САПО́ЦКІНСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Засн. ў 1978 для аховы прыродных запасаў лек. раслін, ландшафтных і фларыстычных комплексаў з рэдкімі і знікаючымі відамі. Пл. 12,6 тыс. га. Займае лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі імшыстыя, верасовыя, арляковыя, бруснічныя, чарнічныя і інш. Трапляюцца ельнікі, бярэзнікі, чорнаалешнікі. Выдзелены рэдкія ландшафтныя прыродныя комплексы: участак стужачных ліпнякоў, поймавых дуброў і грабнякоў, хвойніку на карэнным беразе р. Нёман і інш. Лек. расліны: талакнянка, брусніцы, ядловец, цмен пясчаны, ландыш майскі і інш. Купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, мнаганожка звычайная, лопух дуброўны, сіела прамая, кастрэц Бенякена, кураслеп лясны занесены ў Чырв. кнігу. З прадстаўнікоў фауны, занесеных ў Чырв. кнігу, барсук, бугай вялікі, бусел чорны, аляпка, варакушка, махаон, стужка ордэнская блакітная, чмель шрэнка і інш.
П.І.Лабанок.
т. 14, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)