АНТАНІЁНІ
(Antonioni) Мікеланджэла (н. 29.9.1912, г. Ферара, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Вышэйшую школу эканомікі і камерцыі ў Балонні. Асн. тэма творчасці — даследаванне ўнутр. свету чалавека, які адчувае сваю ізаляванасць, пакінутасць, адзіноту і боязь жыцця. У пасляваен. эпоху паказаў раз’яднанасць людзей, іх трагічную «некамунікабельнасць». Героі яго стужак пакутліва перажываюць сваю ўнутраную самоту: «Хроніка аднаго кахання» (1950), «Пераможаныя» (1952), «Дама без камелій» (1953), «Сяброўкі» (1955). Своеасаблівы цыкл складаюць фільмы 1960-х г., у якіх паказаны разрыў кантакту герояў з рэальнасцю, унутраны крызіс: «Крык» (у сав. пракаце «Адчай»), «Ноч», «Зацьменне», «Чырвоная пустыня». Майстэрскае выкарыстанне натуральных шумаў, паўз, сімвалічных дэталяў робіць фільмы Антаніёні гукапластычным відовішчам. У інш. краінах зняў фільмы: «Фотапавелічэнне» (Англія, 1967), «Забрыскі Пойнт» (ЗША, 1970), «Прафесія: рэпарцёр» (Алжыр, 1975).
Літ.:
Антониони об Антониони: Статьи, эссе;
Интервью;
Тот кегельбан над Тибром.
Тв.:
Рус. пер. — М., 1986.
В.Ф.Нячай.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)