ПРЫЗНА́ННЕ ў міжнародным праве,

прызнанне існуючымі дзяржавамі новай дзяржавы або яго ўрада ці інш. органа, што дазваляе ўстанавіць з імі афіц., неафіц., поўныя, няпоўныя, пастаянныя ці часовыя адносіны. Існуюць розныя віды П.: дзяржавы, урада, паўстаўшага боку, органаў нац. вызвалення, органаў супраціўлення і інш. Найб. пашыраная форма П. ў сучаснай дыпламат. практыцы — устанаўленне або згода на ўстанаўленне ўрадамі розных краін дыпламат. адносін з новым урадам існуючай дзяржавы або з урадам новаўзнікшай дзяржавы. Традыц. з’яўляюцца П. дэ-юрэ і дэ-факта. Афіц. П. з’яўляюцца заявы: аб афіц. П. без якіх-н. агаворак, аб П. дэ-юрэ і дэ-факта, аб устанаўленні ці аб згодзе на ўстанаўленне дыпламат. адносін. Неафіц. П. азначае ўступленне ўрада адной краіны ў зносіны з непрызнаным афіцыйна ўрадам інш. краіны, супрацоўніцтва дзяржаў, якія не прызнаюць адна адну, на міжнар. канферэнцыях або ў рамках міжнар. арг-цый.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)