СТАНДАРТЫЗА́ЦЫЯ,
працэс устанаўлення і выкарыстання стандартаў з мэтай упарадкавання дзейнасці ў пэўнай галіне. Аб’ектамі С. з’яўляюцца сыравіна, прадукцыя, нормы, патрабаванні, метады, тэрміны, адзнакі і г.д., якія маюць тэндэнцыю да шматразовага выкарыстання. Адрозніваюць С. міжнародную, рэгіянальную, нацыянальную, галіновую і суб’ектаў гаспадарання. У міжнароднай С. Маюць права ўдзельнічаць адпаведныя органы ўсіх краін; у рэгіянальнай — адпаведныя органы пэўнага, геагр., паліт. ці эканам. рэгіёна. Нацыянальная С. ўстанаўліваецца ў канкрэтнай краіне; галіновая — у канкрэтнай галіне, суб’ектаў гаспадарання — на канкрэтным прадпрыемстве, установе, фірме і інш.
Дзярж. сістэма С. Рэспублікі Беларусь пачала фарміравацца ў 1922. Яе дзейнасць рэгламентавана Законам Рэспублікі Беларусь «Аб стандартызацыі» (1995). Яе асн. задачы і мэты: гарантыя бяспекі прадукцыі, работ і паслуг для жыцця і здароўя грамадзян і іх маёмасці; канкурэнтаздольнасці бел. тавараў на сусв. рынку; ахова навакольнага асяроддзя; сумяшчальнасць і ўзаемазамяняльнасць прадукцыі, маркіроўкі, адзінства метадаў кантролю; садзейнічанне ўкараненню рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій і г.д. Палітыку ў галіне С. ў рэспубліцы ажыццяўляюць Камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго органы на месцах.
І.В.Нікалаева.
т. 15, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)