сістэма гаспадарання, пры якой прадпрыемствы (аб’яднанні) пакрываюць свае бягучыя затраты і затраты на расшыранае ўзнаўленне з уласных крыніц. Ва ўмовах С. тэхн. пераўзбраенне, рэканструкцыя, матэрыяльнае стымуляванне і сац. развіццё ажыццяўляюцца за кошт заробленых сродкаў і банкаўскіх крэдытаў. Пры С. асноўны ацэначны паказчык работы — прыбытак. С. прадугледжвае шырокае развіццё гасп. самастойнасці і ініцыятывы прадпрыемстваў (аб’яднанняў), стварае ўмовы і стымулы для тэхн. абнаўлення і павышэння эфектыўнасці вытв-сці. С. — фінансаванне бізнесу без выкарыстання пазыковых сродкаў і сродкаў, атрыманых у выніку распаўсюджання выпуску акцый. Для арг-цыі бізнесу неабходна сума першапачатковага капіталу; далейшае яго развіццё можа ажыццяўляцца шляхам рэінвесціравання атрыманага прыбытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКО́МА [ад грэч. sarx (sarkos) мяса + ...ома],
злаякасная пухліна чалавека і жывёл, якая развіваецца са злучальнай тканкі. На разрэзе падобная да сырога рыбінага мяса (адсюль назва). Адрозніваюць ангіясаркому (развіваецца з крывяносных сасудаў), лімфасаркому (з лімфатычных вузлоў), астэасаркому (з касцявой тканкі), ліпасаркому (з тлушчавай тканкі), нейрагенную С. (з нерв. тканкі). Прыкметы С.: пухліна хутка расце і разбурае навакольныя тканкі, метастазуе па крывяносных сасудах.
Прыкметы С. мяккіх тканак — пухліна без акрэсленых межаў, зрэдку боль. Пры С. касцей парушаецца іх функцыя, з’яўляецца прыпухласць, боль, які не сціхае. Лячэнне хірург., прамянёвая тэрапія, проціпухлінныя сродкі. У жывёл часцей адзначаюцца ліпасаркома і фібрасаркома (пухліна з валакністай злучальнай тканкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВЕ́Ц (Nardus),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 1 від — С. стаячы (N. stricta). Пашыраны ў цеплаўмераным поясе Еўразіі. Заносны ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца на лясных пясчаных палянах, на ўскрайках балот, часам утварае лугі. Нар. назвы пясюк, чортава барада.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—40 см. Утварае густыя дзярніны. Сцёблы цвёрдыя, прамастойныя, без вузлоў. Лісце шчацінкападобнае, шызавата-зялёнае, шурпатае. Адмерлае лісце захоўваецца некалькі гадоў і ўтварае светлую «грыву» вакол жывых парасткаў (адсюль назва). Суквецце — аднабокі колас з сядзячымі аднакветнымі каласкамі. Плод — зярняўка. Кармавая расліна нізкай якасці (індыкатар беднасці глебы), выкарыстоўваецца для замацавання пяскоў і як дэкаратыўная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ПЫ (Gyps),
род птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных, або драпежных. 4 віды. Найб. пашыраны: С. белагаловы (G. fulvus), трапляецца ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі; кумай, або грыф снежны, ці гімалайскі (G. himalayensis), жыве ў высакагорных раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Афрыканскі ягнятнік (G. coprotheres) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 150 см, маса да 12 кг. Апярэнне ад цёмна-бурага да пясчана-жоўтага. Галава і шыя без пер’яў, укрытая белаватым або шэрым пухам. Дзюба доўгая, моцная. Патурбаваныя птушкі выдаюць доўгае сіпенне (адсюль назва). Кормяцца падлай. У кладцы 1 (зрэдку 2) яйцо.
Сіпы: 1 — белагаловы; 2 — кумай, або грыф снежны. ці гімалайскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛАЛА́ЖАННЕспартыўнае,
праходжанне скальных маршрутаў з улікам хуткасці і складанасці пад’ёму; від альпінізму. Уключае індывід. ўзыходжанні без прыстасаванняў і камандныя — двух спартсменаў, якія ўзаемадзейнічаюць у звязцы пры выкарыстанні спец. прылад і рыштунку. Спаборніцтвы праводзяцца на крутых скалах выш. каля 100 м. Узнікла С. ў СССР у 1930-я г. На Беларусі Федэрацыя альпінізму і скалалажання існуе з 1955. Чэмпіянаты рэспублікі па С. праводзяцца з 1973. Найб. актыўна развіваецца С. ў гарадах Бабруйск, Барысаў, Гомель, Жлобін, Ліда, Магілёў, Мінск, Пінск. Штучныя скаладромы пабудаваны ў Гомелі і Мінску. У міжнар. спаборніцтвах найб. вызначыліся Дз.Бычкоў, А.Дыбанаў, В.Хананаў, С.Шафераў (1999—2001) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРАЗНА́Я РЫ́ФМА,
рыфма, якая праходзіць праз увесь вершаваны твор Побач з радкамі са С.р. могуць быць радкі без яе ці спалучаныя інш. рыфмоўкай. Для С.р. характэрна сіметрычнасць размяшчэння спалучаных ёю вершаваных радкоў. С.р. выдзяляе найб. значныя ў маст. адносінах словы:
Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!
(Я.Купала. «А зязюлька кукавала...»)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАГАРО́ВІЧ Марка Станіслававіч (н. 28.2.1927, в. Забалацце Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.паэт. У Вял.Айч. вайну ў партыз. атрадзе, у выніку ранення застаўся без рук. Друкуецца з 1951. У вершах — суровая памяць вайны, апяванне хараства роднага краю, справы сучаснікаў: зб-кі «Мой таварыш» (1955), «На крыллях песні» (1958), «Маё выступленне» (1961), «Крокі» (1966), «Пачастунак» (1969), «Разводдзе» (1973), «Сплаў» (1976), «Жорны віру» (1980), «Бляск крышталю», (1983), «Далоні Радзімы» (1994). Піша для дзяцей: зб-кі «Каля кастра» (1959), «Жураўліная труба» (1968), «Паглядае Дзіма ў неба» (1978), «Гартаванне» (1987). Сатыр. вершы ў зб. «Са свайго пункту гледжання» (1966, з М.Макаевым і І.Шуцько).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОМзвычайны
(Silurus glanis),
рыба сям. сомавых атр. карпападобных. Пашыраны ў Еўропе на У ад р. Рэйн (акрамя бас.Паўн. Ледавітага ак. і Балканскага п-ва) і ў Азіі ў бас. Аральскага м., р. Амур. Аселы, жыве ў глыбокіх месцах. На Беларусі рэдкі.
Даўж. да 5 м, маса да 300 кг. Цела верацёнападобнае, без лускі. Спіна чорная, бакі жоўта-зялёныя, бруха амаль белае. Скура мяккая, слізкая. Галава вял., пляскатая. Рот шырокі, ніжняя сківіца даўжэйшая за верхнюю. На верхняй сківіцы пара доўгіх вусікаў, на ніжняй — 2 пары кароткіх. Вочы невялікія. Анальны плаўнік доўгі, зліваецца з закругленым хваставым. Драпежнік. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІДВЕ́Й (англ. speedway ад speed скорасць + way шлях, дарога),
матацыклетныя гонкі на гаравых трэках; адзін з відаў матацыклетнага спорту. Разнавіднасці С. — гонкі па ледзяной дарожцы стадыёна, па грунтавых і травяных трэках. Спартсмены выступаюць на матацыклах пераважна з аб’ёмам рухавіка 500 см³ (4 цыліндры), без тармазоў. У гонках па ледзяной дарожцы пакрышкі матацыклетных колаў забяспечваюцца метал. шыпамі.
Чэмпіянаты свету праводзяцца: на гаравых трэках у асабістым заліку з 1934, у камандным — з 1960; сярод пар — з 1970; на лёдзе ў асабістым заліку з 1966, у камандным — з 1978; на грунтавых трэках — з 1971 Найб. пашыраны ў Аўстраліі. Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Польшчы, Расіі, Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТАСТА́Т (ад стратасфера + грэч. statos нерухомы, стаячы), вышынны свабодны аэрастат,
некіроўны аэрастат для пад’ёму ў стратасферу экіпажа і абсталявання для навук. або спарт. мэт; адзін з асн. лятальных апаратаў паветраплавання.
Складаецца з абалонкі (тканіна, плёначныя матэрыялы) для лёгкага газу (вадарод, гелій), гандолы, падвескі (прымацоўвае гандолу да абалонкі) і амартызатара для змяншэння штуршкоў у час прызямлення. З дапамогай С. вывучаюць спектр Сонца, зямны магнетызм, атм. вільготнасць. распаўсюджанне радыёхваль, інтэнсіўнасць касм. прамянёў і інш. У 1933 С. «СССР-1» (аб’ём абалонкі 25 тыс.м³) падняўся на 19 км. Найб.выш. пад’ёму з экіпажам 34,7 км (1961, ЗША), без экіпажа — 52 км (1972, ЗША, аб’ём абалонкі 1,36 млн.м5).