РАДЗІВІ́Л (Юрый) (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын канцлера М.Радзівіла. Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай галіны роду Радзівілаў. З 1500-х г. займаў пасады намеснікаў, у т. л. віленскага, мейшагольскага, мерацкага, уцянскага, мазырскага (у 1511—14), гродзенскага (з 1514), лідскага і беліцкага (з 1528). Падчашы ВКЛ у 1509—17, ваявода кіеўскі ў 1511—14, гетман надворны (польны) у 1520—23, кашталян трокскі ў 1522—27 і віленскі з 1527; адначасова з 1528 маршалак надворны і з 1531 вял. гетман. Праславіўся сваім удзелам у войнах і перамогамі ў 30 бітвах. У 1508 удзельнічаў у вайне з Маскоўскай дзяржавай. У 1511 са слуцкім кн. Ю.С.Алелькавічам разбіў крымскіх татар ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева. 28.4.1512 удзельнічаў у пераможнай бітве супраць татар пад Лапушнай (каля Вішнеўца). У Аршанскай бітве 1514 камандаваў лёгкай конніцай на левым флангу. У 1517 удзельнічаў у паходзе пад Пскоў, у 1519 — у баях з маскоўскім войскам каля Крэва. 27.1.1527 разам з К.Астрожскім разбіў татар на р. Альшаніца каля г. Канеў. У 1519—21 ваяваў супраць Тэўтонскага ордэна. Камандаваў войскам ВКЛ у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—37. У 1535 войска на чале з Р. і каронным вял. гетманам Я.Тарноўскім узяло Гомель і Старадуб. У 1530-х г. Р. разам з канцлерам ВКЛ А.Гаштольдам і жамойцкім старостам Я.Радзівілам уваходзіў у магнацкі трыумвірат, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вял. князя. Быў адным з найбагацейшых магнатаў ВКЛ.