СІМФАНЬЕ́ТА (італьян. sinfonietta памяншальнае ад sinfonia),
шматчасткавы музычны твор, блізкі да сімфоніі. Ад апошняй адрозніваецца меншымі памерамі, абмежаваным складам выканаўцаў (пераважна малы сімф. ці камерны аркестр або інстр. ансамбль), прастатой муз. зместу (часта жанрава-быт. характару), змякчэннем канфліктнасці сімф. драматургіі.
Сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст. (І.Раф., М.Рымскі-Корсакаў). Найб. пашырылася ў 20 ст. ў творчасці М.Рэгера, П.Хіндэміта, Б.Брытэна, Ф.Пуленка, М.Мяскоўскага, С.Пракоф’ева, А.Хачатурана, Б.Чайкоўскага, М.Вайнберга, Г.Уствольскай і інш.
У бел. музыцы да С. ўпершыню звярнуўся М.Чуркін, аўтар 3 С. («Беларускія карцінкі», 1925; 1949,1955). Сярод інш. аўтараў С.; М.Аладаў, Г.Ермачэнкаў, П.Падкавыраў, Р.Сурус, К.Цесакоў і інш.
В.П.Савіцкая.
т. 14, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)