ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),

навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш. Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш. Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл. «Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.

Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.​Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл. Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.​М.​Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.​П.​Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.​Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.​Гольбах, К.​Гельвецый, Д.​Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот). У 20 ст. сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.

На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел. пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.​А.​Бенядзіктаў, А.​П.​Ерась, В.​М.​Кавалгін, Ф.​І.​Івашчанка, Я.​Л.​Каламінскі).

Літ.:

Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;

Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1996;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997;

Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;

Рубинштейн СЛ. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Выготский Л.С. Психология. М., 2000.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́ЛЬ,

старажытна-руская плацежная і грашовая адзінка; асн. грашовая адзінка і манета ВКЛ, Рас. імперыі, РСФСР, СССР; Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Украіны (да 16.9.1996), Рэспублікі Таджыкістан («рубл»). Этымалагічна, верагодна, паходзіць ад прыметніка «рублены», «абрублены». Як грашовая адзінка Р. упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах Ноўгарада з канца 13 ст., меў выгляд злітка. (да 1447) і адпавядаў 105 нагатам. У 1-й чвэрці 14 ст. тэрмін «Р.» быў сінонімам слова «грыўня». Да 1510 адначасова функцыянавалі наўгародскі і маскоўскі Р. Паводле манетнай рэформы 1534 Р. канчаткова набыў выгляд дзесятковай манетнай сістэмы (Р. = 10 грывенкам = 100 капейкам = 200 дзенгам). Упершыню Р.-манета быў адчаканены ў 1654 па масе талера і наміналам у 100 капеек. Паводле грашовай рэформы Пятра I ў 1699—1701 пачалася чаканка яго фракцый: 1/2 (палціна) і 1/4 (паўпалціна), з 1704 — масавая эмісія. З 1769 выпускаліся папяровыя асігнацыі ў 25, 50, 75 і 100 Р.; крэдытны білет ў 1 Р. з’явіўся ў 1843. У 1917 у абарачэнні знаходзіліся сярэбраны Р., у золаце 5 і 10 Р., у паперах — 1, 3, 5, 10, 25, 50, 100, 250, 500 і 1000 Р. У час грамадз. вайны выкарыстоўваліся папяровыя і металічныя грошы наміналам у Р. і яго кратныя адзінкі Рас. імперыі, Часовага і Сав. урадаў, розных рэгіянальных урадаў і к-таў, населеных пунктаў і прадпрыемстваў. У сак. 1919 выпушчаны разліковыя знакі РСФСР вартасцю 1, 2 і 3 Р. Пасля ўтварэння СССР саюзныя рэспублікі спынілі свае грашовыя эмісіі і паводле дэкрэта ад 22.9.1923 уводзілася адзіная валюта — купюры ад 1 да 100 Р. У 1924 у абарачэнне паступілі сярэбраныя Р., залаты чырвонец 1923 (для знешняга гандлю). У 1947 і 1961 у СССР праведзены грашовыя рэформы з адначасовай дэнамінацыяй (абмен 1:10). З 1.1.1961 сав. Р. фактычна атрымаў статус канверсаванай валюты. З 1961 да 1992 у абарачэнні знаходзіліся 1, 3, 5, 10, 50 і 100 Р. Цяпер у Расійскай Федэрацыі (пасля дэнамінацыі 1997) у абарачэнні манеты вартасцю 1, 2 і 5 Р., банкноты ў 1, 5, 10, 25, 50, 100, 500 і 1000 Р.

На тэр. Беларусі Р. як грашова-лікавая адзінка з’явіўся на мяжы 13—14 ст. першапачаткова ў Віцебскім княстве і ў 1300/1305—27 адпавядаў 50 пражскім грошам. Пры вял. кн. Альгердзе Р. пашырыўся ў ВКЛ. Тэрмін «літоўскі Р.» у бел.-літ. летапісах упершыню названы ў 1399. У 1407 Р. адпавядаў 100 пражскім грошам, а ў 1500—100 літ. грошам. Да сярэдзіны 15 ст. Р. выкарыстоўваўся ў выглядзе сярэбранага злітка (маса 179,8—180 г), а з 2-й пал. 15 ст. функцыянаваў як лікавая адзінка. У ВКЛ Р. ужываўся да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) і з’явіўся асновай для пераходу мясц. грашовага абарачэння на выкарыстанне рас. Р. У Рэспубліцы Беларусь у 1992 у абарачэнне быў уведзены «беларускі Р.» вартасцю 1, 3, 5, 10, 25, 50 Р. (да 1.11.1995), 250 і 500 (з 8.12.1992), 1000 (з 8.12.1993) і 5000 Р. (з 7.4.1994); (з 16.4.1998 дзве апошнія — новага ўзору), 20 000 Р. (з 1.1.1995), 50 000 і 100 000 Р. (з 17.10.1996), 500 000, 1 000 000 і 5 000 000 Р. (з 30.4.1999). 20.8.1994 праведзена 1-я дэнамінацыя, калі былі скасаваны суадносіны падліковага і папяровага Р. (10:1) і яны сталі ўраўнаважаны. З 1.1.2000 (пасля 2-й дэнамінацыі) у абарачэнні знаходзяцца 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 Р.; з 16.4.2001—10 000 Р. Усе наміналы (акрамя першых трох) абаронены ад падробкі. З 1995 у якасці законнага плацяжу выпускаюцца памятныя металічныя Р. наміналам 1 (медна-нікелевы сплаў), 20 (серабро) і 1000 (золата) Р. Вядома 7 серый манет, якія рэалізуюцца па камерцыйным кошце як калекцыйны матэрыял ці сувеніры.

Літ.:

Бектинеев Ш.И. Обращение рубля на территории Беларуси до Люблинской унии 1569 г. // Беларусістыка: Беларусь, гіст. лёс народа і культуры. Мн., 1995;

Малышев А.И., Таранков В.И., Смиренный И.Н. Бумажные денежные знаки России и СССР. М. 1991;

Мельникова А.С. Русские монеты от Ивана Грозного до Петра Первого. М., 1989;

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

Ш.​І.​Бекцінееў.

1 рубель (паводле эмісіі Нац. банка Беларусі, 1992).
1 рубель (пасля дэнамінацыі 2000).

т. 13, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСО́ ((Rousseau) Жан Жак) (28.6.1712, г. Жэнева, Швейцарыя — 2.7.1778),

французскі філосаф, паліт. мысліцель, тэарэтык мастацтва, пісьменнік, педагог, кампазітар. З сям’і рамесніка-гадзіншчыка, сістэматычнай адукацыі не атрымаў. Вандраваў па розных краінах Еўропы. З 1741 у Парыжы. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Л.Д’Аламбера. З 1762 у эміграцыі. У 1770 вярнуўся ў Парыж, памёр у галечы і адзіноце. У 1791 перапахаваны ў Пантэоне. У пытаннях светапогляду стаяў на пазіцыях дэізму і дуалізму: прызнаваў нястворанасць і аб’ектыўнасць існавання матэрыі і ў той жа час сцвярджаў, што існуе Бог як сусв. воля, розум і крыніца дабра. Чалавек, паводле Р., складаецца са смяротнага цела і нематэрыяльнай бессмяротнай душы. У тэорыі пазнання абсалютызаваў сенсуалізм, пачуцці разглядаў як першасную форму духоўнай дзейнасці. У працы «Разважанні пра паходжанне і асновы няроўнасці паміж людзьмі» (1755) адзначаў, што няроўнасць паміж беднымі і багатымі ў спалучэнні з няроўнасцю пануючых і падуладных, разбурэнне натуральнай цэласнасці і гарманічнасці чалавечага жыцця складаюць аснову цывілізацыі няроўнасці. Гал. перадумовай дасягнення рэальнай свабоды лічыў роўнасць не толькі паліт., але і маёмасную; яе павінна ахоўваць дзяржава, не дапускаючы палярызацыі багацця і галечы. У аснове яго сац.-паліт. поглядаў канцэпцыя грамадскага дагавору, якая базіруецца на прызнанні свабоды чалавека і нар. суверэнітэту («Аб грамадзянскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права», 1762). Ідэалам дзярж. ўладкавання лічыў дэмакр. рэспубліку, заснаваную на ўсеагульнай роўнасці. У кнізе «Эміль, або Аб выхаванні» (1762), якая спалучае філас.-пед. трактат і раман, Р. распрацаваў гуманіст. канцэпцыю педагогікі, паводле якой гал. задачай выхавання з’яўляецца фарміраванне чалавека і грамадзяніна шляхам развіцця прыродных задаткаў і здольнасцей без выкарыстання насілля над яго асобай. Асноўным у эстэт. канцэпцыі Р. з’яўляецца праблема суадносін мастацтва і маралі. Ідэалам мастацтва лічыў нар. відовішчы, якія праслаўляюць патрыят. ўчынкі, вучаць велікадушнасці і справядлівасці. Гал. яго літ. твор — раман «Юлія, або Новая Элаіза» (1761), дзе паказаны бунт дзяўчыны-дваранкі супраць асноў кансерватыўна-саслоўнай маралі, сцвярджаецца свабода натуральнага пачуцця кахання, не скаванага ўмоўнасцямі цывілізацыі. Гэты раман стаў пачаткам літ. кірунку сентыменталізму; некаторыя даследчыкі адносяць яго творчасць да першавытокаў рамантызму. Высокая каштоўнасць жыцця, чалавечай годнасці і гонару, значэнне грамадскай дзейнасці з усімі яе недахопамі і калізіямі — у цэнтры аўтабіягр. кнігі «Споведзь» (1766—69). Аўтар паэм «Сад у Шармет» (1736), «Пасланне да Парызо» (1742), «Алея Сільвіі» (1746), драм. твораў «Нарцыс» (1733), «Ваеннапалонныя» (1743), «Пігмаліён» (1770), лібрэта і музыкі да опер і інш.

На Беларусі творы Р. вядомы з апошняй трэці 18 ст. Найперш гэта яго праца «Меркаванні аб спосабе праўлення ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 г.», у якой адлюстравана цяжкае становішча сялян у Польшчы, Літве і Беларусі, асуджалася прыгонніцтва, а ў якасці бліжэйшай практычнай меры прапаноўвалася сац. вызваленне сялян усіх правінцый Рэчы Паспалітай. Бел. асветнікі Ф.​Карпінскі, І.Сакольскі падтрымлівалі ідэю Р. аб непрымальнасці дэспатызму і выступалі за ахову чалавецтва ад любой яго формы, аднак яны цалкам выключалі магчымасць рэкамендаванага Р. звароту цывілізаваных народаў да першабытнага «натуральнага стану». А.Тызенгаўз развіваў ідэі Р. пра неабходнасць устанаўлення цвёрдай законнасці ў дзяржаве і забеспячэння неабходных патрэб усяго насельніцтва; ён прапаноўваў Р. пасяліцца ў Гродне або Белавежскай пушчы. Т.​Млоцкі, І.М.Яленскі, як і Р., прызнавалі ўнутр. права людзей вызваліцца ад ярма, калі ўзнікнуць адпаведныя абставіны, лічылі крытэрыем справядлівасці грамадскіх адносін прынцып шчасця большасці людзей. І.​Страйноўскі абвяшчаў прынцып роўнасці людзей і лічыў, што ніхто не мае права пазбавіць чалавека яго натуральнай свабоды; ён павінен абараняць ад насілля свае ўласнасць і свабоду. Ідэямі народаўладдзя, неабходнасці «натуральнага парадку», справядлівасці і цярпімасці, асуджэння дэспатызму, хлусні і насілля прасякнуты творы П.​К.​Бжастоўскага, М.Вольскага, І.Лялевеля, І.І.Ю.Л.Храптовіча, Ю.​Ясінскага і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—3. М., 1961;

Педагогические сочинения. Т. 1—2. М., 1981;

Об общественном договоре: Трактаты. М., 1998.

Літ.:

Асмус В.Ф. Жан-Жак Руссо. М., 1962;

Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Верцман И.Е. Жан-Жак Руссо. 2 изд. М., 1976;

Занадворова Т.Л. Жан-Жак Руссо: Худож. метод. Традиции. Екатеринбург, 1993.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСТАЎРА́ЦЫЯ (ад позналац. restauratio аднаўленне),

1) у шырокім сэнсе — аднаўленне чаго-н. у першапачатковым (ці блізкім да першапачатковага) выглядзе.

2) Р. ў архітэктуры і мастацтве — умацаванне і аднаўленне разбураных, пашкоджаных або скажоных помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, археал. знаходак і інш.); састаўная ч. аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Праводзіцца з мэтай выяўлення і аднаўлення іх гіст. і маст. каштоўнасці, падаўжэння іх веку і ўключэння ў сучаснае жыццё на аснове дэталёвага дакумент. даследавання помніка (апісанні, фотафіксацыя, абмерныя чарцяжы, археал., гіст., інж.-тэхн.) і навукова абгрунтаванага праектнага рашэння з фіксацыяй усіх змен.

У працэсе Р. могуць уводзіцца новыя элементы, неабходныя па эстэт. і канстр. меркаваннях, ужываюцца новыя матэрыялы, тэхніка і тэхналогіі, якія не парушаюць цэласнасці помніка і яго гіст. рыс. Метады і спосабы Р. вызначаюцца характарам далейшага існавання помніка: кансервацыя, аднаўленне (адбудова), прыстасаванне, рэканструкцыя, уласна Р., перанясенне (з поўнай разборкай помніка або без яе), рэгенерацыя (комплекс горадабуд. і рэстаўрацыйных ’работ па захаванні гіст. забудовы і ансамбляў). Мэта Р. твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — умацаванне і раскрыццё ад скажаючых напластаванняў. Р. папярэднічае вывучэнне прычын і відаў разбурэнняў аб’ектаў (спектральны, храматаграфічны, мікракрышт. і інш. аналізы, рэнтгенаграфаванне, макра- і мікрафатаграфаванне і г.д.). У працэсе Р. праводзіцца структурнае ўмацаванне твораў з выкарыстаннем роднасных ці спец. сінт. матэрыялаў, выпраўляюцца іх дэфармаваныя часткі, аднаўляюцца ці выдаляюцца хім. зменлівыя элементы, часткова ці поўнасцю выдаляюцца пазнейшыя дапаўненні. Розніца мясц. умоў, традыцый, мэт і ўзроўню Р. вызначае разнастайнасць яе тэарэт. канцэпцый у розных рэгіёнах. Першыя прыклады Р. помнікаў архітэктуры мелі выпадковы характар. У 19 ст. склаўся навук. падыход да Р. (арка Ціта ў Рыме, 1 ст. н.э., рэстаўрыравана ў 1821; Дзмітрыеўскі сабор 12 ст. ў г. Уладзімір, Расія, рэстаўрыраваны ў 1834-43).

На Беларусі першыя навук. Р. гіст. помнікаў арганізаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. членамі камісіі Рус. археал. т-ва У.​В.​Суславым (Камянецкая вежа 13 ст.) і П.​П.​Пакрышкіным (Сафійскі сабор 11 ст. ў г. Полацк). У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі праведзена Р. помнікаў архітэктуры: Стары замак 14—16 ст. ў Гродне, палац 18 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на, кальвінскі збор 16 ст. ў г. Смаргонь, касцёл 16 ст. ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на. Значныя рэстаўрацыйныя работы праведзены пасля разбурэнняў у Вял. Айч. вайну. Спецыфічнасць помнікаў архітэктуры і мастацтва Беларусі (шматразовыя разбурэнні, перабудовы і наслаенні розных эпох і стыляў, асаблівасці ўздзеяння на помнікі кліматычных умоў, недаўгавечнасць іх асн. матэрыялаў) ускладняе іх Р. З 1968 Р. помнікаў вялі Спец. навук.-рэстаўрацыйныя вытв. майстэрні, з 1985 — вытв. аб’яднанне «Белрэстаўрацыя». У 1991 утворана Гал. ўпраўленне па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і культуры пры СМ Беларусі, у 1996 яно рэарганізавана ў Камітэт па кансервацыі і рэстаўрацыі помнікаў пры Мін-ве культуры Беларусі. Сярод найб. значных навук. Р. помнікаў: архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква 16 — пач. 17 ст. ў г. Заслаўе, касцёл 19 ст. ў в. Раўбічы Мінскага р-на; Слуцкая брама 17—18 ст. ў г. Нясвіж, манастыр базыльянак 18 ст. і рэшткі Прачысценскай царквы 12 ст. ў Гродне, Сафійскі сабор у г. Полацк (рэшткі храма 11 ст., дэкор 18 ст. і інш), будынкі філіялаў Літ. музея Я.​Купалы ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на і Літ. музея Я.​Коласа ў в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на; гісторыі — дом-музей Э.​Ажэшкі 19 ст. ў Гродне; манум. жывапісу — размалёўка абл. б-кі імя Я.​Ф.​Карскага і сграфіта на фасадах касцёла брыгітак 17 ст. ў Гродне, размалёўка Успенскага касцёла ў г. Мсціслаў. Рэстаўрыруюцца старадаўні жывапіс і скульптура, керамічныя і ювелірныя вырабы, мэбля, муз. інструменты, старадрукі і інш. (захоўваюцца ў Нац. маст. музеі Беларусі, Нац. музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.).

3) Р. ў палітыцы — аднаўленне ранейшага, звергнутага паліт. ладу.

Літ.:

Выгонная А.А., Калнин В.В., Цейтлина М.М. Основы реставрации памятников архитектуры, монументальной и станковой живописи. Мн., 2000.

В.​В.​Калнін.

т. 14, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НЫ ПРАСПЕ́КТ у Мінску,

гал. дыяметр і асноўная магістраль горада; перасякае яго з ПдЗ на ПнУ. З 1951 наз. Сталінскі, з 1961 Ленінскі праспект, з 1990 сучасная назва. Даўж. больш за 11 км, шыр. 48—70 м. Як гал. кампазіцыйны дыяметр арганізацыйна ўплывае на планіроўку і забудову ўсяго горада. Яго перасякаюць Мінскі водна-зялёны дыяметр р. Свіслач і важныя трансп. магістралі, якія звязваюць праспект з усімі раёнамі горада. Уздоўж праспекта размяшчаюцца асн. гар. плошчы — Перамогі плошча, Кастрычніцкая, Я.​Коласа. Чаргаванне адм. будынкаў, культ.-асв., навучальных, гандл., вытв. і інш. устаноў з жылымі дамамі і комплексамі зрабіла магчымым пазбегнуць аднастайнасці і стварыць яго своеасаблівае арх.-маст. аблічча. Як гал. гар. магістраль пачаў фарміравацца ў 19 ст. Забудоўваўся праспект у 3 чаргі: 1-ы ўчастак (цэнтральны) ад Незалежнасці плошчы да пл. Перамогі (2,9 км, з 1945 пад кіраўніцтвам М.​Баршча і М.​Паруснікава) створаны на месцы вул. Савецкай ( з 1830 вул. Захар’еўская, у 1918—19 — Адама Міцкевіча), Пушкінскай (назва ў 1920—44 участка ад вул. Даўгабродскай да будынка абсерваторыі); 2-і — ад пл. Перамогі да пл. Калініна (2,7 км) і 3-і — ад пл. Калініна да ўезда ў горад з боку Маскоўскай шашы (больш за 6 км, 1950—70-я г.). Пасля Вял. Айч. вайны гал. магістраль створана на шырокай і выпрастанай трасе. На цэнтр. участку створаны ансамблі высокай арх.-маст. вартасці, характар арх. афармлення якіх засн. на творчым асваенні класічнай спадчыны: адм. будынкі паміж вул. Гарадскі Вал і Камсамольскай (КДБ; 1945—47, арх. Г.​Гай, Паруснікаў), Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога універмага, Мінскага галоўнага паштамта, Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, Мінскага цырка, будынак б. Мінскага царкоўна-археалагічнага музея, гасцініца «Мінск» (1-я чарга ў 1957, арх. Г.​Баданаў, 2-я — у 1967, арх. Г.​Сысоеў, С.​Мусінскі, Дз.​Кудраўцаў, з 2001 на рэканструкцыі). Ад вул. Я.​Купалы праспект спускаецца да азялененай поймы Свіслачы, узвышаецца над масівамі паркаў імя Янкі Купалы і Цэнтр. дзіцячага парку імя М.​Горкага. З гранітнай набярэжнай (1958, арх. К.​Іваноў) адкрываецца панарама ў бок пл. Парыжскай камуны з манум. будынкам т-ра оперы і балета. За мостам (1951, арх. Паруснікаў, Баданаў) знаходзяцца 5-павярховыя жылыя дамы (1939, дабудаваны ў 1947, арх. Р.​Столер, у 1950—56, арх. Баршч, Л. і Г.​Аранаўскасы). Завяршае цэнтр. ўчастак праспекта пл. Перамогі з Манументам Перамогі. На 2-м участку праспекта побач з даваен. дамамі (1937—41, арх. А.​Брэгман, Г.​Якушка) узведзены новыя жылыя будынкі (1952—58, арх. Баршч, Л.​Арнаўскас, А.​Духан, С.​Баткоўскі, Н.​Макляцова, Н.​Шпігельман). Вял. роля на гэтым участку і ў структуры горада належыць пл. Якуба Коласа з помнікам Я.​Коласу ў цэнтры (1972, скульпт. З.​Азгур, арх. Ю.​Градаў, Г.​Заборскі, Л.​Левін). Другі важны вузел участка ўтвараюць рэканструяваныя і расшыраныя комплексы 1-й клінічнай бальніцы, Нацыянальнай акадэміі навук будынкі, будынак Беларускай політэхнічнай акадэміі, кінатэатр «Кастрычнік», жылыя дамы з магазінам «1000 дробязей» (1962, арх. Сысоеў, Кудраўцаў), дом гандлю «Першамайскі» (б. «Сінтэтыка»; 1964—65, арх. Мусінскі, Сысоеў); завяршае ўчастак пл. Калініна з помнікам М.​І.​Кілініну (1978, арх. Ю.​Грыгор’еў, А.​Няўзораў, скульпт. В.​Палійчук, І.​Глебаў). 3-і ўчастак адрозніваецца ад папярэдніх аднабаковай забудовай на значнай адлегласці. Тут знаходзяцца будынкі гадзіннікавага з-да «Прамень» (1956—61, арх. Баткоўскі, І.​Боўт, Шпігельман), кварталы жылых дамоў, Бел агр. тэхн. ун-т (1956, арх. Бакланаў). Да праспекта прылягае парк імя Чэлюскінцаў, тэр. дзіцячай чыгункі (вакзал пабудаваны ў 1956) і зялёны масіў. Далей размешчаны кінастудыя «Беларусьфільм», жылыя дамы канца 1950-х г., Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі будынак, комплекс НДІ сродкаў аўтаматызацыі (1972, арх. Мусінскі, Кудраўцаў). Важная роля ў фарміраванні арх.-маст. аблічча праспекта належыць жылому раёну Усход (забудоўваецца з 1966). Уздоўж праспекта пабудавана 1-я чарга лініі Мінскага метрапалітэна. Архітэктарам Баданаву, Баршчу, Баткоўскаму, А.​П.​Воінаву, У.​Каралю, Мусінскаму, Паруснікаву, Сысоеву, Н.​Трахтэнбергу, Шпігельману прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

А.​А.​Воінаў, В.​М.​Чарнатаў.

Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.
Скарыны праспект у Мінску. Фрагмент.
Панарама Скарыны праспекта.

т. 14, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т у літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека

(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.​Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.​Коласа, К.​Чорнага, І.​Мележа, В.​Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.

2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.​Васілька, М.​Засіма, А.​Салагуба),

сучасных бел. пісьменнікаў (У.​Караткевіча, Н.​Гілевіча) стварыў У.​Калеснік.

У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл. Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.

Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл. Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.​Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах Старэйшы, Г.​Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.​Госарт, Р.​Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.​Халс у Нідэрландах, Д.​Веласкес, Ф.​Гоя, Ф.​Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.​Іорданс, П.​П.​Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.​Вато, Ж.​Гудон, К. дэ Латур, Ж.​Б.​Перано, Ж.​А.​Фраганар, Ж.Б.​С.​Шардэн у Францыі, У.​Хогарт у Вялікабрытаніі, П.​Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.​Гейнсбара, А.​Стывенс, Дж.​Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.​Сцюарт у ЗША, Ж.​Л.​Давід, Э.​Дэлакруа, Г.​Курбэ, Т.​Жэрыко, Ж А.​Энгр у Францыі, В.​Лейбль, А.​Менцэль у Германіі, А.​Каўфман у Швейцарыі, Я.​Матэйка ў Польшчы, А.​Антропаў, І.​Аргуноў, У.​Баравікоўскі, К.​Брулоў, І.​Вішнякоў, М.​Ге, І.​Крамской, А.​Кіпрэнскі, Дз.​Лявіцкі, В.​Пяроў, Ф.​Рокатаў, І.​Рэпін, Ф.​Шубін у Расіі і інш.).

На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.​Дэга, Э.​Манэ, А.​Радэн, А.​Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.​Какошка, А.​Мадыльяні, П.​Пікасо, П.​Сезан і інш., скульптары — А.​Бурдэль, А.​Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.​Аненкава, А.​Галавіна, В.​Сярова, М.​Урубеля, Б.​Кустодзіева, М.​Ларыёнава, П.​Малявіна, К.​Сомава, З.​Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.​Гутуза (Італія), Л.​Ласанскага, Э.​Уорхала (ЗША), І.​Глазунова, П.​Канчалоўскага, П.​Корына, М.​Несцерава, К.​Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.​Дунікоўскага (Польшча), Дж.​Манцу (Італія), Ф.​Крэмера (Германія), В.​Мухінай (Расія) і інш.

На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.​Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл. Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.​Шрэтэр, графікі Г.​Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.​Аляшкевіч, Ц.​Бычкоўскі, А.​Главацкі, Я.​Дамель, С.​Заранка, К.​Карсалін, Ф.​Смуглевіч, І.​Хруцкі, А.​Шэмеш, графікі Ю.​Азямблоўскі, А.​Бартэльс, К.​Бахматовіч, Т.​Кіслінг, Я.​Клямбоўскі, К.​Кукевіч, Ю.​Пешка, скульптары Я.​Астроўскі, К.​Ельскі, Р.​Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.​Альпяровіч, Я.​Кругер, Ю.​Пэн, А.​Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.​Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.​Ахрэмчык, А.​Бразер, Г.​Віер, В.​Волкаў, А.​Грубэ, К.​Змігродскі, М.​Станюта, М.​Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.​Азгур, А.​Анікейчык, Л.​Асядоўскі, А.​Бембель, М.​Будавей, С.​Вакар, Г.​Вашчанка, М.​Данцыг, Л.​Дударэнка, Я.​Зайцаў, М.​Кірэеў, П.​Крахалёў, А.​Кішчанка, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, В.​Маркавец, І.​Міско, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, У.​Пасюкевіч, Ю.​Піскун, В.​Пратасеня, І.​Пратасеня, А.​Пушкін, М.​Савіцкі, В.​Сахненка, У.​Стальмашонак, І.​Стасевіч, І.​Фяцісаў, Я.​Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.​Шаранговіч, А.​Шыбнёў, Л.​Шчамялёў і інш.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;

Беларуская станковая графіка / Склад. В.​Ф.​Шматаў. Мн., 1978;

Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура), М.​Л.​Цыбульскі.

К.​Брулоў. Партрэт графіні Ю.​Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.
А.​Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.
Да арт. Партрэт. П.​Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.
І.​Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.
Да арт. Партрэт. З.​Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.
У.​Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.
Да арт. Партрэт. М.​Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.
Да арт. Партрэт. М.​Будавей. А.​Макаёнак. 1985.
Да арт. Партрэт. Ю.​Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З МАЙСТРО́Ў НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз майстроў народнай творчасці,

добраахвотнае грамадскае аб’яднанне майстроў розных відаў нар. творчасці і традыц. рамёстваў, мастацтвазнаўцаў, спецыялістаў у галіне нар. мастацтва і маст. рамёстваў. Створаны ў 1992 на Рэсп. канферэнцыі Т-ва майстроў нар. творчасці Беларусі (засн. ў 1991), з 1995 наз. Бел. саюз майстроў нар. творчасці. Мэта — адраджэнне, захаванне і развіццё традыц. нар. мастацтва, узмацненне ўплыву нар. творчасці на духоўнае развіццё грамадства, спрыянне пераемнасці традыцый, прапаганда творчасці нар. майстроў і творчых калектываў. Вышэйшы кіруючы орган — Рэсп. канферэнцыя, выканаўчы — праўленне. Канферэнцыі адбыліся ў 1995, 1997, 1999, 2001. Старшыня праўлення — Я.​М.​Сахута (з 1992). Арганізуе выстаўкі, конкурсы, фестывалі і інш. формы прапаганды нар. маст. творчасці. Уваходзіць у Бел. канфедэрацыю творчых саюзаў. На 2001 у саюзе 383 чл.

Члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці

1992. І.​У.​Алушкін, А.​Г.​Артынская, К.​В.​Асташэвіч, Н.​П.​Багдановіч, А.​В.​Баталёў, А.​В.​Бухвалаў, Н.​М.​Давыдава, З.​І.​Зіміна, Т.​Я.​Зіміна, Л.​К.​Галоенка, Л.​Р.​Главацкая, Т.​Э.​Івашына, Дз.​Дз.​Ільінчык, А.​В.​Карась, П.​В.​Карась, М.​І.​Корабаў, Н.​М.​Кузняцова, У.​Е.​Курбан, В.​М.​Кульпін, У.​У.​Кушнер, С.​В.​Кляшчук, В.​А.​Лабачэўская, А.​С.​Ламанос, Л.​М.​Лось, А.​М.​Маголін, В.​У.​Мазюк, Т.​Г.​Мізевіч, С.​М.​Несцярэўскі, В.​А.​Паўлава, І.​М.​Паўлаў, К.​М.​Пуціліна, Т.​Р.​Разінская, І.​К.​Раманчук, В.​Я.​Салдатава, А.​В.​Салдатаў, А.​В.​Салей, С.​Р.​Саўрыцкі, Я.​М.​Сахута, У.​С.​Смірноў, А.​В.​Трыбіс, І.​Ф.​Цыглінцава.

1993. Ю.​І.​Адамовіч, Л.​А.​Акавітая, Л.​М.​Борыс, Л.​Ш.​Валеева, С.​І.​Гайдэнкорн, Ю.​В.​Галавізнін, Ж.​У.​Гардзеева, А.​А.​Гасударава, А.​А.​Глябец, У.​В.​Гулякевіч, С.​І.​Жураўская, Т.​І.​Казлова, С.​М.​Какшынскі, І.​М.​Корабава, І.​П.​Коршун, І.​С.​Коршун, І.​У.​Лагуноўская, І.​С.​Лузько, В.​М.​Лукашэвіч, З.​С.​Ляўчэня, А.​Г.​Маляўская, Ю.​А.​Мінчанкоў, Л.​А.​Мялешка, А.​В.​Новікава, М.​І.​Няхай, А.​В.​Пракаповіч, А.​Ф.​Раманоўскі, Н.​М.​Сакалова-Кубай, Г.​Ф.​Сапун, М.​К.​Сасонка, М.​Ф.​Сямашка, С.​В.​Тарайкоўская, Л.​А.​Уласенка, Л.​М.​Уласенка, В.​К.​Уласік, У.​В.​Цакуноў, В.​М.​Чырвонцава, Т.​В.​Эбелашвілі.

1994. Н.​К.​Абуховіч, Т.​П.​Агафоненка, Т.​А.​Аляксеева, Н.​А.​Асіловіч, Т.​Я.​Белая, І.​Г.​Вавілава, Л.​У.​Васіхіна, М.​В.​Васкоўскі, Н.​В.​Гусева, Н.​В.​Зямскова, У.​А.​Касатаў, В.​А.​Крэсік, Л.​Л.​Крэсік, В.​Л.​Курганаў, Л.​У.​Нікіціна. В.​К.​Палтаржыцкі, А.​Л.​Папкоўская, Т.​М.​Пугачова, Т.​А.​Рэпіна, Г.​А.​Суша, В.​В.​Трубеева, А.​А.​Уткін, І.​П.​Фёдарава, А.​Ф.​Шабуня.

1995. Н.​А.​Бандарэнка, А.​С.​Вярцінская, А.​М.​Горбаль, А.​С.​Дубіна, Г.​І.​Іванова, У.​П.​Каласкоў, А.​Ю.​Кірычак, А.​А.​Макаранка, В.​Н.​Марозава, К.​А.​Пакаліцына, М.​А.​Пратасеня, Р.​А.​Раманеня, М.​М.​Саланенка, К.​А.​Філюта, М.​У.​Харытончык, Т.​А.​Чарнета, С.​У.​Шчэрба.

1996. Г.​М.​Безбародка, М.​М.​Белая, Т.​А.​Галавачова, Т.​У.​Ганчарык, В.​Б.​Герасіменя, Дз.​М.​Зайцаў, В.​А.​Зінкевіч, Э.​У.​Зінкевіч, Т.​А.​Ільенка, Л.​Л.​Казачонак, В.​М.​Казлоўская, В.​П.​Кучынская, П.​Б.​Лагуноўская, Ю.​С.​Лосік, У.​К.​Лук’янец, З.​У.​Ляйко, Т.​І.​Палюховіч, М.​Я.​Петрасян, Н.​Я.​Петрушко, С.​А.​Пратасеня, А.​У.​Сачак, С.​А.​Уманец, Л.​А.​Царыкевіч, М.​Н.​Чарнавокая, А.​І.​Чапулёнак, Н.​М.​Якубовіч.

1997. М.​І.​Ажэль, Т.​Я.​Ажэіль, М.​А.​Анціпкіна, Л.​У.​Блохава, А.​М.​Боганева, Н.​Ф.​Бортнік, Ю.​І.​Боўда, С.​У.​Бядзерына, Л.​У.​Вакар, Н.​А.​Валынец, С.​А.​Васіленка, Г.​І.​Ганчарэвіч, М.​П.​Гільніч, В.​С.​Грыц, А.​Я.​Дабравольская, В.​П.​Дзенісевіч, В.​А.​Дзмітрук, Л.​Я.​Дзярванаў, Я.​Л.​Дзярванаў, І.​І.​Драмлюк, В.​С.​Дранковіч, В.​П.​Дунеўскі, Н.​І.​Емяльянчык, Л.​М.​Зайцава, В.​В.​Зяноўка, М.​У.​Кажанеўская, Дз.​А.​Карліёнаў, Н.​К.​Кухарава, Т.​А.​Ларыёнава, А.​В.​Макаранка, Ю.​С.​Малышэўскі, М.​А.​Маркоўскі, В.​Ю.​Маслава, У.​І.​Матукевіч, У.​К.​Мікуцкая, П.​А.​Міхасёнак, Л.​А.​Муская, А.​А.​Мускі, А.​У.​Мяцельскі, Т.​С.​Новікава, В.​А.​Пачкаева, М.​С.​Пескавая, А.​І.​Рабкоў, Л.​Е.​Раманенка, М.​Ф.​Раманюк, З.​Ф.​Рынкова, Г.​У.​Саламянка, Г.​Л.​Саланінка, І.​А.​Сікірынаў, Б.​М.​Федаровіч, А.​М.​Храмкова, К.​А.​Цітоў, Н.​Л.​Чырвонцава, Р.​Ф.​Шаура, А.​Ф.​Шон, Н.​І.​Шэйна.

1998. Т.​А.​Багдановіч, А.​П.​Высоцкі, А.​В.​Жураўлевіч, Л.​В.​Жураўлевіч, А.​С.​Івашчанка, В.​В.​Качаргіна, Н.​В.​Кошман, А.​М.​Краўчук, Ю.​Э.​Круш, І.​М.​Кулецкая, В.​В.​Лабачоў, А.​В.​Лавор, А.​М.​Лебедзеў, І.​І.​Лізура, С.​А.​Лугін, А.​В.​Мацеша, В.​Г.​Міхасёнак, М.​І.​Мядзведзь, С.​П.​Падальніцкі, В.​З.​Парашчанка, В.​В.​Пархімовіч, В.​Р.​Пісарэнка, А.​Л.​Пракоф’еў, І.​Б.​Пярвухін, Т.​А.​Пярвухіна, В.​М.​Пятровіч, Н.​Ф.​Рабунская, М.​А.​Раманоўскі, А.​П.​Рослаў, М.​М.​Рудзяк, М.​А.​Рышкевіч, У.​Б.​Сасноўскі, Л.​Я.​Сватко, М.​В.​Свірчакоў, С.​Р.​Сядун, Г.​С.​Сямёнава, Г.​А.​Удодава, Т.​М.​Хадановіч, Т.​С.​Цімошкіна, С.​У.​Цітоў, С.​С.​Чэрнікава, Ю.​Ф.​Шапавалаў.

1999. В.​А.​Александровіч, Дз.​А.​Арынін, С.​В.​Бакіноўская, М.​І.​Бруй, М.​Э.​Бялова, М.​А.​Валошчык, А.​С.​Гаўрылаў, Дз.​У.​Гром, В.​В.​Грынашка, Н.​В.​Гунько, В.​І.​Даніленка, Л.​А.​Дзяржай-Касінская, В.​В.​Дубовік, С.​А.​Дубяга, У.​А.​Жданюк, І.​М.​Завадская, В.​Г.​Іваноў, А.​В.​Кавалык, Н.​Дз.​Канановіч, В.​Б.​Каражан, А.​І.​Каровін, А.​К.​Карчміт, В.​В.​Клімчэня, К.​У.​Краско, А.​А.​Лазоўская, Г.​У.​Любімава, В.​І.​Мацнева, А.​А.​Мацюх, С.​І.​Мурзін, Р.​М.​Панфілава, Н.​І.​Панцялеева, І.​І.​Папковіч, Я.​Л.​Пракапенка, А.​В.​Пракарына, В.​М.​Раманенка, Ю.​Л.​Рубашак, І.​С.​Руткевіч, З.​С.​Сабко, В.​Б.​Самойлаў, У.​С.​Саўрыцкі, Ю.​І.​Семашкевіч, Д.​А.​Сіняўская, Т.​Ю.​Смірнова, А.​А.​Солтан, А.​З.​Тамразаў, А.​Л.​Туміловіч, Л.​В.​Ус, Т.​М.​Фяськова, Т.​М.​Хамко, А.​А.​Хоміч, Л.​У.​Чадовіч, Г.​К.​Шамрук, І.​Л.​Шарак, С.​Я.​Шор, Л.​Э.​Юша.

2000. А.​У.​Аніська, В.​Г.​Аскірка, В.​С.​Валканоўская, А.​М.​Вараб’ёў, У.​П.​Гапеенка, П.​В.​Грынашка, А.​В.​Гурэеў, М.​А.​Давыдкін, З.​У.​Казлова, В.​П.​Казлова, Н.​П.​Каспяровіч, У.​М.​Каханоўская, С.​М.​Комель, Т.​А.​Лабунова, І.​В.​Лысенка, А.​Л.​Макарава, А.​А.​Маслік, В.​М.​Мацвееў, Н.​В.​Німко, Дз.​М.​Няхай, І.​В.​Пазгалёва, Т.​В.​Пракапчук, П.​А.​Ражалоўскі, Ж.​Я.​Розум, Г.​В.​Свечнікава, М.​С.​Скляр, А.​В.​Трампас, А.​Э.​Шамро, А.​А.​Шамшэня, А.​Г.​Шапель, І.​М.​Штэфан.

2001. М.​А.​Абраменка, Ю.​А.​Андрухін, В.​В.​Байкова, А.​М.​Бараўцова, А.​А.​Белая, Д.​А.​Бельская, З.​Ф.​Беразенская, А.​П.​Бяжко, А.​А.​Вашкелевіч, С.​В.​Вішнеўскі, Л.​Г.​Гаравая, А.​А.​Гімадава, Р.​Р.​Гімадаў, Р.​А.​Грыкін, Л.​І.​Грышчанкова, Л.​Р.​Дрэбезава, А.​Я.​Дакумаў, Ю.​А.​Дубнавіцкі, М.​В.​Ермаловіч, В.​І.​Залужны, М.​І.​Калакольцаў, Т.​П.​Каласкова, Т.​Ф.​Канавалава, У.​П.​Карасёў, А.​Б.​Кірэеў, К.​В.​Круцялёва, Н.​С.​Крыварот, Г.​М.​Кутузава, М.​М.​Кучыц, А.​Ф.​Макаранкаў, Дз.​А.​Міжуй, С.​В.​Муліца, С.​П.​Паплаўская, А.​А.​Паўлаў, С.​М.​Паўловіч, Я.​Р.​Песіна, У.​М.​Пудаў, А.​С.​Пушкароў, З.​В.​Раманюк, А.​Ю.​Радзіёнаў, А.​Л.​Рудакоўская, Г.​Р.​Рудніцкая, Г.​М.​Рымдзёнак, С.​Л.​Рымдзёнак, В.​Л.​Рэут, В.​П.​Савіных, І.​Л.​Саламаціна, Н.​Л.​Саламаціна, Г.​Я.​Салдаценкава, Т.​А.​Самойленка, А.​М.​Сапега, В.​Р.​Сілкоў, В.​І.​Смірноў, І.​П.​Супрунчык, Г.​А.​Унукаў, Н.​Л.​Федарыстава, Ю.​А.​Фурс, Г.​М.​Ханяк, Т.​А.​Худзякова, Б.​Ч.​Чарняўскі, С.​І.​Якушаў, У.​Я.​Яленскі, Н.​І.​Ярмух, А.​М.​Ярош, М.​У.​Яцкевіч.

Я.​М.​Сахута.

т. 14, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗЫЛЬЯ́НЕ,

каталіцкія манахі ўсх. абраду, якія жывуць паводле т.зв. статута св. Васіля (Базыля) Вялікага (распрацаваны ў 4 ст.). Існуюць у Еўропе і на Б.​Усходзе з ранняга сярэднявечча. У 16 ст. зарганізаваны ў адзіны ордэн. Вылучаецца некалькі асн. базыльянскіх абрадаў: Гротаферата (італа-албанскі), св. Збаўцы і св. Яна Хрысціцеля, Мелкіцкі (у Ліване, Палесціне і Егіпце), св. Іасафата (на Украіне, у Румыніі). На Беларусі базыльяне з’явіліся ў 17 ст. ў выніку царк. рэформаў уніяцкага мітрапаліта І.​В.​Руцкага. Першая місія манахаў-кармелітаў, выкліканая Руцкім у 1605, заклала базыльянскі ордэн у Свята-Троіцкім кляштары ў Вільні. На далейшае фарміраванне ордэна ў ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай зрабілі ўплыў езуіты. У 1617 Навагрудская кангрэгацыя зацвердзіла стварэнне базыльянскага ордэна ў Рэчы Паспалітай і прыняла рэгулы (статут) новага ордэна, распрацаваныя Руцкім, які быў абраны 1-м протаархімандрытам (генералам) базыльянаў. Паводле рэгулаў протаархімандрыт ордэна падпарадкоўваўся папу рымскаму праз уніяцкага мітрапаліта. Протаархімандрытамі базыльянаў былі Руцкі (1617—21), Леў Крэўза Ржавускі (1621—26), Рафаіл Корсак (1626—36), Пахомій Война Аранскі (з 1636), Антоній Сялява (з 1652), Якуб Суша (з 1661), Гаўрыіл Календа (з 1666), Пахомій Агілевіч (1675—79), Стафан Мартышкевіч Бусінскі (1679—86), Язэп Пяткевіч (1686—90), Сымон Агурцэвіч (з 1690), Якім Кушэвіч (з 1694), Леў Кішка (1703—13), Васіль Працэвіч (1713—17), Максімілян Вятржынскі (1717—19), Антон Завадскі (з 1719), Карнелій Сталпавіцкі-Лябецкі (да 1727), Антанін Таміловіч (1729—36), Патрыцый Жураўскі (1739—43), Палікарп Мігуневіч (1743—47), Іпацій Білінскі (1747—51; 1759—72), Ераклій Лісянскі (1751—59), Парфірый Скарбек Важынскі (1772—80 і з 1788), Язэп Маргулец (1780—85), Ерафей Карчынскі (1786—88), Максімілян Вільчынскі (да 1793), Афанасій Фалькоўскі (да 1802), Юстын Гусакоўскі (да 1804, калі пасада протаархімандрыта была скасавана). У 1743 ордэн падзелены на 2 правінцыі: Літоўскую (уваходзілі землі княства, у т. л. Беларусі) і Рускую (або Польскую, каронную). Ордэнам кіравалі протаархімандрыт, правінцыялы (кіраўнікі правінцый), 4 кансультары і сакратар. Вышэйшай заканад. уладай былі кангрэгацыі (з удзелам мітрапаліта), іерархіі базыльянаў. Кангрэгацыі склікаліся раз на 4 гады ў любым буйным цэнтры базыльянаў, найчасцей у Навагрудку (1617, 1671, 1686, 1703, 1717, 1719, 1730), Жыровічах (1629, 1631, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694), Вільні (1636, 1642, 1646, 1650, 1667, 1713). У 1635 базыльяне атрымалі прывілей караля Уладзіслава IV, паводле якога біскупамі уніяцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-азыльяне, што ўзмацніла пазіцыі ордэна. Расла колькасць кляштараў. У 1772 у кожнай правінцыі было па 72 кляштары, больш за 600 манахаў. Базыльяне актыўна займаліся адукац. дзейнасцю. Прывілеем 1613 кароль Жыгімонт III Ваза дазволіў базыльянам адкрываць школы са статутам пач. і сярэдніх навуч. устаноў з выкладаннем на бел. мове. Базыльяне распрацавалі сістэму свецкай адукацыі пераважна лінгвістычнага багаслоўскага і агульнагуманітарнага кірунку. У 18 ст. буйнейшыя базыльянскія школы мелі па 300—500 вучняў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 існавалі 4 правінцыі; акрамя 2 існуючых утварыліся Беларуская (на далучаных да Расіі землях) і Галіцкая (на тэр. Аўстрыі). У 1785 ордэну базыльянаў, які стаў сур’ёзнай перашкодай на шляху афіц. палітыкі праваславізацыі і русіфікацыі Беларусі, было забаронена выбіраць правінцыяла і протаархімандрыта, улада над ім была перададзена архібіскупу А.​Лісоўскаму І.​Лісоўскаму, прыхільніку ўсх. абраднасці. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай кантакты базыльянаў з Рымам спынены, ордэн ператварыўся ў групу адасобленых кляштараў без ордэнскай цэнтралізацыі. У 1822 паводле загаду цара Аляксандра I закрыты кляштары базыльянаў, пры якіх існавалі навіцыяты, школы або філасофскія і багаслоўскія класы, а на іх базе створаны правасл. духоўныя вучылішчы. Паводле ўказу Мікалая I ад 9.10.1827 ліквідавана базыльянскае манаства, а ў 1828 ліквідаваны і кляштары базыльянаў. Толькі Свята-Троіцкі віленскі кляштар з семінарыяй праіснаваў да 1839, калі на Полацкім дзярж. саборы была скасавана уніяцкая царква. У 1870 забаронены апошнія кляштары базыльянаў на тэр. Польшчы. Базыльяне захаваліся ў Аўстра-Венгрыі (14 кляштараў у Галіцыі і 7 у Венгрыі). На Украіне базыльяне афіцыйна дзейнічалі да 1946, калі на Львоўскім саборы была ліквідавана Украінская грэка-каталіцкая царква. З таго часу базыльяне разам з усёй царквой перайшлі на нелегальнае становішча. У канцы 1980-х г. яны аднавілі сваю дзейнасць. На Беларусі базыльянства не адрадзілася, аднак невял. частка манахаў праходзяць навіцыят ва ўкраінскіх базыльянскіх кляштарах.

Літ.:

Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. Спб., 1873;

Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. Спб., 1890.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 2, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,

фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс. км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт. Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).

Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.

Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч. тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт. Беларуска-Валдайская правінцыя.

Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб. Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.

Літ.:

Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;

Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.Н. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988;

Мацвееў А.В., Якушка В.П. Пра рэльеф Беларусі. Мн., 1994.

В.​П.​Якушка.

Беларускае Паазер’е. Краявід.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне),

чацвярцічная сістэма (перыяд), апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.​П.​Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.

Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн. км² сушы, што ў 3 разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′ паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′ паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.

Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.

Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).

Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.

Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.​Пенк і Э.​Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.​Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.​І.​Красновым і А.​П.​Зарынай (1987), С.​М.​Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.​М.​Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.​М.​Вазнечука (1981).

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;

Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.

Э.​А.​Ляўкоў, М.​Я.​Зусь.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)