СЯНКЕ́ВІЧ (Сянькевіч) Віктар
(псеўд. Язэп Барэйка; н. 19.1.1926, в. Гірстуны Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, журналіст на эміграцыі. Скончыў Мадрыдскі ун-т (1958). Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пачаткі княства Літоўскага». У 2-ю сусв. вайну ў франц. антыфаш. Супраціўленні, у складзе 2-га Польскага корпуса ген. Андэрса ўдзельнічаў у вызваленні ад гітлераўцаў г. Балоння (Італія). Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (ліст. 1946). Друкаваўся ў бел. эмігранцкіх выданнях — час. «На шляху» (яго заснавальнік), «Зважай», газ. «Бацькаўшчына», «Беларус» і інш. Аўтар публікацый на гіст. тэмы, у т. л. «Пра ўдзел беларусаў на заходніх франтах другой сусветнай вайны», «Сымон Рак-Міхайлоўскі: З нагоды сотых угодкаў ад нараджэння», «Да 175-годдзя аднаўлення Вялікага княства Літоўскага», «Ю.І.Крашэўскі», «Матэрыялы з гісторыі ўзброеных сіл БНР», «У 70-я ўгодкі савецка-літоўскага мірнага дагавора», «Ігнат Грынявіцкі: да 135-годдзя ад нараджэння і 110 — ад смерці» і інш. З 1992 жыве ў ЗША.
У.І.Скрабатун.
т. 15, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)