ФІЛІМО́НАЎ Аляксандр Андрэевіч (н. 9.5.1918, в. Кучын Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел.гісторык. Герой Сав. Саюза (1945). Д-ргіст.н. (1969), праф. (1970). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1942), БДУ (1949). У Вял.Айч. вайну з 1943 на Сцяпным, 1-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Чэхаславакіі. Танк. рота на чале са ст. лейт. Ф. вызначылася 16—18.4.1945 у баях у прыгарадзе Берліна, дзе адбіла 10 атак, знішчыла 12 танкаў і самаходных гармат, 11 палявых гармат, 20 грузавых аўтамашын, 35 кулямётных кропак, шмат жывой сілы ворага. З 1947 на выкладчыцкай рабоце, з 1969 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, у 1975—91 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. Распрацоўвае праблемы гісторыі БССР, Вял.Айч. вайны, нац. адносін, агр. пытанняў і інш. Адзін з аўтараў і чл. рэдкалегіі кн. «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 5, 1975), «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (кн. 2, 1984).
А.А.Філімонаў.
Тв.:
Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;
Главная сила и опора Советской власти. 2 изд. М., 1982;
Партизанский фронт в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЛАМПО́ВІЧ Канстанцін Васілевіч (30.7.1870, в. Рагачы Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.3.1932),
бел.гісторык царквы, педагог. Чл.-кар. Петраградскай АН (1916), акадэмік АН Украіны (1919). Скончыў Віленскае духоўнае вучылішча і Літоўскую духоўную семінарыю (1890), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). Выкладаў у Казанскай духоўнай семінарыі (з 1895), з 1899 прыват-дацэнт, у 1909—21 праф. Казанскага ун-та. Даследаваў гісторыю правасл. царквы і асвету ў Беларусі, Расіі і на Украіне ў 16—17 ст., іх дзеячаў, становішча бел. і ўкр. народаў у Рэчы Паспалітай, узаемасувязі ўсх.-слав. л-р. За працу «Заходнярускія праваслаўныя школы XVI і пачатку XVII ст....» (Казань, 1898) прысуджаны Увараўская і Карпаўская прэміі. Знайшоў невядомую раней працу А.Курбскага на польск. мове. У яго працах шмат каштоўнага фактычнага матэрыялу.
Тв.:
К истории западнорусского просвещения. Виленская братская школа в первые полвека своего существования. Вильна. 1897: Острожская православная школа. Киев. 1897;
Западнорусские церковные братства и их просветительная деятельность в конце XVI и начале XVII в. [СПб.], 1899;
Афиноген Крыжановский: (Из истории культурного влияния Западной Руси на Восточную в XVII в.) // Сб. статей в честь Д.А.Корсакова. Казань. 1913;
Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. 1. Казань. 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К’Я́РЫ (Chiari) Бернгард (н. 20.7.1965, Вена),
нямецкі гісторык. Д-р навук (1997). У 1992—97 спецыялізаваўся на кафедры ўсх.-еўрап. гісторыі Франкфурцкага ун-та. З 2000 працуе ў Цэнтры ваен.-гіст. даследаванняў у г. Патсдам. Даследуе праблемы сучаснага развіцця Беларусі, Расіі і Паўд.-Усх. Еўропы, Беларусі як мультыкультурнага рэгіёна, гісторыю Расіі 19—20 ст. і СССР, гісторыю яўрэяў у Польшчы, Расіі і Сав. Саюзе. Аўтар кнігі «Будні дзень за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыянізм і супраціўленне ў Беларусі, 1941—1944» (1998), адзін з аўтараў «Падручніка па гісторыі Беларусі» (Гётынген, 2001). Рэдактар кнігі даследаванняў «Польская Армія Краёва: Гісторыя і міф Арміі Краёвай пасля 2-й сусветнай вайны» (Мюнхен, 2003). Член рэд. рады час. «Беларускі гістарычны агляд».
Тв.:
Бел.пер. — Гісторыя як паслядоўнасць катастроф: Бел. рэгіён як акупаванае грамадства (1939—1944/47) // Бел.гіст. агляд. 1996. Т. 3, сш. 2;
Лёс беларускіх габрэяў у «Генеральным камісарыяце Беларутэнія» // Там жа. 2000. Т. 7, сш. 1(12);
Подходы к истории второй мировой войны в двух исследованиях из Германии // Беларусь і Германія. Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы міжнар.навук.канф.Мн., 2003. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЛЕ́Ц Міхаіл Васілевіч (н. 15.2.1959, г. Любань Мінскай вобл.),
бел.гісторык, палітолаг. Д-ргіст.н. (2003), праф. (2002). Скончыў БДУ (1981). З 1981 настаўнічаў. З 1987 у Брэсцкім тэхн. ін-це. Даследуе пытанні гісторыі і палітыкі Германіі ў 2-й пал. 20 ст., бел.-ням. сувязі. Сааўтар навуч. дапаможнікаў па гісторыі Беларусі і ўсеагульнай гісторыі для сярэдняй школы і ВНУ: «Малавядомыя старонкі гісторыі Беларусі: перыядызацыя, духоўная і матэрыяльная культура, манеты» (1991), «Некаторыя пытанні вывучэння эканамічнай гісторыі Беларусі ў ВНУ» (1995), «Некаторыя пытанні вывучэння гісторыі, эканамічнай тэорыі і культуралогіі ў ВНУ» (1997) і інш.
Тв.:
ФРГ и проблемы ограничения и сокращения вооружений в Европе (1949—1990 гг.). Брест, 1997;
Імперская ідэя ў нямецкай гісторыі і яе крах. Брэст, 1997;
Бонн и постсоциалистическое пространство в Европе: концепции и реалии 1990-х гг. Брест, 1999 (разам з В.І.Старыкавым);
Асноўныя этапы гісторыі беларуска-нямецкіх сувязяў. Брэст, 2000 (разам з М.А.Коршакам);
Германский бундесвер в 1990-е гг.: новые акценты, новые задачи. Брест, 2000 (разам з П.У.Малашуком);
Базавая тэрміналогія па гісторыі Беларусі. Брэст, 2001 (разам з Коршакам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ Міхаіл Сяргеевіч (29.9.1866, г. Хэлм, Польшча — 25.11.1934),
дзеяч укр.нац.-вызв. руху, гісторык. Акад.АН Украіны (1924) і АНСССР (1929). Брат А.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). У 1894 — 1914 выкладаў гісторыю Украіны ў Лембергскім (Львоўскім) ун-це. Кіраваў дзейнасцю Навук.т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове (1897) і Т-ваўкр. прагрэсістаў у Кіеве (з 1908). Адзін з арганізатараў Галіцка-ўкр. нац.-дэмакр. партыі (1899). У 1-ю сусв. вайну за арыентацыю на Германію арыштаваны і сасланы рас. ўладамі (1914—17). З сак. 1917 чл.Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адначасова (да крас. 1918) старшыня Цэнтральнай рады. У 1919—24 у эміграцыі, заснаваў у 1919 у Вене Укр. сацыялагічны ін-т. З 1924 на навук. і інш. рабоце ў Кіеве. З пач. 1931 у Маскве. Аўтар «Нарыса гісторыі Кіеўскай зямлі ад смерці Яраслава да канца XIV ст.» (1891), «Гісторыі Украіны-Русі» (т. 1—10, 1898—1936) і інш. прац, у якіх адстойваў адметнасць укр. народа, лічыў Кіеўскую Русь укр. дзяржавай, адмаўляў нарманскую тэорыю, з аб’ектывісцкіх пазіцый аналізаваў дзейнасць гетманаў Б.М.Хмяльніцкага, І.Я.Выгоўскага і І.С.Мазепы, у параўнальным аспекце звяртаўся да гісторыі беларусаў (асабліва перыяду ВКЛ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́Н Іван Аляксандравіч (28.3.1882, Масква — 21.12.1954),
рускі філосаф, тэарэтык і гісторык рэлігіі і культуры, прадстаўнік неагегельянства. Скончыў юрыд. і гіст.-філал. ф-ты Маскоўскага ун-та. Прыват-дацэнт (з 1912), праф. (з 1918) Маскоўскага ун-та. З 1922 у эміграцыі. Да 1934 жыў і выкладаў у Берліне, з 1938 — у Швейцарыі. Даследаваў стараж.-грэч. і класічную ням. філасофію. Аўтар найб. значнай у гісторыі рус. ідэалізму працы пра Г.Гегеля («Філасофія Гегеля як вучэнне пра канкрэтнасць Бога і чалавека», т. 1—2, 1918, ням.пер. 1946). Філас. сістэму Гегеля інтэрпрэтаваў у выглядзе своеасаблівага вопыту рэліг. спасціжэння свету. Цэнтр. для І. былі праблемы Расіі (развіваў ідэю цэласнасці і непадзельнасці), маральнага станаўлення чалавека. Лічыў, што абнаўленне чалавека трэба пачынаць з абнаўлення яго душы і волі. Быў прыхільнікам самадзяржаўнай манархіі і прыватнай уласнасці. Камунізм лічыў ненатуральнай сац. з’явай. Неаднаразова папярэджваў суайчыннікаў аб магчымых «узрушэннях» рус. дзяржавы, звязаных са спробамі яе насільнага раздзялення.
Тв.:
Наши задачи: Ист. судьба и будущее России: Статьи, 1948—1954 гг.Т. 1—2. М., 1992;
Путь к очевидности. М., 1993;
Философия Гегеля как учение о конкретности Бога и человека. Т. 1—2. СПб., 1994.
Літ.:
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 2. Ч. 2. С. 129—133.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯШЭ́ВІЧ Хведар (17.3.1910, Вільня — 7.11.1948),
бел. паэт, празаік, гісторык. Магістр філасофіі (1936). Брат М.Ільяшэвіча. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Віленскі ун-т. Выкладаў бел. мову ў Віленскай бел. гімназіі, удзельнічаў у рабоце Бел.навук.т-ва. За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польск. ўладамі, у 1927 зняволены ў Віленскую турму на Лукішках. У час ням.-фаш. акупацыі кіраваў «Беларускім аб’яднаннем» у Беластоку, рэдагаваў беластоцкую газ. «Новая дарога». З 1944 на эміграцыі. Жыў у Зах. Германіі. У 1946 у Рэгенсбургу стварыў літаб’яднанне «Шыпшына». Рэдагаваў час. «Шляхам жыцця» (1946—48), бюлетэнь «Апошнія весткі». Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Веснапесні» (1929), «Зорным шляхам» (1932), «Захварбаваныя вершы» (1936), літ.-знаўчай працы «Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і літаратурная творчасць» (1933). Даследаваў гісторыю друкарства на Беларусі («Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572—1622)», 1938]. Выйшлі яго «Апавяданні» (Ватэнштат, 1948, пад. псеўд. Святаслаў Залужны), «Недапетая песня» (1982, 2-е выд. Ляймен, 1987). Выступаў як крытык («Максім Багдановіч як пясняр места», 1930). Перакладаў на бел. мову творы Г.Гейнэ. Рукапісы І. захоўваюцца ў Бел. музеі г. Ляймена (Германія), б-цы АН Літвы (Вільнюс).
Літ.:
Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Ліс А. Паэзія Хведара Ільяшэвіча // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЕЎ Мікалай Іванавіч (6.12.1850, Масква — 18.2.1931),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1910), ганаровы чл.АНСССР (1929), д-ргіст.н. (1884). Праф. Варшаўскага (1879—84) і Пецярбургскага (1890—99, 1906—17) ун-таў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1873). Вучань У.І.Герʼе. У 1886—99 выкладаў усеаг. гісторыю на Вышэйшых жаночых курсах. У 1899—1917 кіраўнік Гіст.т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906), выступаў за наданне ўсім народам Рас. імперыі свабоды нац. самавызначэння, супрацоўнічаў з партыяй кадэтаў. Спачатку прыхільнік пазітывізму, з 1880-х г. імкнуўся да сацыялагічнага абагульнення фактаў грамадскага жыцця (распрацаваў прынцып арган. адзінства гісторыі і сацыялогіі, канцэпцыю «агульных тыпаў», або «цывілізацый», аб’яднаных агульнасцю паходжання і гіст. лёсу). Аўтар прац «Сяляне і сялянскае пытанне ў Францыі ў апошняй чвэрці XVIII ст.» (1879), «Асноўныя пытанні філасофіі гісторыі» (т. 1—3, 1883—90), «Гістарычны нарыс Польскага сейма», «Падзенне Польшчы» ў гістарычнай літаратуры» (абедзве 1888), «Гісторыя Заходняй Еўропы ў новы час» (т. 1—7, 1892—1917), «Старыя і новыя эцюды аб эканамічным матэрыялізме» (1896), «Уводзіны ў вывучэнне сацыялогіі» (1897) і інш., падручнікаў і дапаможнікаў па ўсеаг. гісторыі.
Тв.:
Основы русской социологии. СПб., 1996.
Літ.:
Золотарев В.П. Историческая концепция Н.И.Кареева: Содержание и эволюция. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́К Міхаіл Паўлавіч (н. 26.3.1940, в. Масцішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.гісторык. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. з 1989). Д-ргіст.н. (1980), праф. (1987). Правадз.чл.Цэнтр.-Еўрап. акадэміі навук і мастацтва (1998). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1963). З 1969 у Ін-це гісторыі АНБССР. У 1975—81 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. З 1981 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. і грамадска-паліт. праблемы гісторыі Беларусі пераважна сав. перыяду, пытанні ўсталявання і функцыянавання сав. сістэмы кіравання грамадствам і інш. Адзін з аўтараў 4-га тома 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1975), гал. рэдактар і адзін з аўтараў 2-га т. 4-томнай «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (1985), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95).
«Czynnik polski» w stalinowskiej polityce represyjnej lat 30. na Białorusi // Polska-Białoruś. 1918—1945. Warszawa, 1994;
Сталіншчына і Беларусь // Бел.гіст.часоп. 1995. № 1—2, Общее и особенное в проведении советской национальной политики в Белорусской ССР // Россия в XX в.: Пробл. нац. отношений. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЧКО́ЎСКІ Юльян Фаміч (25.7.1840, в. Азяты Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.7.1903),
бел. фалькларыст, этнограф, гісторык і педагог. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1861). Працаваў настаўнікам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам нар. вучылішчаў Віленскай навуч. акругі, дырэктарам Полацкай і Туркестанскай настаўніцкіх семінарый і Віленскага настаўніцкага ін-та. У 1888—1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Складальнік 16-га і 20-га тамоў, аўтар прадмоў да іх і да 25-га т.Актаў Віленскай камісіі. Пад рэдакцыяй К. і з яго прадмовамі выйшлі 12-ы і 13-ы т.Археаграфічнага зборніка дакументаў (1900—02). Апублікаваў нарыс «Старая Вільна да канца XVII ст.» (1893) і зб. дакументаў «Гістарычны агляд дзейнасці Віленскай навучальнай акругі за першы перыяд яе існавання, 1803—1832» (1903). Аўтар першага грунтоўнага даследавання пра радзінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці «Нарысы быту заходнярускага селяніна» (1869) і фалькл.-этнагр.зб. «Быт заходнярускага селяніна» (1874), прысвечанага сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-агр. абрадам беларусаў, у якім выкарыстаў больш за 300 фалькл. твораў. Распрацоўваў методыкі пед. выхавання ў навуч. установах.
Літ.:
Голуб В. Ю.Ф. Крачковский. Вильна, 1904;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.