У́ЛА, Ульянка,

рака ў Лепельскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Зах. Дзвіна. Уваходзіла ў склад Бярэзінскай воднай сістэмы. Даўж. 123 км, пл. вадазбору 4090 км². Выцякае з Лепельскага воз. на паўн. ускраіне г. Лепель, цячэ па Верхнебярэзінскай нізіне, Чашніцкай раўніне і Полацкай нізіне, вусце каля г.п. Ула Бешанковіцкага р-на. Асн. прытокі: Лукомка, Усвейка, Свячанка (справа), Хоцінка (злева). Даліна пераважна сухадольная, асіметрычная, трапецападобная, да в. Промыслы Бешанковіцкага р-на скрынкападобная, шыр. 300—600 м, найб. (да 1 км) у сярэднім цячэнні, найменшая (100 м) у верхнім цячэнні. Схілы сярэдне стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя ярамі і лагчынамі. Пойма лугавая, чаргуецца па берагах, роўная, шыр. ў верхнім цячэнні 50—100 м, ніжэй 200—400 м, у сярэднім цячэнні да 600 м. У разводдзе затапляецца на глыб. ад 0,5 да 2,5 м. Рэчышча неразгалінаванае, на працягу 75 км ад вытоку моцназвілістае, ніжэй сярэдне звілістае (шыр. 25—30 м, месцамі 40—50 м). Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя, пясчаныя, параслі хмызняком, выш. 2—5 м, на асобных участках 10—15 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да пач. красавіка. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 45% гадавога сцёку. Веснавое разводдзе з 3-й дэкады сак. да сярэдзіны мая, сярэдняя працягласць 56 сут. Сярэдняе перавышэнне вышэйшага ўзроўню над межанню 4,6 м, найб. 7,3 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. Лепельская ГЭС. На рацэ г. Лепель, у вусці г.п. Ула.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 16, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)