здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід. жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮФА́ЎНДЛЕНД, вадалаз,
парода службовых сабак. Апісаны ў канцы 15 ст. на аднайм. востраве і ўзбярэжжы п-ва Лабрадор (Канада). Сфарміраваны ў Зах. Еўропе (завезены ў 18 ст.); на Беларусі гадуюць з 1949.
Выш. ў карку 62—75 см, маса 50—68 кг (самцы буйнейшыя). Касцяк і мускулатура магутныя Тулава шырокае. Галава вял., круглявая, з кароткай мысай і вісячымі вушамі. Хвост прамы або шаблепадобна выгнуты. Шэрсць доўгая (акрамя мысы і вушэй), прамая ці злёгку хвалістая, з вельмі густым падшэрсткам, не намакае ў вадзе. Масць чорная, цёмна-бурая ці карычневая, часам з белымі плямамі; у разнавіднасці Н. ландсір (крыху вышэйшыя) — белая з чорнымі ці бурымі галавой, «сядлом» на спіне, крыжам і верхняй ч. хваста. Добра плаваюць і ныраюць. Ураўнаважаныя, пільныя, адважныя; лёгка дрэсіруюцца. Н. ўласцівы моцныя цяга да вады і выратавальны інстынкт. Выкарыстоўваюцца для ратавання на водах, вартаўнічай службы, выцягвання рыбалоўных сетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІТРО́НІЙ,
звязаная сістэма часціц электрона і пазітрона. Падобны на атам вадароду, дзе пратон заменены пазітронам. Мае масу, роўную 2 электронным, а памеры ўдвая большыя за памеры атама вадароду.
Утвараецца пры сутыкненнях павольных пазітронаў з атамамі рэчыва. У залежнасці ад узаемнай арыентацыі спінаў электрона і пазітрона адрозніваюць ортапазітроній (спіны часціц паралельныя; час жыцця τ = 1,4∙10−7 с; распадаецца на 3 γ-кванты) і парапазітроній (антыпаралельныя; τ = 1,25∙10−10 с; распадаецца на 2 γ-кванты).
Палярызаваны П., утвораны пазітронам, атрыманым пры бэта-распадзе, мае своеасаблівыя ўласцівасці: вектар яго спіна прэцэсіруе вакол напрамку магн. поля (тэарэтычна прадказана У.Р.Барышэўскім і эксперыментальна назіралася ў Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі). Уласцівасці і час жыцця П. ў рэчыве адрозныя ад характарыстык свабоднага П. і вызначаюцца ўласцівасцямі рэчыва. Выкарыстоўваецца для вывучэння фіз.-хім. асаблівасцей рэчыва, напр., хуткіх хім. рэакцый атамарнага вадароду, працягласць працякання якіх параўнальная з часам жыцця П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУЛА́Т (ад лац. postulatum патрабаванне),
палажэнне, якое пры пабудаванні навук. тэорыі прымаецца без доказаў як зыходнае. У логіцы і метадалогіі навукі атаясамліваецца з аксіёмай.
Паміж П. і аксіёмай часам захоўваюцца адрозненні: аксіёма — зыходны лагічны прынцып; П. — зыходны прынцып навук. тэорыі, напр., Н.Бора (гл.Бора тэорыя), П. аб паралельных прамых у Эўклідавай геаметрыі і неэўклідавых геаметрыях. Эўклід адрозніваў П., што сцвярджаюць выканальнасць некаторых геам. пабудаванняў, ад аксіём, якія сцвярджаюць наяўнасць пэўных уласцівасцей такіх пабудаванняў, а таксама сцвярджэнні лагічнага (не геам.) характару, якія ён прымаў без доказаў, напр., «частка меншая за цэлае». У дэдуктыўных і паўдэдуктыўных тэорыях (гл.Аксіяматычны метад) П. наз. сцвярджэнні, якія нельга даказаць з-за таго, што яны грунтуюцца на выніках і фактах доследнага ці індуктыўнага характару (гл.Індукцыя ў логіцы, Матэматычная індукцыя), напр., асн. прынцыпы тэрмадынамікі, прынцып пастаянства скорасці святла і яе лімітавага характару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́СНІЦА,
старадаўняя драўляная прылада для прадзення воўны, ільняной і пяньковай кудзелі. На Беларусі 4 асн. тыпы: лапатападобная, П.-грэбень, П.-вілы, П.-кій. Найб. пашыраны лапатападобная і П -грэбень (Прыпяцкае Палессе). Лапатападобныя рабілі з суцэльнага кавалка дрэва (частка ствала з карэнішчам) ці з 2 частак — лопасць пад прамым вуглом устаўлялі ў днішча або ў адтуліну ў лаве (Зах. Палессе). Лопасць звычайна прамавугольнай формы з адносінамі бакоў 2:1; сустракаліся таксама вёслападобныя (Лідчына), мечападобныя (Брэстчына), П.-дошчачкі (мацаваліся да калаўрота) і інш. П. аздаблялі разьбой — фігурна апрацоўвалі ножкі, выпілоўвалі краі лопасці (Навагрудчына). На Гродзеншчыне, Віцебшчыне лопасць часам аздаблялі трохгранна-выемчатай ці контурнай разьбой. Асаблівым багаццем і разнастайнасцю дэкору вызначаюцца камянецкія прасніцы. У наш час са знікненнем ролі ручнога прадзення і ткацтва П. амаль выйшлі з ужытку.
Літ.:
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСО́ДЫЯ (ад грэч. prosodia націск, прыпеў),
1) раздзел вершазнаўства, які змяшчае класіфікацыю метрычна значных гукавых элементаў мовы, рытмікі, вымаўлення, націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў, іх суадносіны ў вершы. Тэрмін «П.» перайшоў у сучаснае літ.-знаўства з ант. Грэцыі, дзе П. называлі раздзел граматыкі, у якім раскрываўся сэнс націску (першапачаткова музычнага), а таксама працягласці вымаўлення складоў. У 18—19 ст. азначаў сукупнасць правіл вершаскладання. Цяпер ён выкарыстоўваецца гал.ч. пры аналізе вершаваных сістэм, іх моўных магчымасцей і рэсурсаў. Так, калі гавораць пра сілабічны верш, то падкрэсліваюць, што ён не зусім адпавядаў прасадычным якасцям бел. мовы (разнамесны, рухомы націск), а таму саступіў сваё месца сілаба-тоніцы, акцэнтнаму і свабоднаму вершу.
2) У шырокім сэнсе часам ужываецца як сінонім рытмікі (і шырэй — вершаскладання) ці метрыкі.
Літ.:
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІЯ ПЕ́СНІ, пятроўкі,
песні летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы беларусам і інш. славян. народам. Спявалі іх у час стараж. земляробчага свята Пятра (праз 5 дзён пасля Купалля). Сюжэтам яны блізкія да купальскіх песень і часам іх цяжка адрозніць. Аднак у П.п. мала абрадавых элементаў, дамінуюць сямейна-бытавыя, сямейныя матывы. На Беларусі ў некат. мясцовасцях пятроўкамі называюць усе купальскія песні, а таксама жніўныя песні (Столінскі, Жабінкаўскі р-ны). Ва ўсх. раёнах Магілёўшчыны да П.п. адносілі і траецкія песні. Таму жанравыя характарыстыкі П.п. даволі ўмоўныя. Найб. цікавыя П.п. з арыгінальнымі «пятроўскімі» напевамі. Вядомы ў Брэсцкім, Бешанковіцкім, Крупскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім, Быхаўскім і інш. раёнах. Яны ўключаюць песні з больш ці менш выразнай секундавай пераменнасцю ніжняга апорнага тону і характэрнай заключнай 6-складовай фігурай мелодыка-тэкставага рытму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́НАЧНЫЯ ІМХІ́.
пячоначнікі (Marchantiopsida або Hepaticopsida), клас мохападобных. 2 падкл.: маршанцыевыя імхі і юнгерманіевыя імхі. Каля 60 сям., каля 300 родаў, больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 85 відаў з 43 родаў, 26 сямействаў. Найб. вядомыя маршанцыя, рычыя, блазія, пелія, прэйсія, рыкардыя, рычыякарпус. Растуць пераважна ў вільготных і забалочаных лясах (асабліва ельніках), на кары дрэў, глебе, гнілой драўніне, камянях, на паверхні або ў тоўшчы вады, на агародах і палетках.
Слаявінныя або лістасцябловыя расліны памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў. Рызоіды аднаклетачныя, ніткападобныя. Гаметафіт мае слаявінную або лістасцябловую форму разнастайнай будовы. Антэрыдыі акруглыя або прадаўгаватыя, на ножцы. Архегоніі размешчаны на асобных бакавых ці брушных галінках. П.м. — першасныя глеба- і торфаўтваральнікі, ахоўваюць глебу ад эрозіі; часам — пустазелле.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНДЭ́ЛЬ (франц. rondel ад rond круг),
верш з 13 радкоў, звязаных дзвюма скразнымі рыфмамі. Дзеліцца на 3 страфы — два 4-радкоўі і адно 5-радкоўе. Два першыя радкі верша паўтараюцца ў канцы другога 4-радкоўя, а першы — і ў канцы Р. Узнік у старафранц. паэзіі, потым перайшоў у англ. і інш.еўрап. л-ры. У канцы 19 — пач. 20 ст. яго выкарыстоўвалі сімвалісты. У бел. л-ру ўвёў М.Багдановіч:
Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах
Ля склепу. Часам лёгкі пах
Сюды даносіцца ад рожы.
Паўсюль крыжы, вянкі...
Чаго жа Тут, дзе магілы, сцень і прах, Амур і сумны і прыгожы
Стаіць з павязкай на вачах?
І ціха думаў я: быць можа,
Любоў, палёгшы у трунах,
Перамагла і смерці жах!
Спачніце ж! Вечна на старожы Амур і сумны і прыгожы.
(«На могілках»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫСЬ (Felis lynx, Lynx lynx),
млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Некат. сістэматыкі вылучаюць як асобны від Р. чырвоную (F. rufus). Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў глухіх лясах з развітым падлескам. Логава робіць у ямах, пад вываратнямі, у старых норах і інш. Актыўная пераважна ноччу. Падвіды Р. іспанская (F. l. pardina) і Р. мексіканская рыжая (F. rufus escuinapae) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На тэр. Беларусі Р. — рэдкі звер, трапляецца пераважна ў паўн. і цэнтр. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 110 см, маса да 22, зрэдку да 32 кг. Поўсць густая, мяккая, палевая ці рыжая, плямістая на спіне і нагах. Тулава кароткае, шчыльнае, ногі высокія, дужыя. Хвост кароткі. Вушы вял., вострыя, канчаюцца кутасікамі. На галаве «бакі». Нараджае 2—3, часам да 5 кацянят. Корміцца зайцамі, грызунамі, птушкамі; нападае на дробных капытных.