МА́РКАЎСКІ ПРАЦЭ́С спецыяльны від выпадковых працэсаўбез паслядзеяння. Служыць мадэллю для многіх працэсаў у фізіцы
(напр., распад радыеактыўнага рэчыва),
у біялогіі (рост папуляцыі, працэсы мутацыі), у хіміі, тэорыі масавага абслугоўвання.
Выпадковы працэс X(t) наз. М.п., калі для любых момантаў часу t0 i t1 (t0 < t1) умоўнае размеркаванне X(t1) пры ўмове, што зададзены ўсе значэнні X(t) пры t≤to, залежыць толькі ад X(t0). Гэтая вызначальная ўласцівасць М.п. наз.маркаўскай уласцівасцю або адсутнасцю паслядзеяння: стан нейкай сістэмы ў момант t0 адназначна вызначае размеркаванне імавернасцей будучага развіцця працэсу пры t > t0 і інфармацыя аб мінулым развіцці працэсу да моманту t0 не ўплывае на гэтае размеркаванне. Тэорыя М.п. бярэ пачатак ад работ 1907 А.А.Маркава, прысвечаных вывучэнню паслядоўнасці залежных выпрабаванняў (гл.Маркава ланцуг). Агульная тэорыя М.п. і іх класіфікацыя дадзены А.М.Калмагоравым (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́Т (ад грэч. mastos сасок, грудзі),
грудніца, гнойна-запаленчае захворванне малочнай залозы. У жанчын найчасцей бывае пасля родаў (лактацыйны) ад пападання інфекцыі (стафілакокі, стрэптакокі і інш.) праз трэшчыны саскоў. Узнікненню садзейнічаюць застой малака, ускладненыя роды, агульныя хваробы. Звычайна развіваецца з аднаго боку. Зрэдку хварэюць дзяўчаты і нават мужчыны; бывае таксама М. нованароджаных. Цячэнне вострае, т-ра 38—39 °C, боль, зацвярдзенне і значнае павелічэнне малочнай залозы. Без лячэння ў залозе ўтвараецца балючы інфільтрат (інфільтрацыйны М.), скура чырванее, павялічваюцца падпахавыя лімфавузлы. Бывае таксама флегманозны (нагнаенне інфільтрату) і гангрэнозны (амярцвенне тканак). Лячэнне вострай і інфільтратнай форм тэрапеўтычнае, флегманознай і гангрэнознай хірургічнае. У жывёл М. бывае ў самак млекакормячых, часцей у кароў і коз у першыя тыдні пасля ацёлу (акоту) і ў час запускання. Часцей працякае скрыта. Прыводзіць да зніжэння ці страты малочнай прадукцыйнасці, пагаршэння якасці малака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),
казахскі паэт.Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед.ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.Жычка, А.Звонак, М.Маляўка, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, А.Шымук і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́Н,
першы член гамалагічнага рада насычаных вуглевадародаў (алканаў), CH4.
Газ без колеру і паху, tпл -182,48 °C, tкіп -161,49 °C, шчыльн. 415 кг/м³ вадкага (пры т-ры -164 °C). Раствараецца ў этаноле, эфіры, вуглевадародах, дрэнна — у вадзе. Гарыць бясколерным полымем (т-ра ўзгарання -187,9 °C); сумесі з паветрам (5—15% М.) выбухованебяспечныя. У прыродзе ўтвараецца пры анаэробным раскладанні цэлюлозы (гл.Балотны газ); асн. кампанент газаў прыродных гаручых і рудніковага газу, атмасферы некаторых планет (Сатурна, Юпітэра і яго спадарожніка Тытана). У прам-сці вылучаюць з прыроднага або крэкінг-газу нізкатэмпературнай дыстыляцыяй ці адсорбцыяй на цэалітах, а таксама гідрыраваннем аксіду і дыаксіду вугляроду на каталізатары пры 200—300 °C. Выкарыстоўваюць для атрымання сінтэз-газу, вадароду, ацэтылену, сажы, хлараформу, фармальдэгіду, сінільнай к-ты, а таксама як паліва. Аказвае нязначнае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 300 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),
атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАГІЯ́Т (ад лац. plagio выкрадаю),
наўмыснае прысваенне аўтарства на чужы твор літаратуры, навукі, мастацтва, на вынаходства або рацыяналізатарскую прапанову. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь П. разглядаецца як істотнае парушэнне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна і цягне адказнасць у крымінальным або цывільна-прававым парадку. П. прызнаецца выпуск у свет чужога твора без спасылкі на аўтара, апублікаванне створанага сумесна з сааўтарамі твора толькі пад сваім імем, а таксама незаконны перадрук ці распаўсюджванне чужога твора, прымус да сааўтарства або незаконнае выкарыстанне інш. аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Крымін. адказнасць за П. прадугледжана арт. 201 КК. Аўтар і яго правапераемнікі маюць права ў цывільна-прававым парадку патрабаваць унясення адпаведных паправак, публікацыі ў друку або інш. спосабам апавяшчэння пра дапушчаныя парушэнні, патрабаваць забароны выпуску твора ў свет ці спыніць яго распаўсюджванне і пакрыцця панесеных у выніку П. страт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАК ((Pollock) Джэксан) (28.1.1912, г. Коды, штат Ваёмінг, ЗША — 11.8.1956),
амерыканскі жывапісец, адзін з гал. прадстаўнікоў амер. абстрактнага экспрэсіянізму. Вучыўся ў Вышэйшай школе прыкладнога мастацтва ў Лос-Анджэлесе (1925—29) і ў Маст. студэнцкай лізе ў Нью-Йорку ў Т.Х.Бентана (1930—31). Пасля 1935 зазнаў уплыў П.Пікасо і сюррэалізму («Ваўчыха», «Захавальнікі сакрэту», абедзве 1943, і інш.). У 1940-я г. звярнуўся да абстрактнага мастацтва. Працаваў у рэчышчы т. зв. жывапісу дзеяння, калі фарбы наносяцца непасрэдна з цюбікаў без дапамогі пэндзля (тэхніка «дрыпінг») па разасланым на падлозе палатне, што дазваляе спалучаць аўтарскую задуму з выпадковымі каляровымі і лінейнымі эфектамі. Сярод твораў: «Капрыз мора» (1947), «Арабескі № 13» (1948), «За межамі палатна № 7» (1949), «Lavender Mist № 1», «Восеньскі рытм № 30» (абодва 1950) і інш. З 1951 працаваў у чорна-белым фігуратыўным жывапісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),
рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАРЫЁТЫ (ад лац. pro перад, раней, замест + грэч. karyon ядро),
мікраскапічныя арганізмы, клеткі якіх не маюць абмежаванага мембранай ядра. Каля 6 тыс. відаў. Да П. адносяцца ўсе бактэрыі, у т. л.архебактэрыі і цыянабактэрыі. Клеткі П. паводле будовы проціпастаўлены эўкарыётам (ядзерным арганізмам) і разам з іх продкамі (уркарыётамі) лічацца найб.стараж. даядзернымі арганізмамі. Асн. структурны кампанент клетачнай сценкі — глікапептыд мурэін, які не выяўлены ў інш. групах арганізмаў. Аналаг ядра — структура, якая мае ДНК, бялкі і РНК. Генет. сістэма П. замацавана на клетачнай мембране і адпавядае прымітыўнай храмасоме. Размнажаюцца П. дзяленнем без выяўленага палавога працэсу. У адрозненне ад эўкарыётаў не маюць хларапластаў, мітахондрый, апарата Гольджы, цэнтрыёлей. Адрозненні паміж П. і эўкарыётамі больш істотныя, чым паміж вышэйшымі жывёламі і вышэйшымі раслінамі, таму ў сістэме арганізмаў П. вылучаны ў надцарствы. Адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЗНА́ННЕў міжнародным праве,
прызнанне існуючымі дзяржавамі новай дзяржавы або яго ўрада ці інш. органа, што дазваляе ўстанавіць з імі афіц., неафіц., поўныя, няпоўныя, пастаянныя ці часовыя адносіны. Існуюць розныя віды П.: дзяржавы, урада, паўстаўшага боку, органаў нац. вызвалення, органаў супраціўлення і інш.Найб. пашыраная форма П. ў сучаснай дыпламат. практыцы — устанаўленне або згода на ўстанаўленне ўрадамі розных краін дыпламат. адносін з новым урадам існуючай дзяржавы або з урадам новаўзнікшай дзяржавы. Традыц. з’яўляюцца П. дэ-юрэ і дэ-факта. Афіц. П. з’яўляюцца заявы: аб афіц. П. без якіх-н. агаворак, аб П. дэ-юрэ і дэ-факта, аб устанаўленні ці аб згодзе на ўстанаўленне дыпламат. адносін. Неафіц. П. азначае ўступленне ўрада адной краіны ў зносіны з непрызнаным афіцыйна ўрадам інш. краіны, супрацоўніцтва дзяржаў, якія не прызнаюць адна адну, на міжнар. канферэнцыях або ў рамках міжнар. арг-цый.