ВЕ́ТРЫНА,

гарадскі пасёлак у Полацкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Полацк—Вільня. За 23 км ад Полацка. Чыг. станцыя на лініі Полацк—Маладзечна. 3,5 тыс. ж. (1995).

З сярэдзіны 16 ст. мястэчка ў Полацкім ваяв. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Лепельскага пав. З 1919 вёска ў Полацкім пав. У 1924—31 і 1935—60 цэнтр Ветрынскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 11.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветрыне і раёне 1384 чал. З 21.1.1958 гар. пасёлак, з 1960 у Полацкім р-не. 3,5 тыс. ж. (1969).

Прадпрыемствы лёгкай (філіял швейнай ф-кі «Віцябчанка») і дрэваапр. прам-сці (участак Лепельскага дрэваапр. аб’яднання). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)