ФЕ́РМІ (Fermi) Энрыка (29.9.1901, Рым — 29.11.1954),

італьянскі фізік, адзін са стваральнікаў ядз. і нейтроннай фізікі, заснавальнік навук. школ у Італіі і ЗША. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1935). Замежны чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Пізанскі ун-т (1922). З 1926 праф. Рымскага ун-та. З 1938 у ЗША. З 1939 праф. Калумбійскага, з 1942 — Чыкагскага ун-та, у 1944—45 у Лос-Аламаскай лабараторыі, з 1946 у Ін-це ядз. даследаванняў (г. Чыкага). Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, статыстычнай механіцы, фізіцы элементарных часціц, астрафізіцы і тэхн. фізіцы. Распрацаваў квантавую статыстыку часціц з паўцэлым спінам (гл. Фермі—Дзірака статыстыка), тэорыю бетараспаду (1934). Адкрыў штучную радыеактыўнасць, выкліканую бамбардзіроўкай атамных ядзер нейтронамі і з’яву запавольвання нейтронаў у рэчыве (у сааўт.; 1934). Пабудаваў першы ў свеце ядз. рэактар, на якім атрымаў ланцуговую ядз. рэакцыю (1942). Разам з Я.Ч.Янгам прапанаваў састаўную мадэль элементарных часціц (1949; мадэль Фермі—Янга), адкрыў адронны рэзананс (1952). Яго імем названы хім. элемент фермій, квантавая вадкасць і газ (гл. Фермі-вадкасць, Фермі-газ), часціцы з паўцэлым спінам ферміёны, таксама прэстыжная прэмія па фізіцы ў ЗША і інш. Нобелеўская прэмія 1938.

Тв.:

Рус. пер. — Научные труды. Т. 1—2. М. 1971—72.

Літ.:

Ферми Л. Атомы у нас дома: Пер. с англ. 2 изд. М., 1959;

Лятиль П. Энрико Ферми: Пер. с фр. М., 1965;

Сегре Э. Энрико Ферми — физик: Пер. с англ. М., 1973.

А.​І.​Болсун.

Э.​Фермі.

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)