буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 14—18 ст. У канцы 14 ст. належала кн. Ю.Талочку, пазней — вял.кн.ВКЛ Вітаўту. У 1397 з яго вылучана Бярэзінская зямля, у 1440-я г. — маёнткі Плесавічы і Ціхінічы. У 1456 воласць падаравана выхадцу з Масквы, удзельнаму кн. І.В.Яраславічу (Бароўскаму), потым яго сыну Ф.І.Яраславічу, які ў 1509 завяшчаў яевял.кн. Жыгімонту I. Апошні ўступіў у валоданне Р.в. ў 1519 і падараваў яе сваёй жонцы Боне Сфорца. Кіравалі воласцю намеснікі Боны, з 1556 — дзярж. маёнтак (староства). Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. У 1563 тром полацкім шляхціцам замест занятых рас. войскамі маёнткаў часова аддадзены са складу Р.в. сёлы Званец і Хлобін (сучасны Жлобін?). Паводле люстрацыі 1765, у складзе Р.в. мяст. Рагачоў і 27 вёсак (разам больш за 700 двароў), падзялялася на Задняпроўскае, Задруцкае і Рагачоўскае войтаўствы. У 1772 тэр. Р.в. на У ад рэк Друць і Дняпро адышла да Расійскай імперыі, рэшта воласці далучана да Расіі ў 1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГА́Н (Sagan) Франсуаза (н. 21.6.1935, г. Кажарк, Францыя),
французская пісьменніца. Вучылася ў Сарбоне. Зведала ўплыў М.Пруста, А.Жыда. Тыповы персанаж раманаў «Дзень добры, смутак» (1954, экранізаваны ў 1957), «Ці любіце вы Брамса?» (1959, экранізаваны ў 1961), «Крыху сонца ў халоднай вадзе» (1969), «Сінякі на душы» (1972), «Згублены профіль» (1974), «Надакучыла трываць» (1985), «Рыбіна кроў» (1987), «Павадок» (1989) і інш. — жанчына ў пошуках кахання, паразумення і шчасця. Яе творы адметныя аўтабіяграфічнасцю, паглыбленасцю ў душэўна-духоўны свет гераіні, драматызмам сітуацый, лірызмам. Аўтар шэрагу п’ес, у т. л. «Скрыпкі часам...» (1962), «Бэзавая сукенка Валянціны» (1963), «Піяніна ў траве» (1966), зб. навел «Аксамітавыя вочы» (1975), шматлікіх эсэ, кніг успамінаў. На бел. мову асобныя яе навелы пераклаў Л.Казыра. У Брэсцкім т-ры драмы і музыкі пастаўлена п’еса «Калі конь траціць прытомнасць» (1993).
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—4. М., 1992—93;
Ангел-хранитель: Романы, эссе. М., 1999;
Приблуда. М., 1999.
Літ.:
Уваров Ю.П. Современный французский роман, 60—80-е гг.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМАЛО́ГІЯ (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...логія),
раздзел геафізікі, які вывучае землетрасенні, будову глыбінных нетраў Зямлі. Падзяляецца на ўласна С., сейсмаметрыю і прыкладную С. Уласна С. аналізуе геагр. пашырэнне ачагоў землетрасення і сейсмаактыўных зон, выяўляе іх сувязі з унутрызямнымі працэсамі, вывучае ўнутр. будову Зямлі і вызначае межы падзелу яе «цвёрдых» абалонак (гл.Зямная кара, Мантыя і інш.), займаецца сейсмічным раянаваннем. Сейсмаметрыя распрацоўвае метады вывучэння пругкіх ваганняў слаёў Зямлі, выкліканых прыроднымі ці штучнымі сейсмічнымі з’явамі. Прыкладная С. займаецца пытаннямі сейсматрывалага буд-ва, прагназуе землетрасенні. Як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. з развіццём яетэарэт., метадычнай і інструментальнай частак. Вял. ўклад у С. зрабілі вучоныя: рус. Б.Б.Галіцын, ням. Э.Віхерт і Б.Гутэнберг, англ. Дж.Мілн і інш. На Беларусі сейсмалаг. даследаванні пачаліся з 1965 на сейсмічнай станцыі «Мінск» у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі. У 1979 у Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі створана Доследна-метадычная партыя, якая выконвае комплекс сейсмалагічных даследаванняў. Сейсмаметрычныя назіранні вядуцца на стацыянарных («Мінск», «Гомель», «Нарач», «Салігорск») і перасоўных сейсмічных станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНДАРТЫЗА́ЦЫЯ,
працэс устанаўлення і выкарыстання стандартаў з мэтай упарадкавання дзейнасці ў пэўнай галіне. Аб’ектамі С. з’яўляюцца сыравіна, прадукцыя, нормы, патрабаванні, метады, тэрміны, адзнакі і г.д., якія маюць тэндэнцыю да шматразовага выкарыстання. Адрозніваюць С. міжнародную, рэгіянальную, нацыянальную, галіновую і суб’ектаў гаспадарання. У міжнароднай С. Маюць права ўдзельнічаць адпаведныя органы ўсіх краін; у рэгіянальнай — адпаведныя органы пэўнага, геагр., паліт. ці эканам. рэгіёна. Нацыянальная С. ўстанаўліваецца ў канкрэтнай краіне; галіновая — у канкрэтнай галіне, суб’ектаў гаспадарання — на канкрэтным прадпрыемстве, установе, фірме і інш.
Дзярж. сістэма С. Рэспублікі Беларусь пачала фарміравацца ў 1922. Яе дзейнасць рэгламентавана Законам Рэспублікі Беларусь «Аб стандартызацыі» (1995). Яеасн. задачы і мэты: гарантыя бяспекі прадукцыі, работ і паслуг для жыцця і здароўя грамадзян і іх маёмасці; канкурэнтаздольнасці бел. тавараў на сусв. рынку; ахова навакольнага асяроддзя; сумяшчальнасць і ўзаемазамяняльнасць прадукцыі, маркіроўкі, адзінства метадаў кантролю; садзейнічанне ўкараненню рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій і г.д. Палітыку ў галіне С. ў рэспубліцы ажыццяўляюць Камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго органы на месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЫПІЁНЫ (Scipiones),
у Старажытным Рыме адна з галін патрыцыянскага роду Карнеліяў. Адыгралі вял. ролю ў паліт. і грамадскім жыцці Стараж. Рыма, садзейнічалі ўмацаванню яго гегемоніі ў Міжземнамор’і. З іх найб. вядомыя: Луцый Карнелій С. Барадаты, паліт. дзеяч 3 ст. да н.э., консул 298 да н.э. Перамог самнітаў у Самніі, Луканіі і Этрурыі. Публій Карнелій С. (гл.Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы). Яго брат Луцый Карнелій С. Азіяцкі, паліт. дзеяч канца 3 — пач. 2 ст. да н.э. Легат у Іспаніі 207—206 да н.э., Сіцыліі 205 да н.э., Афрыцы 204 да н.э. Консул 190 да н.э.Публій Карнелій С. Назіка Серапіён (?—132 да н.э.), консул 138 да н.э., узначальваў сенатараў, якія ў 133 да н.э. забілі Тыберыя Гракха (гл.Гракхі). Публій Карнелій С. Эміліян (гл.Сцыпіён Афрыканскі Малодшы). Карнелія, дачка С. Афрыканскага Старэйшага, маці Тыберыя і Гая Гракхаў. Яе дачка Семпронія стала жонкаю С. Афрыканскага Малодшага. Пасля смерці Гракхаў жыла ў Мізене (каля Неапаля), карысталася вял. павагай. Яе лічылі ўзорнай рымлянкай.
Літ.:
Трухина Н.Н. Политика и политики «золотого века» Римской республики (II в. до н.э.). М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЬЁНІ (Taglioni),
сям’я італьянскіх артыстаў балета, балетмайстраў. Філіпа Т. (5.11.1777, г. Мілан — 11.2.1871), педагог і харэограф-рэфарматар, стваральнік рамант. балета. З 1794 працаваў у т-рах Італіі, Германіі, Аўстрыі, а таксама ў Стакгольме і Парыжы. Сярод паст.: «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера (1832), «Дзева Дуная» (1836) і «Марскі рабаўнік» (1840) А.Адана і інш. Шмат балетаў ставіў для дачкі. Марыя Т. (23.4.1804, Стакгольм — 22.4.1884), дачка Філіпа Т., адна са знакамітых танцоўшчыц эпохі рамантызму. У 1822—47 выступала на сцэне, у 1828—35 вядучая салістка Парыжскай оперы. У 1837—42 выступала ў С.-Пецярбургу. Увяла танец на пуантах, лёгкі сцэн. касцюм. Яе танец вылучаўся адухоўленасцю і грацыёзнасцю. Сярод партый: Сільфіда («Сільфіда»), Наталі («Наталі, ці Швейцарская малочніца» А.Гіраўца), Зюльма («Паўстанне ў сералі» Т.Лабара), Флёр дэ Шан («Дзева Дуная»), графіня Анджэла («Цень» Л.Маўрэра) і інш.Яе творчасць паўплывала на развіццё балетнага мастацтва. Поль Т. (Паала, 1808—1884), сын Філіпа Т., часта выступаў з Марыяй Т. ў гарадах Еўропы; ставіў балеты ў Лондане, Мілане. У 1856—83 балетмайстар Берлінскай оперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ТУР Генрык Хрыстафоравіч (1846, Мінск — 1907),
бел. археолаг, гісторык, краязнавец, калекцыянер. Чл. Мінскага статыстычнага к-та, павятовы маршалак дваранства. З 1874 вёў археал. раскопкі ў Мінскай губ., склаў яеархеал. карту з апісаннем помнікаў. У 1884—85 заснаваў часовы археал. музей у г. Беразіно, дзе ў наваколлі вёў раскопкі. У 1890 ён раскапаў 120 курганоў каля в. Дулебы і Няюнішчы Ігуменскага пав., у 1892—40 курганоў каля в. Станькава, у 1893—40 курганоў каля в. Прылукі Мінскага пав. У выніку паездак па Міншчыне падрыхтаваў вял. альбом археал. помнікаў (1893). Стварыў у Мінску багаты прыватны музей па гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі і унікальную б-ку. Пасля смерці яго зборы былі прададзены, многія вывезены за мяжу. Аўтар прац «Археалагічнае значэнне Мінскай губерні» (1878), «Нарыс археалагічных помнікаў на прасторы Мінскай губерні і яе археалагічнае значэнне» (1892), якія выдадзены ў Мінску. У рукапісах засталіся «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, ранейшай сталіцы ўдзельнага Тураўскага княства», «Гісторыя Станькава», «Гісторыя. Заслаўя».
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси, XVI в. — 30-е гг. ХХ в.Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць макраскапічных цел, якія ўзаемадзейнічаюць (абменьваюцца энергіяй і рэчывам) паміж сабой і з інш. целамі (навакольным асяроддзем). Бывае адкрытая (абменьваецца энергіяй і рэчывам з навакольным асяроддзем), закрытая (без абмену рэчывам), адыябатная (без цеплаабмену) і ізаляваная (без цеплаабмену і абмену рэчывам). Уласцівасці раўнаважных Т.с. вывучае тэрмадынаміка раўнаважных працэсаў, нераўнаважных — тэрмадынаміка нераўнаважных працэсаў.
Складаецца з вял. колькасці структурных адзінак (атамаў, малекул і інш.), што дае магчымасць кожную яе макраскапічную частку таксама лічыць Т.с. і характарызаваць макраскапічнымі параметрамі (шчыльнасцю, ціскам, канцэнтрацыяй, хім. саставам, аб’ёмам і інш.). Т.с. знаходзіцца ў раўнавазе (гл.Раўнавага тэрмадынамічная), калі яе параметры не мяняюцца з цягам часу і ў сістэме адсутнічаюць стацыянарныя патокі цеплаты, рэчыва і інш. Для раўнаважных Т.с. уводзіцца паняцце тэмпературы як параметра стану, і яна мае аднолькавае значэнне для ўсіх макраскапічных частак сістэмы. Лік незалежных параметраў стану роўны ліку ступеней свабоды, астатнія параметры звязаны з незалежнымі з дапамогай ураўнення стану. Т.с. можа быць фіз. аднароднай (гл.Гамагенная сістэма) і неаднароднай (гл.Гетэрагенная сістэма). У выніку фазавых і хім. пераўтварэнняў (гл.Фазавыя пераходы) гетэрагенная Т.с. можа стаць гамагеннай і наадварот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВЯДЗЕ́НСКІ Аляксандр Іванавіч (31.3.1856, г. Тамбоў, Расія —7.3.1925),
расійскі філосаф, псіхолаг, логік, прадстаўнік неакантыянства. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1881), працаваў у ім у 1881—84, 1887—1922 (з 1890 праф.). У сваёй філас. канцэпцыі — «лагіцызме» — развіваў і паглыбляў асн. палажэнні І.Канта. На думку У., усялякае душэўнае жыццё падпарадкоўваецца ўздзеянню закону адсутнасці аб’ектыўных адзнак адушаўлення («псіхафізічны закон У.»), таму чужую душу нельга аднесці да пазнавальных з’яў. Прызнанне самога факта духоўнасці ў інш. людзях лічыў выяўленнем маральнага пачуцця чалавека, звязанага з маральным абавязкам, свабодай волі («Пра межы і адзнакі адушаўлення», 1892). Навук. псіхалогію лічыў дысцыплінай, што абмяжоўваецца апісаннем душэўных станаў з дапамогай метаду інтраспекцыі (саманазірання); крытычна ставіўся да эксперым. псіхалогіі і яе эмпірычных магчымасцей («Псіхалогія без усялякай метафізікі», 1914). Логіку разглядаў як частку гнасеалогіі, а яегал. функцыяй лічыў праверку дакладнасці працэсу пазнання («Логіка як частка тэорыі пазнання», 1909). Выступаў супраць атэізму, які, на яго думку, з’яўляецца вынікам нізкай культуры грамадства, засілля матэрыялізму, пазітывізму і марксізму («Лёс веры ў бога ў барацьбе з атэізмам», 1922).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВЯДЗЕ́НСКІ (псеўд.Басаргін) Аляксей Іванавіч
(26.5.1861, г. Серпухаў, Расія — 8.3.1913),
расійскі філосаф. Д-р багаслоўя (1902). Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1886), з 1887 працаваў у ёй (з 1892 узначальваў кафедру). У працы «Пра задачы сучаснай філасофіі ў сувязі з пытаннем пра магчымасці і кірункі філасофіі самабытна-рускай (pia desideria)» (1893) разглядаў праблемы спецыфікі рус. філасофіі і магчымых шляхоў яе развіцця. Сцвярджаў, што гал. месца ў рус.філас. светасузіранні належыць пытанню пра сэнс і каштоўнасць жыцця, якое, на яго думку, складае перадумову аналізу ўсіх інш.філас. пытанняў. Лічыў, што рус. філасофія звяртаецца да розных праблем, але і ў яе аснове ляжыць рэліг.-царк. пачатак ці «саборнасць свядомасці». У вырашэнні праблемы суадносін матэрыяльнага і ідэальнага светаў зыходзіў з прынцыпу дуалізму матэрыі і духу; выступаў супраць матэрыяліст. і ідэаліст. манізму, абмежаванасць якіх, на яго думку, пераадольваецца трансцэндэнтальным манізмам, што аб’ядноўвае матэрыяльны і духоўны пачаткі. Лічыў, што спасціжэнне ісціны даступна не індывід., а калект. розуму; ступень разумення ісціны ў грамадстве звязваў са стварэннем умоў для зладжанай калект. працы.