ПЛАГІЯКЛА́ЗЫ (ад грэч. plagios косы + klasis расшчапленне),

пародаўтваральныя мінералы падкласа каркасных сілікатаў. Безупынны ізаморфны рад Na—Ca алюмасілікатаў: натрыевы — альбіт, кальцыевы — анартыт. П. ў залежнасці ад колькасці анартыту наз.: алігаклаз (10—30%), андэзін (30—50%), лабрадор (50—70%), бітаўніт (70—90%). Паводле колькасці крэменязёму вылучаюць кіслыя П. (альбіт, алігаклаз), сярэднія (андэзін) і асноўныя (лабрадор, бітаўніт). Крышталізуюцца ў трыкліннай сінганіі. Утвараюць таблітчаста-прызматычныя і таблітчастыя крышталі з характэрным двайнікаваннем. Колер белы, шаравата-белы, з зялёным, сінім, чырвоным адценнямі. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Утвараецца пры крышталізацыі магмы. Гал. пародаўтваральныя мінералы магматычных, метамарфічных і асадкавых горных парод. Выкарыстоўваецца як буд. і вырабны камень. Гл. таксама Палявыя шпаты.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛІМУТРО́К (ад англ. Plymouth Rock),

мяса-яечная парода курэй, выведзеная ў ЗША у 19 ст. Паводле колеру апярэння вылучаюць 8 іх разнавіднасцей, найб. пашыраны белыя і паласатыя. Паласатыя выведзены скрыжаваннем чорных іспанскіх курэй, белых кахінхінаў, паласатых дамініканскіх і інш. парод; белыя ўзніклі як мутацыя ад паласатых ці ў выніку скрыжавання П. з белымі легорнамі. Белы П. — мацярынская форма ў скрыжаваннях для вытв-сці мясных куранят — бройлераў.

Корпус масіўны, галава невял. з прамастойным лістападобным грэбенем. Сярэдняя маса курэй 2,5—3, пеўняў 3,6—4 кг. Куры пачынаюць несціся ў 6—7 месяцаў. Яйцаноскасць 160—180 яек за год; маса аднаго — да 60 г, шкарлупіна светла-карычневая.

Плімутрок: 1 — паласаты; 2 — белы.

т. 12, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАПО́Н,

эквімалекулярная сумесь сульфіду цынку і сульфату барыю; белы пігмент, ZnS∙BaSO4. Устойлівы да ўздзеяння раствораў шчолачаў, несвятлоўстойлівы, няшкодны. Выкарыстоўваюць для вырабу алейных, эмалевых і водаэмульсійных фарбаў для ўнутр. работ, у вытв-сці гумы, пластмас, лінолеуму, паперы, скуры.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́ЛЮМ (ад лац. velum заслона),

жаночы галаўны ўбор, лёгкае пакрывала з кісяі, шоўку, цюлю, карунак, якое спускаецца да плячэй, пояса, часам да долу.

Белы вясельны вэлюм — частка шлюбнага ўбору; мацуецца да вянка або інш. галаўнога ўбору. Жалобны вэлюм чорнага колеру.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.​М.​Астапенка (загінуў) і М.​С.​Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.​П.​Курганская-Сакалова, А.​І.​Белы), у в. Бабічы (П.​А.​Астапенка), Навінкі (А.​Ф.​Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.​П.​Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫМАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія ў атмасферы даюць устойлівыя аэразолі, прызначаны для стварэння маскіруючых дымавых заслон. Да Д.р. адносяцца белы фосфар, цвёрдыя піратэхн. і вадкія сумесі, што пры гарэнні (т-ра 400—1000 °C) утвараюць дым ці туман рознымі метадамі.

Белы фосфар утварае дым пры ўзаемадзеянні з кіслародам паветра. Вадкія Д.р. — хлорсульфонавая кіслата, хларыды тытану TiCl4, волава SnCl4 і інш. ўтвараюць туман з кропель вадкасці, якая ўзаемадзейнічае з вільгаццю паветра; саставы на аснове нафтапрадуктаў (дызельнае паліва, мазут) даюць дым пры выпарэнні і наступнай кандэнсацыі пары. Піратэхн. сумесі маюць цвёрдыя Д.р., якія лёгка сублімуюць пры высокай т-ры (хларыд амонію, нафталін, антрацэн). Выкарыстоўваюць у вайск. справе (дымавыя шашкі, гранаты) і сельскай гаспадарцы (напр., для аховы раслін ад замаразкаў).

Р.​А.​Чарнушзвіч.

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНАЯВІ́К, чарнільны грыб,

благушка (Coprinus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. гнаевіковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Сапратрофы. Растуць на ўгноенай глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках у лясах, садах, парках, агародах, на пашы. Пладаносяць у ліп.—кастрычніку. На Беларусі 15 відаў, найб. вядомыя гнаявік белы (C. comatus), гнаявік чарнільны, ці шэры (C. atramentarica), гнаявік шэры (C. cinereus), гнаявік дамавы (C. domesticus). Гнаявік белы і чарнільны ядомыя ў маладым узросце; чарнільны мае проціалкагольнае рэчыва.

Шапка дыяметрам 1—14 см, яйцападобная, званочкавая, у старых грыбоў шыроказваночкавая ці распасцёртая, з узнятым уверх краем, белая, шэрая, жаўтаватая, часам з камякамі, пры адміранні расплываецца ў чарнільна-чорную вадкасць. Пласцінкі свабодныя, белыя, потым чарнеюць. Споры эліпсоідныя, чорныя. Эфемеры — пладовыя целы існуюць некалькі гадзін ці дзён.

Гнаявік чарнільны.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РМУР (ад грэч. marmaros бліскучы камень, каменная глыба),

поўнакрышталічная метамарфічная карбанатная горная парода, якая ўтварылася ў выніку перакрышталізацыі вапняку або даламіту. Колер белы, шэры, ружовы, чорны і інш. ў залежнасці ад прымесей. Цв. 3—4. Шчыльн. 1,9—2,8 г/см³. Дробнакрышт. М. адрозніваецца найб. трываласцю і лепшай паліравальнасцю. Белы М. найб. каштоўны (статуарны, скульптурны). Цэніцца таксама М. з дэкаратыўнай структурай: слаістай, паласатай, брэкчыяпадобнай, кангламератавай, маляўнічай афарбоўкай. Выкарыстоўваецца як каштоўны дэкар. камень у буд-ве, дарожна-буд. і вырабны ў скульптурных работах. Здабываецца ў многіх краінах свету, найб. каштоўны для скульптуры ў Італіі (Карарскае радовішча), Грэцыі (Параскае). У буд-ве М. наз. таксама метамарфічныя пароды сярэдняй цвёрдасці, што добра паліруюцца: мармурызаваныя вапнякі, шчыльны даламіт, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, офікальцыт, часам змеявік.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́САЎ (Алег Віктаравіч) (13.6.1970, г. Віцебск — 11.9.1996),

бел. мастак, паэт. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1990), вучыўся ў Бел. АМ (1990—93). Адзін з заснавальнікаў творчай групы «УБІКУС» (1989). Працаваў у графіцы і станковым жывапісе. Сярод жывапісных твораў: «Пераможца», «Апошнія каралі» (абодва 1989), «Трэцяя крыніца святла» (1991), «Белае воблака» (1993), «Неспакойнае лета», «Партрэт невядомай», «Тройца», «Дзіця», «Партрэт зялёных нажніц», «Утаймавальніца пчол», «Выкрадальнік ідэй», «Белы нацюрморт» (усе 1994), «Кубак халоднай гарбаты», «Жоўты нацюрморт» (абодва 1995); графічных кампазіцый «Анёл смерці» (1990), «Веснавая рапсодыя» (1992), «Танец адзінокага сэрца» (1993), «Закаханыя» (1994), «Звездары» (1995). Творам уласціва выразная кампазіцыйная пабудова, свабодная дынаміка лінейных рытмаў, стрыманы каларыт, дэкаратыўнасць. Аўтар зб. паэзіі «Саната для флейты з марыянеткай» (1994).

Тв.:

Избр. соч. Витебск. 1997.

Н.​В.​Сідарэнка.

А.Прусаў. Белы нацюрморт. 1994.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРФУ́Р,

плато ў зах. ч. Судана, водападзел паміж бас. воз. Чад і р. Белы Ніл. Пераважаюць цокальныя раўніны выш. 1000—1500 м, над якімі ўзвышаюцца астраўныя горы выш. да 3088 м (патухлы вулкан Мара). Клімат экватарыяльна-мусонны. Ландшафты тыповых і апустыненых саваннаў.

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)