комплексныя спаборніцтвы з выкарыстаннем прымальнай і перадавальнай радыёапаратуры ў спалучэнні з агульнафіз. практыкаваннямі; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграмы спаборніцтваў уваходзяць: скарасны прыём і перадача радыёграм, мнагабор’е радыстаў (прыём і перадача радыёграм, абмен радыёграмамі ў радыёсетцы з 3 радыёстанцый, спарт. арыентаванне на мясцовасці і спарт. радыёпеленгацыя, т. зв. «паляванне на лісоў»), радыёсувязь на кароткіх і ультракароткіх хвалях, радыёаматарскае канструяванне.
Міжнар. радыёаматарскі саюз створаны ў 1925. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1925 (на кароткіх хвалях), Еўропы — з 1956 (на ультракароткіх хвалях), штогод. «Паляванне на лісоў» узнікла ў 1940-я г. (ЗША), чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1961, чэмпіянаты свету — з 1980. Еўрап. чэмпіянаты да 1964 праводзіліся штогод, пазней — 1 раз у 2 гады, з 1980 чаргуюцца з чэмпіянатамі свету. Мнагабор’е з’явілася ў канцы 1950-х г. (Польшча). Па скарасной радыётэлеграфіі чэмпіянаты свету праводзяцца з 1995, 1 раз у 2 гады. Найб. развіты Р. у Аргенціне, Беларусі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Швецыі і інш.
На Беларусі Р. развіваецца з 1924, федэрацыя Р. створана ў 1959. Каманда Беларусі — абс. чэмпіён свету (1995), уладальнік Кубка свету (1997). На чэмпіянатах свету 1997 і 1999 бел. спартсмены ў асабістым заліку заваявалі па 35 медалёў з агульных 72. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету А.Астроўскі (1997), Л.Барысенка (1995, 1997), А.Біндасаў (1995, 1996, 1997), Р.Волкава (1999), В.Гагарын (1995), Я.Гаўрылаў і Г.Карабушчанка (1991), У.Каралёў (1995); тройчы абс. чэмпіёнка свету І.Цяцерская (1992, 1995, 1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.
Тв.:
Рус.пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;
Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫШЭЛЬЁ (Richelieu) Арман Жан дзю Плесі
(du Plessis; 5.9.1585, Парыж — 4.12.1642),
французскі дзярж. і рэліг. дзеяч. З 1607 біскуп, у 1616—17 дзярж. сакратар па замежных і ваен. справах у час рэгенцтва Марыі Медычы. У 1617—21 у апале. З 1622 кардынал, з 1624 першы міністр ва ўрадзе Людовіка XIII. Фактычна кіраваў краінай. Праводзіў палітыку ўмацавання каралеўскай улады. З мэтай ліквідацыі сепаратызму адабраў у гугенотаў (фактычна стварылі дзяржаву ў дзяржаве) Ла Рашэль (1628) і паўд. крэпасці (1629). Падпісаў «Эдыкт міласці» (1629), які пазбавіў гугенотаў іх паліт. правоў, але захаваў свабоду веравызнання. Узмацніў кантроль над правінцыяльнымі органамі ўлады і перадаў ч. іх паўнамоцтваў каралеўскім інтэндантам. Спрыяў развіццю мануфактур і гандлю. Забараніў дуэлі, разбураў умацаваныя дваранскія замкі ўнутры краіны, караў смерцю сваіх ворагаў з ліку арыстакратыі (Марыльяк, Манмарансі, Сен-Мар). У знешняй палітыцы галоўным лічыў барацьбу супраць гегемоніі Габсбургаў. У 1635 па яго ініцыятыве Францыя ўступіла ў Трыццацігадовую вайну 1618—48 на баку пратэстанцкай кааліцыі. Далучыў да Францыі Эльзас і ч. Латарынгіі. Стварыў ваен. флот і рэарганізаваў армію. Узмацніў падатковы прыгнёт і жорстка задушыў выкліканыя ім сял. паўстанні (краканаў у 1636, «басаногіх» у 1639). Мецэнат і калекцыянер, апекаваўся мастакамі і літаратарамі. У 1635 засн.Франц. акадэмію. У сваім «Палітычным завяшчанні» (1643) выклаў асн. прынцыпы палітыкі франц. абсалютызму.
Літ.:
Люблинская А.Д. Франция при Ришелье: Фр. абсолютизм в 1630—1642 гг.Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́СТЫ (грэч. sophistēs мудрэц, майстар),
умоўнае абазначэнне шэрагу стараж.-грэч. філосафаў сярэдзіны 5—1-й пал. 4 ст. да н.э. Першапачаткова С. называлі мудрых людзей, дасведчаных і аўтарытэтных у пытаннях прыватнага і грамадскага жыцця. З сярэдзіны 5 ст. да н.э. С. сталі называць платных выкладчыкаў красамоўства і разнастайных ведаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. С. былі практыкамі і тэарэтыкамі рыторыкі. У цэнтры іх увагі было слова. Яны ўпершыню заўважылі, што мова — семантычна адкрытая сістэма, якая характарызуецца зараджэннем новых і стратай устарэлых сэнсаў слова. Адрозніваюць старэйшых (Пратагор, Горгій, Гіпій, Антыфонт, Крытый) і малодшых С. (Лікафрон, Алкідамант, Трасімах). С. не былі адзінай, цэласнай групай ні пасац.-паліт. арыентацыі, ні пафілас. ідэях. Агульнае, што аб’ядноўвае іх, — перанос увагі з натурфіласофіі на праблемы чалавека, яго суб’ектыўных здольнасцей, этыкі, палітыкі і тэорыі пазнання. Характэрная рыса вучэнняў С. — рэлятывізм, які знайшоў класічнае выяўленне ў тэзісе Пратагора «Чалавек — мера ўсіх рэчаў». С. лічылі, што не існуе надзейных аб’ектыўных крытэрыяў для адрознення ісціны ад маны, дабра ад зла, справядлівасці ад несправядлівасці. Рэлятывізму С. садзейнічаў характар іх дзейнасці: гал. задачай яны лічылі навучыць чалавека пераканаўча абараняць любую ідэю, якая б магла спатрэбіцца для паспяховага ўладкавання спраў. Вучэнні С. супярэчылі традыц.рэліг. вераванням: напр., Пратагор сцвярджаў, што не ведае, ці існуюць багі; Крытый абвяшчаў рэлігію выдумкай, прызначанай для таго, каб прымушаць простых людзей падпарадкоўвацца законам. Шэраг С. прапаведавалі ідэі роўнасці людзей перад богам і прыродай і абвяргалі прывілеі знаці (Алкідамант, Антыфонт, Лікафрон).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЫЙКО́ЎСКІ (Stryjkowski, Strykowski) Мацей (1547, Стрыкаў Лодзінскага ваяв., Польшча — каля 1590), польскі гісторык, храніст, паэт. Скончыў парафіяльную школу ў Бжазінах (1561). У 1563 пераехаў у ВКЛ. У 1563—73, верагодна, служыў у войску ВКЛ на маскоўскай мяжы ў якасці рыскуна (разведчыка). У 1572—74 служыў у Віцебскім гарнізоне пад камандаваннем А.Гваньіні і працаваў над гісторыяй ВКЛ і суседніх дзяржаў. У канцы службы здзейсніў Падарожжа паЗах. Дзвіне, у час якога занатаваў свае назіранні па гісторыі, этнаграфіі і культуры: аб Рагвалодавым камені, цэрквах і манастырах Полацка. У 1574—75 удзельнічаў у пасольстве ў Турцыю. У 1576—78 знаходзіўся пры двары кн. Алелькавічаў-Слуцкіх у Капылі і Слуцку. У 1579 заняў духоўную пасаду жамойцкага каноніка. У 1574 выдаў у Кракаве паэму «Ганец цноты...» (кароткая вершаваная гісторыя ВКЛ, частка твора пад назвай «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх» выдадзена ў 1626 у Любчанскай друкарні. Аўтар гіст. твораў «Аб вольнасці Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (1575), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (выд. ў 1978), «Аб паражэнні 30 000 Масквы з князем Пятром Шуйскім ваяводам полацкім у полі Іванскім над ракой Улай... 1564 года» (не апублікаваны, рукапіс зберагаецца ў Пушкінскім доме ў С.-Пецярбургу). Гал. праца С. — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) — першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Многія даследчыкі лічаць, што твор Гваньіні «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (1578) з’яўляецца плагіятам запісак С., у чым С. неаднаразова абвінавачваў Гваньіні на старонках сваёй «Хронікі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЛА, Ульянка,
рака ў Лепельскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р.Зах. Дзвіна. Уваходзіла ў склад Бярэзінскай воднай сістэмы. Даўж. 123 км, пл. вадазбору 4090 км². Выцякае з Лепельскага воз. на паўн. ускраіне г. Лепель, цячэ па Верхнебярэзінскай нізіне, Чашніцкай раўніне і Полацкай нізіне, вусце каля г.п. Ула Бешанковіцкага р-на. Асн. прытокі: Лукомка, Усвейка, Свячанка (справа), Хоцінка (злева). Даліна пераважна сухадольная, асіметрычная, трапецападобная, да в. Промыслы Бешанковіцкага р-на скрынкападобная, шыр. 300—600 м, найб. (да 1 км) у сярэднім цячэнні, найменшая (100 м) у верхнім цячэнні. Схілы сярэдне стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя ярамі і лагчынамі. Пойма лугавая, чаргуецца па берагах, роўная, шыр. ў верхнім цячэнні 50—100 м, ніжэй 200—400 м, у сярэднім цячэнні да 600 м. У разводдзе затапляецца на глыб. ад 0,5 да 2,5 м. Рэчышча неразгалінаванае, на працягу 75 км ад вытоку моцназвілістае, ніжэй сярэдне звілістае (шыр. 25—30 м, месцамі 40—50 м). Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя, пясчаныя, параслі хмызняком, выш. 2—5 м, на асобных участках 10—15 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да пач. красавіка. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 45% гадавога сцёку. Веснавое разводдзе з 3-й дэкады сак. да сярэдзіны мая, сярэдняя працягласць 56 сут. Сярэдняе перавышэнне вышэйшага ўзроўню над межанню 4,6 м, найб. 7,3 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. Лепельская ГЭС. На рацэ г. Лепель, у вусці г.п. Ула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРА́Н,
сёмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак ⛢. Адносіцца да класа планет-гігантаў. Адкрыты ў 1781 У.Гершэлем.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 2,871 млрд.км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 84,068 зямнога года, вакол восі 17 гадз 14 мін. Экватарыяльны дыяметр 51 118 км. Плоскасць экватара нахілена да плоскасці арбіты на 98° (вось вярчэння ляжыць амаль у гэтай плоскасці). Напрамак сутачнага вярчэння адваротны. Маса 8,686 1025кг (14,5 масы Зямлі). Сярэдняя шчыльнасць 1290 кг/м³, што сведчыць аб значным каменным ядры планеты. Састаў атмасферы: малекулярны вадарод (84%), гелій (14%), метан (2%). Альбеда атмасферы вялікае; паглынанне чырвоных прамянёў метанам у верхняй частцы атмасферы абумоўлівае сіне-зялёны колер У. пры візуальным назіранні. У. не мае магутных унутр. крыніц энергіі. Т-ра воблакаў у вобласці, дзе ціск роўны нармальнаму атмасфернаму на Зямлі (105Па), каля -193 °C. Адсутнасць воблакаў у высокіх слаях атмасферы, у адрозненне ад інш. планет-гігантаў, абумоўлівае роўны колер без палос і віхраў. Магн. поле слабае. У. мае 21 спадарожнік (гл.Спадарожнікі планет). Выяўлены 10 кольцаў рознай шырыні і колеру на адлегласці ад 41 да 52 тыс.км ад цэнтра планеты.
Літ.:
Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ (Fermi) Энрыка (29.9.1901, Рым — 29.11.1954),
італьянскі фізік, адзін са стваральнікаў ядз. і нейтроннай фізікі, заснавальнік навук. школ у Італіі і ЗША. Чл.Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1935). Замежны чл.-кар.АНСССР (1929). Скончыў Пізанскі ун-т (1922). З 1926 праф. Рымскага ун-та. З 1938 у ЗША. З 1939 праф. Калумбійскага, з 1942 — Чыкагскага ун-та, у 1944—45 у Лос-Аламаскай лабараторыі, з 1946 у Ін-це ядз. даследаванняў (г. Чыкага). Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, статыстычнай механіцы, фізіцы элементарных часціц, астрафізіцы і тэхн. фізіцы. Распрацаваў квантавую статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл.Фермі—Дзірака статыстыка), тэорыю бетараспаду (1934). Адкрыў штучную радыеактыўнасць, выкліканую бамбардзіроўкай атамных ядзер нейтронамі і з’яву запавольвання нейтронаў у рэчыве (у сааўт.; 1934). Пабудаваў першы ў свеце ядз. рэактар, на якім атрымаў ланцуговую ядз. рэакцыю (1942). Разам з Я.Ч.Янгам прапанаваў састаўную мадэль элементарных часціц (1949; мадэль Фермі—Янга), адкрыў адронны рэзананс (1952). Яго імем названы хім. элемент фермій, квантавая вадкасць і газ (гл.Фермі-вадкасць, Фермі-газ), часціцы з паўцэлым спінам ферміёны, таксама прэстыжная прэмія па фізіцы ў ЗША і інш. Нобелеўская прэмія 1938.
Тв.:
Рус.пер. — Научные труды. Т. 1—2. М. 1971—72.
Літ.:
Ферми Л. Атомы у нас дома: Пер. с англ. 2 изд. М., 1959;
Лятиль П. Энрико Ферми: Пер. с фр.М., 1965;
Сегре Э. Энрико Ферми — физик: Пер. с англ.М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫСТА́ЙЛ (англ. freestyle вольны стыль). 1) Ф. на лыжах — сумяшчэнне скораснага спуску з гор на лыжах з акрабатыкай, від лыжнага спорту. Уключае 3 дысцыпліны: могул — скорасны спуск па ўзгорыстай трасе даўж. 200—270 м з выкананнем 2 розных скачкоў; акрабатычныя скачкі з 2-метровага трампліна з выкананнем акрабатычных фігур (сальта, піруэты і інш.); лыжны балет — спуск з гор з выкананнем розных фігур (крокі, вярчэнні, павароты і інш. з музычным суправаджэннем).
Звесткі пра танцы на лыжах вядомы з 1920-х г. (Германія). Лыжны балет пашырыўся ў Еўропе з пач. 1930-х г., у ЗША — у 1960-я г. Акрабатычныя скачкі на лыжах развіваюцца з 1950-х г. Камітэт па Ф. пры Міжнар. федэрацыі лыжнага спорту засн. ў 1978 (каля 40 краін; 1999). Спаборніцтвы на Кубкі свету і Еўропы праводзяцца з 1978, чэмпіянаты свету і Еўропы — з 1986. У праграме Алімп. гульняў могул з 1992, акрабатычныя скачкі з 1994. Найб. развіты Ф. у ЗША, Канадзе, Расіі, Францыі і інш.
На Беларусі Ф. развіваецца з 1987. Федэрацыя Ф. засн. ў 1992. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся бронз. прызёры Алімп. гульняў А.Грышын (2002), Дз.Дашчынскі (1998), уладальніца Кубка свету (2002) А.Цупер, уладальнікі Кубка Еўропы А.Парфянкоў (1992) і В.Вераб’ёў (1995), сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (2001) А.Слівец, бронз. прызёры Ю.Раковіч (1995), А.Ткачэнка (1996) і інш. 2) Від праграмы ў сноўбордзінгу — тэхн. катанне, насычанае акрабатычнымі скачкамі.
3) Раздзел кікбоксінгу, другая назва — фул-кантакт (поўны кантакт) з лоў-кікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧРАЗВЁРСТКА, харчовая развёрстка,
сістэма нарыхтовак с.-г. прадуктаў у Сав. Расіі ў перыяд грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, ч. палітыкі «ваеннага камунізму» і адна з праяў харчовай дыктатуры. Выклікана неабходнасцю забяспечваць харчаваннем прамысл. цэнтры і Чырв. Армію ва ўмовах харч. крызісу і нежадання сялян добраахвотна прадаваць хлеб па цвёрдых (фіксаваных) цэнах за грошы, абясцэненыя інфляцыяй. Ажыццяўлялася з 2-й пал. 1918 у Вяцкай, Калужскай, Тульскай, Віцебскай губ., дэкрэтам СНК ад 11.1.1919 пашырана на інш. губерні. Яе правядзенне ўскладалася на харчкамы, харчармію, харчатрады і мясц. Саветы. Паводле Х. сялян абавязвалі здаваць дзяржаве ўсе лішкі хлеба і інш. прадуктаў па цвёрдых цэнах. Фактычна ўлады забіралі ў сялян і ч. неабходнага ім харчу. У большасці выпадкаў харчы забіралі бясплатна (пазычалі) або за абясцэненыя папяровыя грошы. Такія рэквізіцыі побач з недахопам прамысл. тавараў шырокага ўжытку выклікалі масавую незадаволенасць сялян і іх выступленні супраць сав. улады. Нягледзячы на спробы ўлад ускласці ўвесь цяжар Х. на заможных сялян, б.ч. збожжа давалі найб. шматлікія серадняцкія гаспадаркі. Такія сілавыя метады нарыхтоўкі вялі да ўтойвання збожжа і скарачэння пасяўных плошчаў. З 1916 пасяўныя плошчы на Беларусі скараціліся на 36,5%, а ў асобных паветах Гомельскай губ. — на 51%. Пасля заканчэння грамадз. вайны захаванне Х. выклікала ўзмацненне супраціўлення сялян, абвастрыла паліт. становішча. У сак. 1921 Х. заменена харчпадаткам.
Літ.:
Гимпельсон Е.Г. «Военный коммунизм»: политика, практика, идеология. М., 1973;
Кабанов В.В. Крестьянское хозяйство в условиях «военного коммунизма». М., 1988;
Павлюченков С.А. Крестьянский Брест, или Предыстория большевистского нэпа. М., 1996.