ФРЫСТА́ЙЛ (англ. freestyle вольны стыль). 1) Ф. на лыжах — сумяшчэнне скораснага спуску з гор на лыжах з акрабатыкай, від лыжнага спорту. Уключае 3 дысцыпліны: могул — скорасны спуск па ўзгорыстай трасе даўж. 200—270 м з выкананнем 2 розных скачкоў; акрабатычныя скачкі з 2-метровага трампліна з выкананнем акрабатычных фігур (сальта, піруэты і інш.); лыжны балет — спуск з гор з выкананнем розных фігур (крокі, вярчэнні, павароты і інш. з музычным суправаджэннем).
Звесткі пра танцы на лыжах вядомы з 1920-х г. (Германія). Лыжны балет пашырыўся ў Еўропе з пач. 1930-х г., у ЗША — у 1960-я г. Акрабатычныя скачкі на лыжах развіваюцца з 1950-х г. Камітэт па Ф. пры Міжнар. федэрацыі лыжнага спорту засн. ў 1978 (каля 40 краін; 1999). Спаборніцтвы на Кубкі свету і Еўропы праводзяцца з 1978, чэмпіянаты свету і Еўропы — з 1986. У праграме Алімп. гульняў могул з 1992, акрабатычныя скачкі з 1994. Найб. развіты Ф. у ЗША, Канадзе, Расіі, Францыі і інш.
На Беларусі Ф. развіваецца з 1987. Федэрацыя Ф. засн. ў 1992. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся бронз. прызёры Алімп. гульняў А.Грышын (2002), Дз.Дашчынскі (1998), уладальніца Кубка свету (2002) А.Цупер, уладальнікі Кубка Еўропы А.Парфянкоў (1992) і В.Вераб’ёў (1995), сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (2001) А.Слівец, бронз. прызёры Ю.Раковіч (1995), А.Ткачэнка (1996) і інш. 2) Від праграмы ў сноўбордзінгу — тэхн. катанне, насычанае акрабатычнымі скачкамі.
3) Раздзел кікбоксінгу, другая назва — фул-кантакт (поўны кантакт) з лоў-кікам.
А.С.Пастухоў.
т. 16, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)