бел. рукапісны помнік 1-й пал. 14 ст. Напісана для Лаўрышаўскага манастыра ўставам на пергаменце царк.-слав. мовай. Тэкст размешчаны ў 2 калонкі. Мае 374 нумараваныя старонкі. Змяшчае кананічны тэкст 4 евангельскіх кніг Новага запавету, што ўзыходзіць да стараж.-рус. традыцыі, дастасаваны да царк. службы (т. зв. апракас), а таксама 14 разгорнутых запісаў 14—16 ст. пра ўклады ў манастыр землямі, дваровымі людзьмі, збожжам, грашамі з упамінаннем мясц. прозвішчаў і геагр. пунктаў. Укладныя запісы перамяжоўваюцца ўстаўкамі на старабел. мове і маюць сціслыя каментарыі 16—17 ст. на бел. і польск. мовах. Кніга аздоблена вял. колькасцю па-мастацку выкананых ініцыялаў у тэраталагічным стылі і 19 мініяцюрамі на евангельскія сюжэты, некаторыя — складаныя шматфігурныя кампазіцыі. Пераплёт зроблены з дошак, абцягнутых аксамітам. На пераплёце замацаваны адзін з самых стараж.бел. абкладаў. На верхняй вокладцы 4 навугольнікі з бірузой. Іх краі аздоблены суцэльным карункавым арнаментам. У цэнтры абклада на сярэбранай пласціне выява святога з дзідаю і шчытом. Некат. даследчыкі лічаць, што ў вобразе святога ўвасоблены заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра Войшалк, на думку інш. даследчыкаў — гэта Дзмітрый Салунскі. Сярэднік на ніжняй вокладцы — пазалочаны крыж-распяцце. Кніга рэстаўрыравана ў 1887. Зберагаецца ў б-цы імя Чартарыйскіх у Кракаве.
Літ.:
Щапов Я.Н. Восточнославянские и южнославянские рукописные книги в собраниях Польской Народной Республики. М., 1976. С. 78—85;
Свентицкий И.С. Лаврашевское Евангелие начала XIV в.: (Палеогр.-граммат. описание) // Изв. отд.Рус. яз. и словесности имп. Академии наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1.
А.М.Пяткевіч.
Лаўрышаўскае евангелле. Пераплёт з абкладам (16 ст.?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕ́ВІЧ Казімір Севярынавіч (23.2.1878, каля Кіева — 15.5.1935),
бел. і расійскі мастак; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальніксупрэматызму. Вучыўся ў Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—05) і ў студыі Ф.Рэрберга (1905—10) у Маскве. У 1919—22 выкладаў у Нар.маст. школе «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Віцебску, стваральнік (разам з Л.Лісіцкім) арг-цыі «Сцвярджальнікі новага мастацтва». У 1923—27 дырэктар Ленінградскага ін-та маст. культуры. Раннія творы блізкія да імпрэсіянізму («Жанчына з кветкай», 1903; «Квітнеюць яблыні», 1904), пазней імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму («На сенажаці», 1909 «Станцыя без прыпынку», 1911; «Салдат першай дывізіі», 1914). З 1915 ствараў супрэматычныя кампазіцыі, у якіх цалкам адышоў ад адлюстравання натуральных рэчаў і з’яў, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў, трактаваў прадметную форму як камбінацыі кантрастных паводле колеру геам. элементаў: «Чорны квадрат», «Палёт аэраплана» «Супрэматызм (з сінім трохвугольнікам і чорным прамавугольнікам» (усе 1915), «Чырвоны квадрат» (1917), «Белы квадрат на белым фоне» (1919) і інш. У 1920 кіраваў маст. афармленнем свята 3-й гадавіны Кастр. рэвалюцыі ў Віцебску. У 1921 рабіў «супрэматычную кераміку» для Дзярж. завода ў Петраградзе. У апошнія гады жыцця маляваў партрэты («Дзяўчына з грэбенем», 1935, і інш.) і пейзажы. Аўтар кніг «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» (3-е выд.М., 1916), «Супрэматызм» (Віцебск, 1920), «Бог не скінут: Мастацтва, царква, фабрыка» (Віцебск, 1922).
Літ.:
Малевич: Художник и теоретик: Альбом. М., 1990;
Сарабьянов Д.В., Шатских А.С. Казимир Малевич: Живопись. Теория. М., 1993;
Малевич: Классич. авангард. Витебск, 1997;
Конан У. Вобраз Казіміра Малевіча: факты і міфы // Мастацтва. 1998. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАДЫ́СТЫ,
паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму. Узніклі ў 1729 у межах англіканства (гл.Англіканская царква), афіцыйна вылучыліся з яго ў 1795. Заснавальнік — Дж.Уэслі (1703—91). М. лічылі сваёй гал. мэтай безумоўнае, метадычнае (адсюль назва) выкананне рэліг. запаветаў, увасабленне іх у жыццё шляхам місіянерскай дзейнасці і асабістым прыкладам. Аснову М. складалі студэнты Оксфардскага ун-та, якія ў перыяд прамысл. рэвалюцыі ў Англіі звярнуліся да «простага люду» з ідэямі цярплівасці і пакорлівасці лёсу. На падставе рознага разумення ідэі выратавання М. падзяліліся на 2 плыні: адны набліжаліся да кальвінізму і адстойвалі прынцыпы абранасці, наканаванасці лёсу, асабістай веры, а другія падзялялі вучэнне Я.Армінія аб свабодзе волі. Суполкі («класы») М. складаліся з 12—20 чал. і падпарадкоўваліся «акругам», якія ўзначальваліся суперінтэндантамі. Вышэйшы кіруючы орган М. — штогодняя канферэнцыя. У 1881 створаны Сусв. савет М., які арганізуе сусв. канферэнцыі М. З 1813 існуе місіянерскае т-ва М. З 1943 М. ўдзельнічаюць у дзейнасці Сусв. савета цэркваў. М. спалучаюць 2 формы царк. арг-цыі: епіскапальную (ЗША) і прэсвітэрыянскую (Вялікабрытанія); у канцы 20 ст. прэсвітэрыянскія М. робяць захады да аб’яднання з англіканамі. У канцы 1990-х г. было больш за 32 млн. М. У Зах. Беларусі ў 1920-я г.амер. М. заснавалі сваю місію з цэнтрам у Вільні. Аддзяленні місіі дзейнічалі ў Клецку, Лідзе, Шчучыне і інш. У пропаведзях і спевах М. выкарыстоўвалі бел. мову, выпускалі на ёй сваю л-ру. У 1944 у Беларусі мелася 10 метадысцкіх суполак: у Клецку, Лідзе, Нясвіжы, Шчучыне, Юрацішках (Іўеўскі р-н), Лідскім (2), Маладзечанскім (2), Пінскім р-нах. Дзейнасць М. у Беларусі заняпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын канцлера М.Радзівіла. Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў. З 1500-х г. займаў пасады намеснікаў, у т. л. віленскага, мейшагольскага, мерацкага, уцянскага, мазырскага (у 1511—14), гродзенскага (з 1514), лідскага і беліцкага (з 1528). Падчашы ВКЛ у 1509—17, ваявода кіеўскі ў 1511—14, гетман надворны (польны) у 1520—23, кашталян трокскі ў 1522—27 і віленскі з 1527; адначасова з 1528 маршалак надворны і з 1531 вял. гетман. Праславіўся сваім удзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах. У 1508 удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 са слуцкім кн. Ю.С.Алелькавічам разбіў крымскіх татар ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева. 28.4.1512 удзельнічаў у пераможнай бітве супраць татар пад Лапушнай (каля Вішнеўца). У Аршанскай бітве 1514 камандаваў лёгкай конніцай на левым флангу. У 1517 удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, у 1519 — у баях з маскоўскім войскам каля Крэва. 27.1.1527 разам з К.Астрожскім разбіў татар на р. Альшаніца каля г. Канеў. У 1519—21 ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—37. У 1535 войска на чале з Р. і каронным вял. гетманам Я.Тарноўскім узяло Гомель і Старадуб. У 1530-х г. Р. разам з канцлерам ВКЛ А.Гаштольдам і жамойцкім старостам Я.Радзівілам уваходзіў у магнацкі трыумвірат, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вял. князя. Быў адным з найбагацейшых магнатаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎД (Raud),
эстонскія мастакі, браты. Нарадзіліся ў Віру-Яагупі (Эстонія). Крысцьян Р. (22.10.1865—19.5.1943), графік. Вучыўся ў Пецярбургскай (з 1892), Дзюсельдорфскай (1897—98), Мюнхенскай (1901—03) АМ, у школе А.Ажбе ў Мюнхене (з 1899). Заснавальнік і кіраўнік маст. студыі ў г. Тарту (каля 1905—14). У 1923—26 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Ў 1890-я г. рабіў жанравыя эцюды і замалёўкі з жыцця эст. сялян («У хаце», 1896—98). Пазней зазнаў уплывы мадэрну і сімвалізму. На аснове стылявых асаблівасцей эст.нар. разьбы па дрэве выпрацаваў своеасаблівую манеру экспрэсіўнага манументалізаванага станковага малюнка. Сярод твораў: «Збор бульбы» (1896), «Трыпціх на сюжэт казання «Тагасветная нявеста» (1919), «Ігра на кантэле» (1914—28), «Жніво» (каля 1938), «У сялянскай хаце» (1939), «Селянін» (1942), цыклы малюнкаў «Чалавек і ноч» (1907—09) і на тэму эст. эпасу «Калевіпаэг» (1920—40-я г.). Адзін з заснавальнікаў Эст.нар. музея (1909, цяпер Этнаграфічны музей Эстоніі) у Тарту, ініцыятар стварэння Эстонскага музея (1919, цяпер Маст. музей Эстоніі) у Таліне. Паўль Р. (23.10.1865—22.11.1930), жывапісец. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (1888—94) і ў Пецярбургу (1911) у І.Рэпіна. З 1923 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Пісаў пераважна заказныя парадныя партрэты ў акад. духу, а таксама жанравыя і пейзажныя эцюды, этнаграфічна дакладныя збіральныя партрэты эст. сялян. Сярод твораў: «Дама ў чырвоным капелюшы» (1893), партрэт Н.Ікскюль (1894), «Дзядзька Паўль з люлькай» (каля 1894—96), «Стары з вострава Муху» (1898), «Матыў Пакры» («Сенакос», 1899), «Аўтапартрэт з палітрай» (1908) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ФАН (Стеван),
імя правіцеляў Сербіі ў 12—15 ст.Найб. значны уклад у гісторыю краіны зрабілі:
Стэфан Няманя (1113 або 1114—1200), вялікі жупан (князь) каля 1170—96, заснавальнік сербскай дзяржавы і дынастыі Няманічаў. Аб’яднаў значную ч. сербскіх зямель у адзіную дзяржаву. У 1190 пасля шэрагу сутыкненняў (1172, 1183 і інш.) з Візантыяй дамогся ад яе прызнання незалежнасці Сербіі. У 1196 перадаў уладу сыну Стэфану Першавянчанаму і прыняў манаства.
Стэфан Первавянчаны (? — 24.9.1227), вялікі жупан з 1196, кароль з 1217 (каранаваны ў 1219). Працягваў палітыку бацькі, вёў барацьбу з рознымі групамі феадалаў. Ваяваў з Венгрыяй, Балгарыяй, Лацінскай імперыяй. Каралеўскі тытул атрымаў ад рым. папы. Аўтар жыцця Стэфана Нямані (1216).
Стэфан Душан (каля 1308 — 20.12.1355), кароль з 1331, цар з 1345. З дынастыі Няманічаў. У выніку працяглых войнаў з Візантыяй далучыў да Сербіі македонскія, алб. і частку грэч. зямель і ўтварыў вял. серба-грэч. царства, па-за межамі якога засталіся карэнныя сербскія вобласці Хум і Мачва. У канцы 1345 абвясціў сербскую архіепіскапію патрыярхіяй і каранаваны «царом сербаў і грэкаў». У 1349 выдаў збор законаў («Законнік»), які ўмацоўваў феад. парадкі.
Стэфан Лазаравіч (каля 1377 — 19.7.1427), князь з 1389, дэспат з 1402. Сын кн. Лазара [1371—89], які загінуў у бітве на Косавым полі (1389). Быў васалам тур. султана, але спрабаваў умацаваць цэнтр. ўладу і аб’яднаць сербскія землі. Імкнучыся да вызвалення ад тур. залежнасці, заключыў саюз з каралём Венгрыі, ад якога дамогся ўступкі г. Бялград цаной фактычнага прызнання венг. пратэктарату над Сербіяй. Зрабіў Бялград сталіцай краіны, пашырыў свае ўладанні да рэк Сава і Дунай і Адрыятычнага м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́РЫЧ (сапр.Аляксееў) Юрый Віктаравіч
(14.1.1885, г. Полацк Віцебскай вобл. — 22.2.1967),
бел. і расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст; заснавальнікбел. кіно. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1903—05). У 1905 за рэв. дзейнасць сасланы ў Табольскую губ. З 1907 акцёр правінцыяльных т-раў у Сібіры, з 1918 акцёр і рэжысёр маскоўскіх т-раў (у 1920—24 адзін з кіраўнікоў Курсанцкага т-ра ў Крамлі). З 1923 выступаў як сцэнарыст, з 1925 рэжысёр кіно. Паставіў у Расіі фільмы «Марока» (з Я.Івановым-Барковым), «Першыя агні», «Банда бацькі Кныша» (усе 1925), «Крылы халопа» (1926), «Булат-Батыр» і «Капітанская дачка» (1928). У 1926 зняў першы бел.маст. фільм «Лясная быль» паводле аповесці М.Чарота «Свінапас» — героіка-рамантычная стужка пра падзеі грамадз. вайны на Беларусі. У 1928—39 на кінастудыі «Савецкая Беларусь», дзе паставіў фільмы: «Да заўтра» (1929), «Нянавісць» і «Вышыня 88,5» (абодва 1930), «Шлях карабля» (1935), «Адзінаццатае ліпеня» (1938). Творчасць Т. вызначаецца спалучэннем рэальных гіст. падзей з маст. вымыслам, рамантызму з псіхалагізмам, тонкім адчуваннем бел. прыроды. У час Вял.Айч. вайны зняў навелу «На кліч маці» для кіназборніка «Беларускія навелы» (1942, з У.Корш-Сабліным). У 1943—45 маст. кіраўнік кінастудыі «Манголкіно», з 1945 на кінастудыях Масквы. У 1951—54 зняў дакумент. фільмы на кінастудыі «Беларусьфільм» («Народны паэт», 1952, і інш.), маст. кіраўнік кінафільма «Апавяданні пра юнацтва» (1961).
Літ.:
Красинский А.В. Юрий Тарич. Мн., 1971;
Власов М. Юрий Тарич // 20 режиссерских биографий. М., 1971;
Гісторыя кінамастацтва Беларусі: У 4 т. Т. 1. 1924—1959 гг. / А.В.Красінскі. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ЙНМАН (Feynman) Рычард Філіпс (11.5.1918, Нью-Йорк, ЗША — 15.2.1988),
амерыканскі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай электрадынамікі; заснавальнік нанатэхналогіі. Чл.Нац.АН ЗША (1954—69). Замежны чл. Бразільскай АН (1951), Лонданскага каралеўскага т-ва (1965). Яго бацька нарадзіўся у Мінску. Ф. скончыў Масачусецкі тэхнал.ін-т (1939) і Прынстанскі ун-т (1942). З 1943 у Лос-Аламаскай нац. лабараторыі, удзельнік стварэння першай атамнай бомбы. З 1945 у Корнелскім ун-це, з 1950 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1951 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, фізіцы элементарных часціц, статыст. фізіцы, звышцякучасці гелію, тэорыі гравітацыі. Пабудаваў квантавую электрадынаміку (1948; незалежна ад Дж.Швінгера і С.Таманага). Прапанаваў метад графічнага прадстаўлення ўзаемадзеянняў элементарных часціц і іх пераўтварэнняў (1949, дыяграмы Ф.). Развіў тэорыю квантаваных віхроў у звышцякучым геліі (1955; незалежна ад Л.Онсагера). Пабудаваў тэорыю слабых узаемадзеянняў (1958; з М.Гел-Манам). Выказаў ідэю (1958) і прапанаваў (1984) першы варыянт квантавага камп’ютэра. Аўтар сусветна вядомага курса «Фейнманаўскія лекцыі па фізіцы» (т. 1—3, 1963—455, з Р.Лейтанам, М.Сэндсам). Яго імем названа малая планета. Нобелеўская прэмія 1965 (са Швінгерам і Таманага).
Тв.:
Рус.пер. — Квантовая электродинамика. М., 1964;
Взаимодействие фотонов с адронами. М., 1975;
Статистическая механика. 2 изд. М., 1978;
Теория фундаментальных процессов. М., 1978;
Характер физических законов. 2 изд. М., 1987;
Фейнмановские лекции по гравитации. М., 2000 (разам з Ф.Б.Марыніга, У.Г.Вагнерам).
Літ.:
Костюкович Н.Н. Нобелевский лауреат Ричард Фейнман: Американ. гений с бел. родословной // Вести. Фонда фундамент. исслед. 2002. №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАСІДЫ́ЗМ (ад стараж.-яўр. хасід — набожны),
рэлігійна-містычны рух у іудаізме. Узнік у 1-й пал. 18 ст. на Валыні, Падоллі, Галіцыі і пашырыўся па ўсёй Рэчы Паспалітай, а пазней і сярод сусв. яўрэйства. У аснове веравучэння Х. — спалучэнне элементаў рабінізму і Кабалы (іудзейскай містыкі). Яго заснавальнік І.Бешт (1700—60) прапанаваў вернікам містычны спосаб пазбегнуць роспачы і заняпаду без скрупулёзнага выканання абрадаў і глыбокага вывучэння Талмуда, як таго патрабавалі рабінска-кагальныя вярхі.
На Беларусь Х. пранік у 1770-я г. і сустрэў супраціўленне з боку прыхільнікаў традыц. рабіністычнага іудаізму. Першым прапаведнікам Х. стаў рабін з прыгарада Пінска Карлін (Каралін; А.Карлінскі), які засн. тут 1-ю хасідскую абшчыну. Пазней пад кіраўніцтвам Ш.Залмана з Лёзна, духоўнага правадыра бел.-літ. хасідаў, былі праведзены рэформы ў рэліг. дагматыцы і абраднасці і заснаваны новы, больш рацыянальны кірунак у Х. — Хабад. Буйныя цэнтры Х. ўзніклі ў Століне, Ляхавічах, мяст. Адмур Гродзенскай губ. і інш. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі хасіды атрымалі больш свабоды для прапаганды свайго вучэння. У 1804 рас. ўрад выдаў «Палажэнне», у якім прызнаў існаванне ў рас. яўрэйстве 2 кірункаў, узаконіў іх, і Х. заняў легальнае месца ў рэліг. жыцці яўрэяў Беларусі. У наш час паслядоўнікі Хабада — «Любавіцкія хасіды» (назва ад мяст. Любавічы Магілёўскай губ., цяпер у Смаленскай вобл. Расіі, дзе жылі нашчадкі Залмана), якіх узначальвае дынастыя Шнеерсонаў; з 1940 маюць цэнтр у Нью-Йорку.
Літ.:
Бершадский С. Литовские евреи. СПб., 1883;
Герасімава І.П. Прадпасылкі і станаўленне хасідызму на Беларусі // Нацыянальная палітыка расійскага самадзяржаўя на Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫЯЛКО́ЎСКІ Канстанцін Эдуардавіч (17.9.1857, с. Іжэўскае Разанскай вобл., Расія — 19.9.1935),
расійскі вучоны і вынаходнік у галіне аэрадынамікі і ракетнай тэхнікі; заснавальніккасманаўтыкі. Адукацыю атрымаў самастойна.
Экстэрнам здаў экзамены на званне настаўніка (1879) і ўсё жыццё выкладаў фізіку і матэматыку (з 1892 у г. Калуга). Працаваў над стварэннем тэорыі і канструкцыі суцэльнаметал. кіравальнага дырыжабля, потым самалёта-манаплана з метал. каркасам (1885—94). Пабудаваў першую ў Расіі аэрадынамічную трубу (1897) і даследаваў на ёй простыя мадэлі (1900). У 1883 выказаў думку пра магчымасць выкарыстання рэактыўнага руху пры стварэнні міжпланетных лятальных апаратаў. У «Даследаванні сусветных прастораў рэактыўнымі прыладамі» (1903) Ц. ўпершыню ў свеце тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць міжпланетных зносін з дапамогай ракет, распрацаваў тэорыю палёту, вывеў законы руху ракеты як цела пераменнай масы. Даў інж. рашэнні канструкцыі ракет, асновы тэорыі вадкаснага ракетнага рухавіка і элементы яго канструкцыі, прапанаваў розныя віды паліва для ракетных рухавікоў. Упершыню абгрунтаваў неабходнасць выхаду чалавецтва ў космас для захавання і далейшага развіцця цывілізацыі; як першыя крокі ў гэтым кірунку яшчэ ў пач. 20 ст. прапанаваў стварэнне і выкарыстанне ШСЗ і арбітальных станцый. Ідэі Ц. выкарыстоўваюцца пры стварэнні сучасных ракетных рухавікоў, касм. ракет і апаратаў. АНСССР заснавала залаты медаль імя Ц. «За выдатныя заслугі ў галіне міжпланетных зносін» (1954). Імем Ц. названы кратэр на Месяцы.