходзіцца ў зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 14,6 тыс.ж. (2002). Працуюць з-ды аўтарамонтны, жалезабетонных вырабаў, Хойніцкі кансервавы завод, масласырзавод, тарфяны, філіял Гомельскага з-да «Гідрапрывод», ф-камаст. вырабаў, дрэваапрацоўчы камбінат, Хойніцкі краязнаўчы музей, царква, малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Цэнтр маст. рамяства. Брацкія могілкі сав. воінаў, партызан і падпольшчыкаў, брацкая магіла славацкіх партызан. Помнікі: землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну і ў гонар воінаў кав. корпуса; землякам, якія загінулі ў Афганістане; жалобы наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Помнік архітэктуры — сядзіба (19—20 ст.).
Вядомы з 1512 як вёска т.зв. Брагінскага графства ў ВКЛ. Належалі Вішнявецкім, Шуйскім, Прозарам. З сярэдзіны 16 ст. мястэчка, у Рэчыцкім пав. З канца 17 ст. цэнтр воласці. У 17—18 ст. існаваў Хойніцкі замак. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У канцы 19 ст. ў Х. 2,7 тыс.ж., 2 спіртзаводы, жалезаапрацоўчы, лесапільны і колавы з-ды, 2 вадзяныя млыны, 2 школы, Пакроўская царква, касцёл, 3 сінагогі, 26 крам, 2 заезныя двары, паштовая станцыя. З 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР. З 8.12.1926 цэнтр раёна Рэчыцкай, у 1927—30 — Гомельскай акруг БССР. З 27.9.1938 гар. пасёлак Палескай вобл. У 1939—3,4 тыс.ж., лесапільны з-д. 25.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія амаль цалкам спалілі і разбурылі Х., загубілі 184 жыхары. З ліст. 1941 да ліст. 1943 у Х. і раёне дзейнічала Хойніцкае патрыятычнае падполле. 15.11.1942 бел. і ўкр. партызаны разграмілі ў Х. фаш. гарнізон. Вызвалены 23.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў ходзе бітвы за Дняпро 1943. З 1954 у Гомельскай вобл. З 10.11.1967 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́МКАВІЧЫ,
вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., каля Цімкавіцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог на Капыль, Нясвіж, Семежава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПдЗ ад г. Капыль, 136 км ад Мінска. 3 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 2009 ж., 910 двароў (2003). Унітарныя прадпрыемствы райаграпрамзабеспячэння, райпалівазбыт, аўтапарк № 21; з-д жалезабетонных вырабаў, лесагадавальнік, база мінер. угнаенняў. Сярэдняя школа імя К.Чорнага, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы пагранічнікаў, сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік у гонар 17-га Чырванасцяжнага Цімкавіцкага пагранатрада. Помнікі архітэктуры: капліца і брама-званіца (2-я пал. 19 ст.). Літ. музей імя К.Чорнага.
Вядомы з 1499 у складзе Капыльскага княства ВКЛ. Уладанне Алелькавічаў, з 1585 Хадкевічаў, у 17 ст. Сапегаў, Палубінскіх, з канца 17 ст. — у 18 ст. Радзівілаў. З 16 ст. мястэчка. Паводле інвентара 1622, існавалі мястэчка і маёнтак Ц. У 17 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 1647 пабудаваны Цімкавіцкі касцёл святога Міхаіла. У 1670—51 дым, 4 вуліцы, млын, Ільінская царква, касцёл, некалькі корчмаў. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1863 адкрыта земскае нар. вучылішча. У 1886 у мястэчку 728 ж., 138 двароў, вучылішча. 2 царквы, касцёл, 2 яўр. малітоўныя школы, 6 заезных дамоў, 35 крам, нядзельны кірмаш; у сядзібе Ц. — бровар і піваварня. У пач. 20 ст. 1681 ж.; 323 двары, пошта; у маёнтку 63 ж. У 1909—14 у школе Ц. вучыўся, у 1920—22 працаваў К.Чорны. У 1917—2253 ж., 355 двароў, вышэйшае пач. вучылішча; у маёнтку 202 ж. З 20.8.1924 да 24.9.1926 і з 27.9.1938 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на. З 1938 вёска. У Вял.Айч. вайну дзейнічала падп. група, партызаны правялі Цімкавіцкую аперацыю 1942, у 1942 гітлераўцы загубілі ў Ц. 1018 ж., у 1944 часткова спалілі вёску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯ́ГЛЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
катэгорыя феадальна-залежных сялян у ВКЛ і Расіі. 1) У ВКЛ у 15—18 ст. феадальна-залежныя сяляне, гал. формай зямельнай рэнты якіх была паншчына. На Полаччыне іх наз. таксама прыгоннымі людзьмі; у актах Метрыкі ВКЛ іх вызначалі як «с сохою, с серпом, с косою, с топором и иную тягль тянули по тому, как иншие селяне». Узніклі з развіццём фальварка, калі значная колькасць сялян розных катэгорый паводле характару гал. павіннасцей (даннікаў, сялян-слуг, баяр) пераведзена ў катэгорыю Ц.с. Да сярэдзіны 16 ст. ў бас. Нёмана і Буга Ц.с. сталі асн. катэгорыяй сялянства паводле характару гал. павіннасці. У ходзе валочнай памеры Ц.с. атрымалі надзел у адну валоку (21, 36 га; часта па 2 двары), якая служыла і адзінкай абкладання рознымі павіннасцямі. За карыстанне валокай зямлі Ц.с. адбывалі 2 дні паншчыны ў тыдзень, плацілі натуральныя і грашовыя падаткі, а таксама выконвалі інш. работы. На працягу 16—18 ст. іх зямельныя надзелы скарачаліся, павіннасці павялічваліся.
2) У Расіі ў 14—1-й пал. 19 ст. феадальна-залежныя сяляне, якія адбывалі цягло на карысць дзяржавы і феадалаў. Разам з пасадскімі людзьмі складалі цяглае насельніцтва. У 2-й пал. 17 ст. ў разрад Ц.с. уключаны і бабылі. Да 1679 існавала пазямельнае пасошнае, потым падворнае цягло. Пасля ўвядзення падушнага падатку (1724) Ц.с. наз. падатнымі людзьмі. У 18—1-й пал. 19 ст. цяглымі наз. памешчыцкіх сялян, якія мелі поўны зямельны надзел і адбывалі павіннасці памешчыку і дзяржаве ў памеры цэлага цягла. Сяляне, якія мелі палавіну зямельнага надзелу, наз. паўцяглымі і выконвалі павіннасці ў памеры палавіны цягла. Ц.с. зніклі разам з адменай прыгоннага права ў 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РАВІЧЫ,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Прыпяць (1,5 км). Цэнтр сельсавета. За 31 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Калінкавічы, 153 км ад Гомеля; на аўтадарозе Хойнікі—Калінкавічы. 751 ж., 341 двор (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа і школа-сад, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, бальніца, аптэка, амбулаторыя, дом-інтэрнат для састарэлых, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Археал. помнік Юравічы. Помнік архітэктуры — Юравіцкі касцёл і рэзідэнцыя езуітаў. Мемарыяльны парк на ўшанаванне памяці жыхароў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Вядома з 1510 як спадчына зямян Сенкі і Федкі Багданавічаў Сярбінавых. У сярэдзіне 16 ст. сяло Ю. прыпісана для ўтрымання Мазырскага дзярж. замка, належала Касцюшковічу, потым С.Аскерку. У антыфеад. вайну 1648—51 разбураны. У 1680 тут заснавана езуіцкая місія. З 1683 мястэчка, якое ў 1683, 1727, 1778 атрымала каралеўскія прывілеі, у т. л. на вольны гандаль і кірмашы. У 1717—55 пабудаваны мураваны касцёл Раства Багародзіцы, куды 5.9.1758 перанесены цудатворны абраз Юравіцкай Маці Божай. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага, з 1802 Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1840 у Ю. паштовая станцыя, прыстань, Свята-Троіцкая царква, касцёл, сінагога. У 1845—528 ж. З 1865 у Ю. валасная і мяшчанская ўправы, мужч. нар. вучылішча, у 1875 — жан. вучылішча, у 1890 — бальніца. У 1901 каля 1000 ж. З 11.7.1919 Ю. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР. з 6.12.1926 — у БССР, з 8.12.1926 да 8.7.1931 цэнтр Юравіцкага раёна, з 8.7.1931 у Мазырскім, з 3.7.1939 у Калінкавіцкім р-нах. У Вял.Айч. вайну ў 1941 ням. фашысты загубілі ў Ю. 314 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРА́ЦІШКІ,
гарадскі пасёлак у Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл. За 16 км на ПнУ ад г. Іўе, 174 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Юрацішкі на лініі Ліда—Маладзечна; аўтадарогамі злучаны з Іўем, Валожынам, Ашмянамі. 1,7 тыс.ж. (2003). Агароднінасушыльны з-д, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і актывістаў; помнік Вызвалення. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (1532).
У пач. 16 ст. прыватнае мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв.ВКЛ. Каля 1520 новагародскі, потым троцкі ваявода М.Гаштольд пабудаваў тут царкву. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ю. спалены. У канцы 17 ст. мястэчка і маёнтак належалі Гераніму Няміру, каля 1703—04 перайшло ва ўладанне Копацяў. У Паўн. вайну 1700—21 Ю. захоплены шведамі (у 1708). З 1795 у складзе Рас. імперыі, належалі Касцялоўскім, потым Радкевічам. У сярэдзіне 19 ст. Ю. — цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. Жыхары Ю. актыўна падтрымалі Іўеўскае выступленне сялян 1861. З пабудовай чыгункі Маладзечна—Ліда за 4 км ад мястэчка ўзнікла чыг. ст. Ю. Ў 1862 заснавана нар. вучылішча. У 1897 у мястэчку 311 ж., 41 двор, нар. вучылішча. царква, капліца. крама, 2 піцейныя дамы. З 1905 сяло, 310 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 цэнтр Юрацішкаўскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 29.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ю. і раёне 1415 чалавек. 20.4.1944 партызаны брыгады «Няўлоўныя» разграмілі ў Ю. фаш. гарнізон. У канцы чэрв. 1944 партызаны брыгады «Уперад» захапілі чыг. ст. Ю., разбурылі пуцявую гаспадарку, спалілі варожы эшалон. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Гродзенскай абл. З 23.12.1957 гар. пасёлак. З 20.1.1960 у Іўеўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́ТА (Utah),
штат на З ЗША. Пл. 220 тыс.км². Нас. 2270 тыс.чал. (2001). Адм. ц. — г.Солт-Лейк-Сіці. Буйныя гарады: Вест-Уэлі-Сіці, Прова, Санды, Огдэн. Паверхня пераважна горная, пустынная. На З пласкагор’е Вял. Басейн, на У Скалістыя горы, на Пд плато Каларада. Клімат субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад -2 да -4 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 250—400 мм за год. Гал. рака Каларада. Азёры: Вял. Салёнае і Юта. Расліннасць паўпустынная і пустынная, у гарах месцамі ўчасткі хваёвых лясоў. Індустр.-агр. штат. Прам-сць: чорная і каляровая (вытв-сць медзі) металургія, машынабудаванне (вытв-сць ракет, авіяц. і аўтамаб. дэталей і вузлоў, ЭВМ, мед. інструментаў), металаапрацоўка, хім., нафтаперапр., паліграф., цэм., харчовая. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, медзі, золата, серабра, малібдэну, свінцу, цынку, жал. і уранавай руды. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні, птушкі). Рыбалоўства. Раслінаводства на арашальных землях (кармавыя травы, кукуруза, пшаніца, ячмень, бульба, агародніна). Садоўніцтва. Даход ад турызму 2,3 млрд.дол. (1999).
Тэр. Ю. здаўна насялялі індзейскія плямёны (юта, наваха і інш.). Еўрапейцы (ісп. манахі-францысканцы) з’явіліся ў 1776. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 гэта тэр. ўвайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША Хуткае развіццё Ю. пачалося пасля засялення мармонамі. якія ператварылі гэтую пустынную зямлю ў квітнеючую; у 1847 заснавалі г. Солт-Лейк-Сіці (гал. цэнтр мармонаў). У 1850 рашэннем кангрэса ЗША гэтаму рэгіёну нададзены статус тэрыторыі. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 насельніцтва Ю. падтрымлівала ўрад А.Лінкальна. У 1869 праз яе тэр. прайшла першая транскантынент. чыгунка. У 1896 Ю. атрымала статус штата ЗША пасля адмены мнагажонства (1890) мармонскай царквой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́СПЕРС (Jaspers) Карл (23.2.1883, г. Ольдэнбург, Германія —26.2.1969),
нямецкі філосаф і псіхіятр; адзін з заснавальнікаў экзістэнцыялізму. З 1908 асістэнт псіхіятрычнай бальніцы ў Гайдэльбергу, з 1921 праф. філасофіі ў Гайдэльбергскім ун-це. У 1937 адхілены ад выкладання, вярнуўся да яго ў 1945. З 1948 выкладаў у Базельскім ун-це. У псіхіятрыі кіраваўся біяграфічным метадам; разглядаў хваробу не як працэс распаду чалавечай асобы, а ў сувязі з гісторыяй жыцця, з пошукам чалавекам уласнай індывідуальнасці («Усеагульная псіхапаталогія», 1913). Некаторыя яго працы прысвечаны праблемам патаграфіі — псіхапаталагічнаму аналізу эвалюцыі знакамітых асоб (Ю.А.Стрындберг, В.В. ван Гог, Ф.В.Ніцшэ). У 1920—30-я г. Я. стварыў уласны варыянт экзістэнцыяльнай філасофіі, дзе філасофію вызначыў не як стварэнне пэўнай сістэмы, а як адкрыты духоўны працэс, што высвятляе становішча чалавека ў свеце. Асн. катэгорыі яго філасофіі — экзістэнцыя, трансцэндэнцыя, сітуацыя, гістарычнасць, камунікацыя. Сэнс экзістэнцыі ён бачыў у свабодзе. Быццё ў філасофіі Я. паўстае як прадметнае быццё, экзістэнцыя і трансцэндэнцыя (Бог). Мысленне, спалучанае з прадметным быццём, ёсць «арыентацыя ў свеце», філасофстваванне аб экзістэнцыі паўстае як яе «прасвятленне» («Розум і экзістэнцыя», 1935). Праблемы быцця, пазнання і чалавека Я. разглядаў з пункту гледжання гістарычнасці, пад якой ён разумеў незаменнасць, непаўторнасць, канчатковасць чалавечай асобы. Адрозненне філас. веры ад рэлігійнай бачыў у тым, што першая заснавана на штодзённым вопыце любога чалавека, а другая не можа быць агульназначнай, бо заснавана на адкрыцці. Я. стварыў сваю ўласную канцэпцыю гісторыі, заснаваную на ідэях гіст. цэласнасці і адзінстве чалавецтва. Ён акрэсліў 4 «зрэзы» гісторыі: дагістарычны перыяд (авалоданне людзьмі мовай, прыладамі працы і агнём); стараж. культуры; «вось сусветнага часу» (8—2 ст. да н.э.), ад якога толькі пачынаецца сусв.гісторыя; станаўленне навук.-тэхн. цывілізацыі («Еўропа 17—20 ст.; «філасофія». Т. 1—3, 1931—32).
Ахова здароўя на Беларусі — сістэма дзярж., сацыяльна-эканам., грамадскіх і мед. мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне і ўмацаванне здароўя людзей, прафілактыку і лячэнне захворванняў. Прынцыпы аховы здароўя насельніцтва вызначаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь: яе грамадзянам гарантуецца права на ахову здароўя, у т. л. бясплатнае лячэнне ў дзярж. установах аховы здароўя. Асн. прынцыпы дзярж. палітыкі ў дачыненні да аховы здароўя: даступнасць кваліфікаванай мед. дапамогі і фармацэўтычнага забеспячэння насельніцтва; прафілактычная накіраванасць; прыярытэтнае і льготнае мед. абслугоўванне і лекавае забеспячэнне дзяцей, маці, інвалідаў, сац. маламаёмных грамадзян; падкантрольнасць дзейнасці ўсіх мед. работнікаў і ўстаноў органам аховы здароўя і інш.Асн. палажэнні аховы здароўя народа замацаваны ў законах Рэспублікі Беларусь: «Аб ахове здароўя» (1993, 2002), «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (1993, 2000), «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў» (1994), «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў» (1995), «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека» (1997), «Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыі правоў грамадзян пры яе аказанні» (1999), «Аб Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа» (2000). Пытанні аховы здароўя насельніцтва рэгламентаваны таксама законамі «Аб сацыяльнай ахове грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (1991), «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (1991), «Аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» (1993), «Аб правах дзіцяці» (1993). Перспектывы развіцця аховы здароўя выкладзены ў пастановах урада: «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах у галіне аховы здароўя» (2002), «Канцэпцыя развіцця аховы здароўя на 2004—2007 гады» (2003). Права на ахову здароўя забяспечваецца аховай навакольнага асяроддзя, стварэннем спрыяльных умоў для працы, адпачынку, быту, заняткаў фізкультурай і спортам і інш. З мэтай прафілактыкі захворванняў, бесперапыннасці мед. нагляду і лячэння грамадзяне замацоўваюцца за ўстановамі аховы здароўя па месцы жыхарства, а пры наяўнасці ведамасных устаноў таксама па месцы працы, службы, вучобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРАЗНАЎСТВА
Першыя гідралагічныя даследаванні азёр Беларусі правёў А.М.Семянтоўскі (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.). Экспедыцыя па даследаванні вытокаў галоўных рэк Еўрап. Расіі пад кіраўніцтвам Дз.М.Анучына (1894—95) упершыню зрабіла батыметрычную здымку некаторых бел. азёр і выявіла іх сувязь з кампанентамі ландшафтаў. У 1909 М.А.Паўлоўскі даследаваў воз. Дрысвяты. У 1914—16 біялогію і гідрабіялогію азёр вывучала Віцебская рыбагаспадарчая экспедыцыя. Пасля 1917 даследаванні азёр мелі эпізадычны характар. У 1930-я г. азёры Зах. Беларусі вывучаліся пад кіраўніцтвам С.Лянцэвіча (Палессе) і Е.Кандрацкага (Паазер’е). Сістэматычнае іх вывучэнне пачалося з арганізацыяй н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928), на базе якой у 1958 створаны БелНДІ рыбнай гаспадаркі. У пасляваенныя гады комплексныя даследаванні азёр вяліся на біял. і геагр. ф-тах БДУ, з 1948 праводзяцца даследаванні на воз. Нарач (гідрабіялагічная станцыя БДУ; Р.Р.Вінберг, А.П.Астапеня). Пытаннямі азёрнага седаментагенезу займаліся К.І.Лукашоў і А.П.Підоплічка. Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш за 500 азёр і 20 вадасховішчаў. Вывучаны гісторыя іх развіцця ў галацэне, вызначана генет. прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі (В.П.Янушка), заканамернасці развіцця вадаёмаў запаволенага водаабмену, іх выкарыстанне і ахова (П.С.Лопух), зроблены прыроднагаспадарчыя класіфікацыі азёр (Б.П.Уласаў). Вядуцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Пытаннямі гідралогіі азёр займаецца Гідраметслужба, па яе матэрыялах у 1971 выдадзены даведнік па рэсурсах паверхневых вод СССР (т. 5 — па БССР). Сістэматычныя гідралагічныя назіранні на азёрах і вадасховішчах ажыццяўляюцца 14 гідралагічнымі пастамі (2004). У ін-тах геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі азёры вывучаюцца як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытворчых мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца і выкарыстоўваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon), Габонская Рэспубліка (République Gabonaise),
дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр. партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.