ХО́ЙНІКІ,

горад, цэнтр Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. За 103 км ад Гомеля, 3 км ад канцавой чыг. ст. Хойнікі, чыг. веткі Васілевічы—Хойнікі лініі Калінкавічы—Гомель. Аўтадарогамі злучаны з Рэчыцай, Калінкавічамі. Знаходзіцца ў зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 14,6 тыс. ж. (2002). Працуюць з-ды аўтарамонтны, жалезабетонных вырабаў, Хойніцкі кансервавы завод, масласырзавод, тарфяны, філіял Гомельскага з-да «Гідрапрывод», ф-ка маст. вырабаў, дрэваапрацоўчы камбінат, Хойніцкі краязнаўчы музей, царква, малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Цэнтр маст. рамяства. Брацкія могілкі сав. воінаў, партызан і падпольшчыкаў, брацкая магіла славацкіх партызан. Помнікі: землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну і ў гонар воінаў кав. корпуса; землякам, якія загінулі ў Афганістане; жалобы наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Помнік архітэктуры — сядзіба (19—20 ст.).

Вядомы з 1512 як вёска т.зв. Брагінскага графства ў ВКЛ. Належалі Вішнявецкім, Шуйскім, Прозарам. З сярэдзіны 16 ст. мястэчка, у Рэчыцкім пав. З канца 17 ст. цэнтр воласці. У 17—18 ст. існаваў Хойніцкі замак. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У канцы 19 ст. ў Х. 2,7 тыс. ж., 2 спіртзаводы, жалезаапрацоўчы, лесапільны і колавы з-ды, 2 вадзяныя млыны, 2 школы, Пакроўская царква, касцёл, 3 сінагогі, 26 крам, 2 заезныя двары, паштовая станцыя. З 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР. З 8.12.1926 цэнтр раёна Рэчыцкай, у 1927—30 — Гомельскай акруг БССР. З 27.9.1938 гар. пасёлак Палескай вобл. У 1939—3,4 тыс. ж., лесапільны з-д. 25.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія амаль цалкам спалілі і разбурылі Х., загубілі 184 жыхары. З ліст. 1941 да ліст. 1943 у Х. і раёне дзейнічала Хойніцкае патрыятычнае падполле. 15.11.1942 бел. і ўкр. партызаны разграмілі ў Х. фаш. гарнізон. Вызвалены 23.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў ходзе бітвы за Дняпро 1943. З 1954 у Гомельскай вобл. З 10.11.1967 горад.

М.​С.​Скрыпчанка (гісторыя).

Горад Хойнікі.

т. 17, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)