Ю́РАВІЧЫ,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Прыпяць (1,5 км). Цэнтр сельсавета. За 31 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Калінкавічы, 153 км ад Гомеля; на аўтадарозе Хойнікі—Калінкавічы. 751 ж., 341 двор (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа і школа-сад, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, бальніца, аптэка, амбулаторыя, дом-інтэрнат для састарэлых, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Археал. помнік Юравічы. Помнік архітэктуры — Юравіцкі касцёл і рэзідэнцыя езуітаў. Мемарыяльны парк на ўшанаванне памяці жыхароў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з 1510 як спадчына зямян Сенкі і Федкі Багданавічаў Сярбінавых. У сярэдзіне 16 ст. сяло Ю. прыпісана для ўтрымання Мазырскага дзярж. замка, належала Касцюшковічу, потым С.​Аскерку. У антыфеад. вайну 1648—51 разбураны. У 1680 тут заснавана езуіцкая місія. З 1683 мястэчка, якое ў 1683, 1727, 1778 атрымала каралеўскія прывілеі, у т. л. на вольны гандаль і кірмашы. У 1717—55 пабудаваны мураваны касцёл Раства Багародзіцы, куды 5.9.1758 перанесены цудатворны абраз Юравіцкай Маці Божай. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага, з 1802 Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1840 у Ю. паштовая станцыя, прыстань, Свята-Троіцкая царква, касцёл, сінагога. У 1845—528 ж. З 1865 у Ю. валасная і мяшчанская ўправы, мужч. нар. вучылішча, у 1875 — жан. вучылішча, у 1890 — бальніца. У 1901 каля 1000 ж. З 11.7.1919 Ю. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР. з 6.12.1926 — у БССР, з 8.12.1926 да 8.7.1931 цэнтр Юравіцкага раёна, з 8.7.1931 у Мазырскім, з 3.7.1939 у Калінкавіцкім р-нах. У Вял. Айч. вайну ў 1941 ням. фашысты загубілі ў Ю. 314 жыхароў.

Літ.:

Ісаенка У.Ф. Юравічы над Прыпяццю. Мн., 2000;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка. Калінкавіцкага р-на. Мн., 1993.

У.​Ф.​Ісаенка (гісторыя).

т. 18, кн. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)