МЕТА́Н,
першы член гамалагічнага рада насычаных вуглевадародаў (алканаў), CH4.
Газ без колеру і паху, tпл -182,48 °C, tкіп -161,49 °C, шчыльн. 415 кг/м³ вадкага (пры т-ры -164 °C). Раствараецца ў этаноле, эфіры, вуглевадародах, дрэнна — у вадзе. Гарыць бясколерным полымем (т-ра ўзгарання -187,9 °C); сумесі з паветрам (5—15% М.) выбухованебяспечныя. У прыродзе ўтвараецца пры анаэробным раскладанні цэлюлозы (гл. Балотны газ); асн. кампанент газаў прыродных гаручых і рудніковага газу, атмасферы некаторых планет (Сатурна, Юпітэра і яго спадарожніка Тытана). У прам-сці вылучаюць з прыроднага або крэкінг-газу нізкатэмпературнай дыстыляцыяй ці адсорбцыяй на цэалітах, а таксама гідрыраваннем аксіду і дыаксіду вугляроду на каталізатары пры 200—300 °C. Выкарыстоўваюць для атрымання сінтэз-газу, вадароду, ацэтылену, сажы, хлараформу, фармальдэгіду, сінільнай к-ты, а таксама як паліва. Аказвае нязначнае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 300 мг/м³.
т. 10, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)