ЦІ́МКАВІЧЫ,
вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., каля Цімкавіцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог на Капыль, Нясвіж, Семежава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПдЗ ад г. Капыль, 136 км ад Мінска. 3 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 2009 ж., 910 двароў (2003). Унітарныя прадпрыемствы райаграпрамзабеспячэння, райпалівазбыт, аўтапарк № 21; з-д жалезабетонных вырабаў, лесагадавальнік, база мінер. угнаенняў. Сярэдняя школа імя К.Чорнага, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы пагранічнікаў, сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік у гонар 17-га Чырванасцяжнага Цімкавіцкага пагранатрада. Помнікі архітэктуры: капліца і брама-званіца (2-я пал. 19 ст.). Літ. музей імя К.Чорнага.
Вядомы з 1499 у складзе Капыльскага княства ВКЛ. Уладанне Алелькавічаў, з 1585 Хадкевічаў, у 17 ст. Сапегаў, Палубінскіх, з канца 17 ст. — у 18 ст. Радзівілаў. З 16 ст. мястэчка. Паводле інвентара 1622, існавалі мястэчка і маёнтак Ц. У 17 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 1647 пабудаваны Цімкавіцкі касцёл святога Міхаіла. У 1670—51 дым, 4 вуліцы, млын, Ільінская царква, касцёл, некалькі корчмаў. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1863 адкрыта земскае нар. вучылішча. У 1886 у мястэчку 728 ж., 138 двароў, вучылішча. 2 царквы, касцёл, 2 яўр. малітоўныя школы, 6 заезных дамоў, 35 крам, нядзельны кірмаш; у сядзібе Ц. — бровар і піваварня. У пач. 20 ст. 1681 ж.; 323 двары, пошта; у маёнтку 63 ж. У 1909—14 у школе Ц. вучыўся, у 1920—22 працаваў К.Чорны. У 1917—2253 ж., 355 двароў, вышэйшае пач. вучылішча; у маёнтку 202 ж. З 20.8.1924 да 24.9.1926 і з 27.9.1938 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на. З 1938 вёска. У Вял. Айч. вайну дзейнічала падп. група, партызаны правялі Цімкавіцкую аперацыю 1942, у 1942 гітлераўцы загубілі ў Ц. 1018 ж., у 1944 часткова спалілі вёску.
Г.М.Новікава, В.М.Удальцоў (гісторыя).
т. 17, с. 115