СЕМЯНТО́ЎСКІ (Семянтоўскі-Курыла) Аляксандр Максімавіч
(1821, Палтаўшчына, Украіна — 1893),
бел. і рас. этнограф, археолаг, краязнавец. У 1860—90-я г. сакратар Віцебскага губернскага статыстычнага к-та, рэдактар неафіц. часткі «Витебских губернских ведомостей», пазней рэдактар «Памятнай кніжкі Віцебскай губерні». Аўтар прац па археалогіі, статыстыцы, побыту і культуры насельніцтва Віцебшчыны: «Статыстычнае апісанне Віцебскай губерні ў лясных адносінах» (1862), «Сінільна-набойная вытворчасць у Віцебску» (1864), «Пра кірмашы Віцебскай губерні» (1867), «Этнаграфічны агляд Віцебскай губерні» (1872), «Аб мерах і вазе, якія ўжываюцца ў Віцебскай губерні» (1874), «Беглы статыстычны нарыс прыроды і насельніцтва Віцебскай губерні» (1880), «Беларускія старажытнасці» (вып. 1, 1890). С. запісваў фальклорныя і ананімныя творы літ. паходжання («Рабункі мужыкоў»), звычаі, абрады. У пытаннях этнагенезу беларусаў прытрымліваўся вялікадзярж. поглядаў.
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Прадвесне навукі. Мн., 1990.
т. 14, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)