УВЯДЗЕ́НСКІ (псеўд. Басаргін) Аляксей Іванавіч
(26.5.1861, г. Серпухаў, Расія — 8.3.1913),
расійскі філосаф. Д-р багаслоўя (1902). Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1886), з 1887 працаваў у ёй (з 1892 узначальваў кафедру). У працы «Пра задачы сучаснай філасофіі ў сувязі з пытаннем пра магчымасці і кірункі філасофіі самабытна-рускай (pia desideria)» (1893) разглядаў праблемы спецыфікі рус. філасофіі і магчымых шляхоў яе развіцця. Сцвярджаў, што гал. месца ў рус. філас. светасузіранні належыць пытанню пра сэнс і каштоўнасць жыцця, якое, на яго думку, складае перадумову аналізу ўсіх інш. філас. пытанняў. Лічыў, што рус. філасофія звяртаецца да розных праблем, але і ў яе аснове ляжыць рэліг.-царк. пачатак ці «саборнасць свядомасці». У вырашэнні праблемы суадносін матэрыяльнага і ідэальнага светаў зыходзіў з прынцыпу дуалізму матэрыі і духу; выступаў супраць матэрыяліст. і ідэаліст. манізму, абмежаванасць якіх, на яго думку, пераадольваецца трансцэндэнтальным манізмам, што аб’ядноўвае матэрыяльны і духоўны пачаткі. Лічыў, што спасціжэнне ісціны даступна не індывід., а калект. розуму; ступень разумення ісціны ў грамадстве звязваў са стварэннем умоў для зладжанай калект. працы.
В.І.Боўш.
т. 16, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)