СЯДО́Ў Валянцін Васілевіч (н. 21.11.1924, г. Нагінск Маскоўскай вобл., Расія),
расійскі археолаг. Чл.-кар.Рас.АН (1997), ганаровы акад.Лат.АН (1994). Д-ргіст.н. (1970), праф. (1986). Скончыў Маскоўскі ун-т (1951). З 1954 у Ін-це археалогіі АНСССР (цяпер Рас.АН). Даследуе археалогію і культуру Стараж. Русі, этнагенез славян, этнічную гісторыю балтаў і фіна-уграў. У 1960-я г. правёў разведкі і раскопкі курганоў у Бел. Панямонні. Стварыў тэорыю субстратнага паходжання беларусаў. Вынікамі ўздзеяння балцкага субстрату тлумачыць вытокі асаблівасцей бел. лінгваэтнічнай супольнасці, якая, на яго думку, аформілася ў 8—12 ст., да пачатку адасаблення беларусаў. Аўтар арт. «Да паходжання беларусаў» (1967), «Этнагенез і станаўленне беларусаў» (2000), манаграфій «Славяне Верхняга Падняпроўя і Падзвіння» (1970), «Доўгія курганы крывічоў» (1974), «Паходжанне і ранняя гісторыя славян» (1979), «Усходнія славяне ў VI—XIII стст.» (1982), «Старажытнаруская народнасць» (1999) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1984, Дзярж. прэмія Расіі 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНКЕ́ВІЧ (Сянькевіч) Віктар
(псеўд.Язэп Барэйка; н. 19.1.1926, в. Гірстуны Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, журналіст на эміграцыі. Скончыў Мадрыдскі ун-т (1958). Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пачаткі княства Літоўскага». У 2-ю сусв. вайну ў франц. антыфаш. Супраціўленні, у складзе 2-га Польскага корпуса ген. Андэрса ўдзельнічаў у вызваленні ад гітлераўцаў г. Балоння (Італія). Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (ліст. 1946). Друкаваўся ў бел. эмігранцкіх выданнях — час. «На шляху» (яго заснавальнік), «Зважай», газ. «Бацькаўшчына», «Беларус» і інш. Аўтар публікацый на гіст. тэмы, у т. л. «Пра ўдзел беларусаў на заходніх франтах другой сусветнай вайны», «Сымон Рак-Міхайлоўскі: З нагоды сотых угодкаў ад нараджэння», «Да 175-годдзя аднаўлення Вялікага княства Літоўскага», «Ю.І.Крашэўскі», «Матэрыялы з гісторыі ўзброеных сіл БНР», «У 70-я ўгодкі савецка-літоўскага мірнага дагавора», «Ігнат Грынявіцкі: да 135-годдзя ад нараджэння і 110 — ад смерці» і інш. З 1992 жыве ў ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЕЙРА́Н, Талейран-Перыгор (Talleyrand-Périgord) Шарль Марыс (13.2.1754, Парыж — 17.5.1838), французскі дзярж. дзеяч, дыпламат.
Князь Беневенцкі (1806—15), герцаг Дзіно (з 1817). У 1775—91 генеральны вікарый, біскуп. У 1789 выбраны ад духавенства ў Ген. штаты; далучыўся да трэцяга саслоўя. Ініцыятар дэкрэта аб перадачы царк. зямель у распараджэнне нацыі. Пасля звяржэння манархіі (1792) у эміграцыі (да 1796). У 1797—1807 міністр замежных спраў Францыі. У 1808 уступіў у тайныя зносіны з рас. імператарам Аляксандрам I, пазней з аўстр. міністрам замежных спраў К.В. фон Метэрніхам. У 1814—15 у перыяд 1-й рэстаўрацыі Бурбонаў кіраўнік урада і міністр замежных спраў. На Венскім кангрэсе 1814—15 узначальваў франц. дэлегацыю. Выкарыстаўшы супярэчнасці паміж краінамі-пераможцамі, дамогся расколу антыфранц. кааліцыі еўрап. дзяржаў і прыняцця выгадных для Францыі рашэнняў. У 1830—34 пасол у Лондане.
Літ.:
Тарле Е.В. Талейран. М., 1962;
Борисов Ю.В. Шарль Морис Талейран. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЛЕР (ням. Taler),
буйная сярэбраная высокай пробы манета еўрап. краін 16—19 ст., грашова-лікавая адзінка, вагавая адзінка для серабра. З’яўленне Т. выклікала пераход ад грашова-лікавага перыяду грошада талернага ў гаспадарцы еўрап. краін. Першыя Т. адпавядалі залатому дукату (да 1559), выбіты ў 1484 у Ціролі, у 1500 у Саксоніі. У 16—17 ст. Т. меў нефіксаваны курс. Манета Прусіі 1765—90, намінал мясц. эмісій папяровых бонаў Прусіі 19 ст. Гандлёвы Т. біўся для арабскіх княстваў, Йемена, Франц. берага Самалі, Эфіопіі і інш. тэрыторый у 20 ст. шэрагам еўрап. краін па стапе 18 ст. У 18—19 ст. манеты талернага тыпу атрымліваюць нац. назвы (напр., долар) і асобныя стандарты ўтрымання серабра. У бел. пісьмовых крыніцах 2-й пал. 16—1-й пал. 18 ст. тэрмін Т. (таксама таляр, тарэль) сустракаецца з удакладненнем: біты, імперыяльны, новы, стары, тварды, цалковы. Асн. грашовая адзінка і адзін з наміналаў банкнотаў Варшаўскага княства 1810.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРА́НДА Мікалай Іванавіч (н. 15.8.1947, в. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1970). У 1970—94 нач. бюро прамысл. эстэтыкі з-да «Чырвоны Кастрычнік» (г. Орша), адначасова ў 1970—91 кіраўнік студыі выяўл. мастацтва Палаца культуры з-да. Працуе ў графіцы, скульптуры, станковым жывапісе, пераважна ў жанрах пейзажа і нацюрморта. Стварыў графічныя серыі «Аршаншчына» (1973), «Вільня» (1976), «Мантажнікі» (1977), «Сенежскае возера» (1977—79), «Сёстры» (1983), «Крым» (1987—89); скульптурныя партрэты А.Папкова (1973), Аксаны (1974), бацькі (1975), помнік жыхарам г. Барань, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну (1985; разам з А.Сапіным). Жывапісным работам уласцівы дынамізм, колеравая экспрэсія, маляўнічасць вобразнага ладу: «Вёска Барань» (1985), «Кветкі Беларусі» (1986), «Ружы» (1987), «Суздаль», «Чэрвеньская рапсодыя» (абедзве 1994), «Памяці Сезана» (1995), «Абуджэнне», «Лілеі», «Памяці А.Арлова» (усе 1996), серыі «Балгарыя», «Віцебшчына» (усе 1997—2002).
Літ.:
Крепак Б. Николай Таранда: Живопись, графика: [Альбом]. Каунас, 1997;
Коктыш Л. «Художник — это состояние внутренней свободы» // Беларусь. 1999. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ЎЭР, Тоўэр (англ. tower вежа),
замак-крэпасць у Лондане, на беразе Тэмзы. Найстараж. частка Т., т. зв. Белая вежа, узведзена пры Вільгельме I Заваёўніку (каля 1078—85). Да 17 ст. быў адной з каралеўскіх рэзідэнцый. Да 1820 тут знаходзілася гал.дзярж. турма, у якой былі тайна забіты ці пакараны смерцю шматлікія высокапастаўленыя дзярж. дзеячы Англіі, у т. л. Генрых VI, Эдуард V з братам Рычардам, жонкі Генрыха VIII Ганна Болейн і Кацярына Хоўард, Т.Мор. З 1820 Т. — арсенал, які функцыянуе як музей (зброя, даспехі, каралеўскія рэліквіі).
Самая стараж.ч. Т. — прамавугольная Белая вежа (Уайт-Таўэр; каля 1078—85, выш. 28 м, будаўнік Гундульф з Бека) з капэлай Сент-Джон. На тэр. Т. — раманская царква Сент-Барталам’ю-зе-Грэйт (засн. ў 1123; гатычная «капэла Божай Маці», каля 1330). У стылі неаготыкі Таўэрскі мост (1886—94, арх. Дж.Бэры, Х.Джонс).
Замак-крэпасць Таўэр.Белая вежа (Уайт-Таўэр) у ансамблі Таўэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ЛАНД (Toland) Джон (30.11.1670, каля г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 11.3.1722),
англійскі філосаф. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1687—90), Эдынбурга (1690), Лейдэна (1691—92), Оксфарда (1693—95). У творах «Племя левітаў» (1691, не захаваўся), «Хрысціянства без таямніц» (1696) выступіў з крытыкай хрысціянства, за што абвінавачаны ў нападках на рэлігію і маральнасць і прыгавораны да зняволення, але схаваўся. Выдаў паліт. творы англ. рэспубліканцаў Дж.Мільтана (1699) і Дж.Гарынгтана (1700). У асн.філас. працах «Лісты да Серэны» (1704) і «Пантэістыкан» (1720) развіваў ідэі матэрыяльнасці бясконцага і вечнага Сусвету, адзінства руху і матэрыі. Рух разглядаў як сутнасную, універсальную ўласцівасць матэрыі, якая характарызуецца спрадвечнай актыўнасцю, але не выходзіў за межы механіст. матэрыялізму, адмаўляў развіццё прыроды і ўзаемасувязь руху матэрыі і яе якасных змен. Абвяргаў вучэнні Б.Спінозы пра нерухомасць і нязменнасць субстанцыі і пра мысленне як яе ўсеагульны атрыбут і канцэпцыю І.Ньютана пра абсалютную прастору. Абгрунтаваў палажэнне пра непарыўную сувязь прасторы і часу з рухам і матэрыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПІ́ЧНЫЯ ЛЯСЫ́.
Пашыраны ў экватарыяльным, субэкватарыяльных і трапічных паясах паміж 25°паўн. ш. і 30°паўд. ш. У залежнасці ад ступені ўвільгатнення, выражанасці і працягласці сухога сезона адрозніваюць Т.Л.: вечназялёныявільготныя трапічныя лясы; паўвечназялёныя або паўлістападныя сухія (да 40 м вышыня дрэвастою, багаты фларыстычны склад, у т. л. ліяны і эпіфіты, часам з выражаным лістападам і ўзнаўленнем лісця; у тропіках Азіі наз.мусоннымі лясамі); лістападныя светлыя ў трапічных раёнах Індакітая з выражаным сухім сезонам (дыптэракарп бугрысты, пентакмэ сіямская, тэрміналія лямцавая, на бедных глебах хваёвыя лясы); горныя — на схілах гор вышэй за 800 м у паласе кандэнсацыі туманаў — нефелагілеі (вечназялёныя з дрэвападобнымі папарацямі, некат. хвойнымі і араўкарыямі), вышэй за 2000 м — імшыстыя і нізкарослыя з сям. лаўровых, букавых, верасковых (у лясах Гімалаяў і Кітая шмат дрэвападобных рададэндранаў, эпіфітных імхоў). З-за падабенства да лясоў умераных шырот горныя Т.л. наз. субтрапічнымі. Т.л. даюць шмат каштоўнай прадукцыі і драўніны (каўчуканосы, гваздзіковае, цікавае, салавае дрэвы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. tribos трэнне + ...метрыя),
метады вымярэнняў сіл або каэфіцыентаў знешняга трэння і зносу паверхняў, якія труцца. Трыбаметрычныя вымярэнні бываюць лабараторныя, пры якіх робіцца ацэнка сіл трэння і зносаўстойлівасці матэрыялаў, і натурныя, калі ацэньваецца пэўны вузел трэння.
Пры лабараторных выпрабаваннях карыстаюцца ўзорамі, якія маюць кропкавы або лінейны кантакт ці малыя плоскія паверхні. На ўзорах вызначаюць удз. сілу трэння і ўдз. знос, інтэнсіўнасць зносу ацэньваюць адносінамі таўшчыні зношанага слоя да пройдзенага шляху. Парог знешняга трэння ацэньваюць, даводзячы дадзеную пару (узор і контрцела) да задзірання — пашкоджання паверхні трэння пры рэзкім павышэнні сілы трэння і плаўнай змене скорасці або нагрузкі. Вынікі лабараторных выпрабаванняў пераносяць на рэальныя пары трэння з улікам падобнасці тэорыі. У рэальных машынах сілу трэння вымяраюць па змене т-ры вузла трэння, спажытай магутнасці на халастым рэжыме работы, значэнні моманту ці сілы трэння, вугле закручвання вала. Каэф. супраціўлення перакочванню вызначаюць з дапамогай цягавых дынамометраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫБАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. tribos трэнне + электрычнасць),
узнікненне электрычных зарадаў пры трэнні 2 разнародных цел.
У аснове Т. ляжаць кантактныя з’явы. Пры трэнні цвёрдых цел адбываецца пераразмеркаванне эл. зарадаў. Кантактная электрызацыя 2 металаў ці паўправаднікоў, металу і паўправадніка абумоўлена пераходам электронаў пры кантакце 2 цел ад рэчыва з меншай да рэчыва з большай работай выхаду. Электрызуюцца абодва целы, якія ўдзельнічаюць у трэнні; яны атрымліваюць аднолькавыя па абс. значэнні і процілеглыя па знаку эл. зарады, прычым, як правіла, дадатна электрызуецца цела з большай дыэлектрычнай пранікальнасцю. Пры трэнні металу з дыэлектрыкам Т. абумоўлена пераходам электронаў з металу ў дыэлектрык, пры трэнні 2 дыэлектрыкаў — дыфузіяй электронаў і іонаў. Т. вадкасцей звязана з узнікненнем падвойных эл. слаёў на паверхні раздзелу 2 вадкіх асяроддзяў з рознай дыэл. пранікальнасцю. Т. узнікае пры многіх вытв. працэсах (напр., пры прадзенні, распырскванні вадкасцей) і прыводзіць да непажаданага назапашвання статычных эл. зарадаў, ліквідаваць якія можна зазямленнем метал. дэталей або з дапамогай разраднікаў, іанізацыяй паветра і інш. мерамі.