СУМА́ТАР лічбавы,

асноўны вузел арыфметычнага прыстасавання ЭВМ ці асобная прылада, што непасрэдна выконвае аперацыю складання лікаў. Характарызуецца хуткадзеяннем (часам складання 2 лікаў) і апаратнымі затратамі. Выконваецца на транзістарах, лагічных элементах і інтэгральных схемах.

Схемы С. адрозніваюцца спосабам паступлення разрадаў аператараў, прынятай сістэмай лічэння, прынцыпам работы, спосабам перадачы адзінкі пераносу і логікай работы. Шматразрадныя С. будуюцца з 1-разрадных. Разрады ўведзеных лікаў складаюцца адначасова ва ўсіх 1-разрадных С., біты пераносу з папярэдніх разрадаў у наступныя перадаюцца паслядоўна, адначасова ці інакш, у залежнасці ад спосабу злучэння 1-разрадных С. Дзеянні над кодамі лікаў і каманд (адніманне, множанне, дзяленне, мадыфікацыя і інш.) зводзяцца да аперацый складання і зруху. Характарыстыкі С. вызначаюць многія параметры ЭВМ.

Л.​В.​Сільноў.

т. 15, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)