тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.
Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл.Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КТАР (ад лац. collector збіральнік),
1) установа, якая збірае і размяркоўвае што-н. (напр., бібліятэчны К.).
2) Асоба, што збірае і апісвае якія-н. узоры (напр., горныя пароды, глебы).
3) Частка ротара (якара) электрарухавікоў і генератараў пастаяннага (часам пераменнага) току, пераўтваральнікаў частаты эл. току і інш.Гл. таксама Калектарная машына.
4) Электрод паўправадніковага трыёда (транзістара) і некаторых звышвысокачастотных прылад (клістрона, лямпы бягучай хвалі і інш.).
5) Участакканалізацыйнай сеткі (труба, рэзервуар), куды падаюцца сцёкавыя воды з басейнаў каналізавання.
6) Дрэнажная труба ці канал, па якой ваду з асушальнай тэрыторыі (гл.Асушальная сістэма) адводзяць за яе межы.
7) Падземная галерэя, куды ўкладваюць кабелі сувязі (К. сувязі) ці трубы — водаправодныя, газавыя і інш. (К. агульны). 8) Назва некаторых тэхн. прылад для размеркавання (напр., усмоктвальныя К.) ці збірання і адводу газаў (выпускны К. рухавіка ўнутр. згарання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГО́Н (ад грэч. polygōnos шматвугольны),
1) участак сушы або мора з паветр. прасторай над імі, прызначаны для выпрабавання зброі, баявых сродкаў, тэхнікі, а таксама для баявой падрыхтоўкі войск. П. бываюць пастаянныя і часовыя; паводле прызначэння падзяляюцца на навук.-даследчыя, выпрабавальныя (ядз., ракетныя, тарпедныя, артыл., авіяц., танк., сувязі і інш.); заводскія (для праверкі якасці вырабленага ўзбраення, яго прыстрэлкі, наладкі) і вучэбныя, на якіх праводзяцца вучэнні войск, баявыя і вучэбныя стрэльбы, бомбакіданне, тарпедакіданне. У залежнасці ад прызначэння П. абсталёўваюць назіральнымі пунктамі, мішэннымі ўстаноўкамі, бліндажамі, укрыццямі, сродкамі сувязі, забяспечваюць кантрольна-вымяральнымі прыладамі, трансп. сродкамі і інш. 2) Спец. абсталяваная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для выпрабавання рознай тэхнікі, а таксама для вырабу элементаў зборных буд. канструкцый і дэталяў. Да абсталявання П. ў буд-ве, напр., адносяцца бетонна-растворныя ўстаноўкі, бетонаўкладчыкі, вібрапляцоўкі, пад’ёмныя краны, формы для бетанавання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОБАТАТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
структурнае вытворчае падраздзяленне (рабатызаваны тэхналагічны комплекс, участак, цэх і інш.), у склад якога як сродак аўтаматызацыі ўваходзяць прамысловыя робаты. Аб’екты Р.с. звязаны паміж сабой, узаемазалежныя; іх функцыі і дзеянні (аперацыі), што імі выконваюцца, забяспечваюць выпуск прадукцыі. Аптымальная Р.с. вызначаецца макс. прадукцыйнасцю пры мінім. затратах.
Кожная Р.с. ўключае падсістэмы апрацоўкі (формаўтварэння) дэталей, патоку (транспартавання) вырабаў, інструментаў і прыстасаванняў. кантролю якасці прадукцыі, кіравання і інфармацыі і дапаможную падсістэму (для падтрымання работаздольнасці Р.с.). Робаты ў складзе Р.с. забяспечваюць індывідуальнае абслугоўванне абсталявання, групавое яго абслугоўванне пры лінейным, лінейна-паралельным або кругавым размяшчэнні.
Літ.:
Белянин П.Н. Робототехнические системы для машиностроения. М., 1986;
Соломенцев Ю.М., Сосонкин В.Л. Управление гибкими производственными системами. М., 1988;
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987;
Гавриш А.П., Ямпольский Л.С. Гибкие робототехнические системы. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
былы штучны водны шлях у Беларусі, у Лепельскім і Докшыцкім р-нах Віцебскай вобл., які злучаў бас. Дняпра і Зах. Дзвіны. Даўж. 169 км. Пабудавана ў 1797—1805 для вывазу буд. лесу з Мінскай губ. ў Рыгу. Пачыналася ад р. Бярэзіна пры ўпадзенні ў яе р. Сергуч, праходзіла па абводным Сергуцкім канале (даўж. 10 км), азёрах Манец і Плаўна, злучальным Бярэзінскім канале (8 км) на водападзеле Бярэзіны і Улы, воз. Бярэшча і р. Бярэшча (Верабскі канал, даўж. 8,4 км), р. Эса, воз. Лепельскае, р. Ула (левы прыток Зах. Дзвіны). Мела 14 шлюзаў і 3 прыстані (Сергуцкую, Лепельскую і Чашніцкую). Участак ад р. Бярэзіна да воз. Плаўна ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. У канцы 19 ст. страціла гасп. значэнне з-за канкурэнцыі чыг. транспарту, празмернай высечкі лесу і абмялення рэк і азёр. Не дзейнічае, гідратэхн. збудаванні не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна мясцовай прам-сці Беларусі па выпуску муз. інструментаў і дэталей да іх. Муз. інструменты з даўніх часоў выраблялі майстры-ўмельцы. У 1920—30-я г. наладжана іх прамысл.вытв-сць. У 1999 дзейнічаюць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Беларускае вытворчае аб’яднанне музычных інструментаў, у т. л.Барысаўская фабрыка піяніна (галаўное прадпрыемства аб’яднання), Бобрскі з-дмуз. дэталей (Крупскі р-н), а таксама Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Асн. прадукцыя: піяніна, цымбалы, баяны, акардэоны, гармонікі, акустычныя гітары і электрагітары. дзіцячыя муз. цацкі. Вырабляюцца таксама індывід.муз. інструменты, у асноўным скрыпічныя. Найб. вядомыя муз. інструменты, створаныя бел. майстрамі: В.В.Богданам з Вілейскага, Б.П.Круглым з Лідскага, І.М.Карнеем з Смаргонскага, М.М.Міронам з Дзяржынскага р-наў, У.А.Крайко з Мінска, М.П.Такушэвічам з г. Маладзечна і інш.
Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Участак зборкі электрагітар на Беларускім вытворчым аб’яднанні музычных інструментаў у г. Барысаў.Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Гатовая прадукцыя Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у г. Быхаў. Стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы паселішча 14—15 ст. Уваходзіў у сістэму Быхаўскіх гарадскіх умацаванняў. Да 1590, калі вытрымаў напад «нізавых казакоў» М.Федаровіча, меў драўляна-земляныя ўмацаванні — кальцавы вал, драўляныя сцены ў выглядзе гародняў, вежы і ўязную браму. Тады ж гаспадар горада гетман Я.К.Хадкевіч атрымаў ад караля грамату на ўзвядзенне новага замка. Будаўніцтва яго скончылася ў 1619. Пры Л.Сапегу, да якога ў 1628 перайшоў Быхаў, зроблена бастыённая фартыфікацыя. Новы Быхаўскі замак займаў участак берага ў выглядзе няправільнага прамавугольніка памерам 77 × 100 м, з Пд, З і Пн быў абведзены равамі шырынёй да 22—27 м, па краях пляцоўкі — землянымі валамі з бастыёнамі. Да мураванай замкавай брамы, па баках якой знаходзіліся васьмігранныя 2-ярусныя цагляныя вежы, вёў драўляны мост. На восі ўезду ў замак размяшчаўся палац, справа ад яго стаяла казарма. Быхаўскі замак перажыў шмат аблог і штурмаў (гл.Быхава аблога 1654—55, Быхава абарона 1659, Быхава аблога 1660—61, Быхава аблога 1702, Быхава абарона 1707).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКА́ЗНІК,
участак прыроднай тэрыторыі, прызначаны для захавання і аднаўлення аднаго або некалькіх кампанентаў прыроды і падтрымання экалагічнага балансу; адзін з відаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў. На тэр. З. пастаянна або часова забаронены ці абмежаваны пэўныя віды гасп. дзейнасці, якія могуць пашкодзіць яго стану (узворванне зямель, асобныя віды лесакарыстання, палявання і рыбалоўства, касьба, выпас жывёлы, збор ягад, пладоў, кветак і інш.), у той жа час у З. могуць быць дазволены сан. высечка лесу, адлоў і адстрэл жывёл з навук. мэтамі, або для рэгулявання іх колькасці, лесапасадкі, рассяленне новых відаў жывёл, лесагасп. і інш. віды работ, турызм. Пл. З. ад некалькіх да сотняў тысяч гектараў, напр., Алма-ацінскі — 800 тыс.га (Казахстан), Верхнекандзенскі — 242 тыс.га і Кірзінскі — 120 тыс.га (Расія), Налібоцкі — 86 тыс.га (Беларусь).
На Беларусі (на 1.1.1998) створана 85 З. рэсп. значэння агульнай пл. 656 тыс.га і больш за 600 мясц. значэння. Асн. віды З.: ландшафтныя заказнікі, біялагічныя заказнікі, гідралагічныя заказнікі і палеанталагічныя. Першы З. — Белавежская пушча, створаны ў 1541 для аховы зуброў, з 1640 у ім забаронена высечка лесу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. positio становішча),
1) пункт гледжання па якім-небудзь пытанні; акрэсленая ацэнка факта, з’явы, падзеі; дзеянні, паводзіны, што зыходзяць з гэтай ацэнкі (П. ў спрэчках, П. чакання і да т.п.).
2) Ваенная П. — паласа (раён, участак) мясцовасці (акваторыі), занятая або намечаная для заняцця войскамі. П., як правіла, абсталёўваюцца ў інж. адносінах і з’яўляюцца састаўной ч. глыбока эшаланіраваных абарончых палос, размешчаных у пэўным парадку па фронце і ў глыбіню. Аснову кожнай П. складаюць звязаныя паміж сабой адзінай сістэмай агню і загарод апорныя пункты падраздзяленняў, якія абараняюцца. П. абсталёўваюцца акопамі, траншэямі, хадамі зносін і інш. Рыхтуюцца таксама П. агнявых сродкаў, а для пускавых установак ракетных войск — стартавыя П. У сухап. войсках адрозніваюць П. баявыя, запасныя, абарончыя, перадавыя, прамежкавыя і інш. Перад наступленнем у зыходным раёне рыхтуюцца чакальныя П.; у ходзе наступлення войскі займаюць і абсталёўваюць П. для замацавання захопленай мясцовасці. П. для ВМФ (ВМС) з’яўляецца водная прастора, якую займаюць караблі для вядзення бою; у прыбярэжных раёнах абсталёўваюцца мінна-артыл. П.
3) Становішча, размяшчэнне чаго-небудзь (напр., П. фігур на шахматнай дошцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗАРО́КІ,
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Глыбокае — Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнУ ад. г. Глыбокае, 155 км ад г. Віцебск, 6 км ад чыг. ст. Зябкі. 583 ж., 250 двароў (2000). Лясніцтва, участак Глыбоцкіх электрасетак, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква (1909) і касцёл Маці Божай (1907), Помнік на магіле І.Ц.Буйніцкага.
У пач. 16 ст. П. — велікакняжацкі маёнтак. У 16—18 ст. уладанне І.Корсака, І.Кунцэвіча, Я.Рагазы, Туковічаў, Шчытоў, Храпавіцкіх, А.Кройца. З 1793 П. ў Рас. імперыі, цэнтр воласці Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1856 працавала школа. У 1866—103 ж., 14 двароў. У 1907 пабудаваны касцёл Маці Божай, у 1909 — Петрапаўлаўская царква; была сінагога. У 1921—39 П ў складзе Польшчы, цэнтр Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Пліскага, з 1962 — Глыбоцкага р-наў.