САГА́Н ((Sagan) Франсуаза) (н. 21.6.1935, г. Кажарк, Францыя),

французская пісьменніца. Вучылася ў Сарбоне. Зведала ўплыў М.​Пруста, А.​Жыда. Тыповы персанаж раманаў «Дзень добры, смутак» (1954, экранізаваны ў 1957), «Ці любіце вы Брамса?» (1959, экранізаваны ў 1961), «Крыху сонца ў халоднай вадзе» (1969), «Сінякі на душы» (1972), «Згублены профіль» (1974), «Надакучыла трываць» (1985), «Рыбіна кроў» (1987), «Павадок» (1989) і інш. — жанчына ў пошуках кахання, паразумення і шчасця. Яе творы адметныя аўтабіяграфічнасцю, паглыбленасцю ў душэўна-духоўны свет гераіні, драматызмам сітуацый, лірызмам. Аўтар шэрагу п’ес, у т. л. «Скрыпкі часам...» (1962), «Бэзавая сукенка Валянціны» (1963), «Піяніна ў траве» (1966), зб. навел «Аксамітавыя вочы» (1975), шматлікіх эсэ, кніг успамінаў. На бел. мову асобныя яе навелы пераклаў Л.​Казыра. У Брэсцкім т-ры драмы і музыкі пастаўлена п’еса «Калі конь траціць прытомнасць» (1993).

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Французская навела XX ст. Мн., 1992;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—4. М., 1992—93;

Ангел-хранитель: Романы, эссе. М., 1999;

Приблуда. М., 1999.

Літ.:

Уваров Ю.П. Современный французский роман, 60—80-е гг. М., 1985.

Е.​А.​Лявонава.

т. 14, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)