ЮРА́ЦІШКІ,
гарадскі пасёлак у Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл. За 16 км на ПнУ ад г. Іўе, 174 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Юрацішкі на лініі Ліда—Маладзечна; аўтадарогамі злучаны з Іўем, Валожынам, Ашмянамі. 1,7 тыс. ж. (2003). Агароднінасушыльны з-д, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, 2 б-кі, Дом культуры, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і актывістаў; помнік Вызвалення. Помнік архітэктуры — Свята-Мікалаеўская царква (1532).
У пач. 16 ст. прыватнае мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. Каля 1520 новагародскі, потым троцкі ваявода М.Гаштольд пабудаваў тут царкву. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ю. спалены. У канцы 17 ст. мястэчка і маёнтак належалі Гераніму Няміру, каля 1703—04 перайшло ва ўладанне Копацяў. У Паўн. вайну 1700—21 Ю. захоплены шведамі (у 1708). З 1795 у складзе Рас. імперыі, належалі Касцялоўскім, потым Радкевічам. У сярэдзіне 19 ст. Ю. — цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. Жыхары Ю. актыўна падтрымалі Іўеўскае выступленне сялян 1861. З пабудовай чыгункі Маладзечна—Ліда за 4 км ад мястэчка ўзнікла чыг. ст. Ю. Ў 1862 заснавана нар. вучылішча. У 1897 у мястэчку 311 ж., 41 двор, нар. вучылішча. царква, капліца. крама, 2 піцейныя дамы. З 1905 сяло, 310 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 15.1.1940 цэнтр Юрацішкаўскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 29.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ю. і раёне 1415 чалавек. 20.4.1944 партызаны брыгады «Няўлоўныя» разграмілі ў Ю. фаш. гарнізон. У канцы чэрв. 1944 партызаны брыгады «Уперад» захапілі чыг. ст. Ю., разбурылі пуцявую гаспадарку, спалілі варожы эшалон. З 20.9.1944 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Гродзенскай абл. З 23.12.1957 гар. пасёлак. З 20.1.1960 у Іўеўскім р-не.
У.У.Бянько (гісторыя).
т. 18, кн. 1, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)