рака ў Пскоўскай вобл. Расіі і Віцебскай вобл. Беларусі, правы прытокр.Зах. Дзвіна. Даўж. 100 км (у межах Беларусі 31 км), пл. вадазбору 2340 км². Выцякае з воз. Ардосна каля в. Шастакова Усвяцкага р-на Пскоўскай вобл. Цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв., праз азёры Сарочына і Усвяцкае. Вусце за 3 км на ПнУ ад г.п. Сураж Віцебскага р-на. Асн. прытокі на Беларусі — Аўсянка і Рудня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ад 50 м да 3 км, пераважная шыр. 300—800 м. Схілы на вял. працягу спадзістыя, выш. 5—10 м, радзей стромкія і абрывістыя, выш. да 30 м. Трапляюцца выхады грунтавых вод. Пойма двухбаковая, часта чаргуецца па берагах, шыр. 200—300 м, у вытокавай ч. 2,5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. 1—2 м, у высокае разводдзе да 4 м. Рэчышча слабазвілістае і звілістае, неразгалінаванае, у сярэднім цячэнні трапляюцца валуны. Берагі ў верхнім цячэнні нізкія, спадзістыя, месцамі зліваюцца з забалочанай поймай, у ніжнім — сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Ледастаў ад канца ліст. да канца сак. (больш за 130 сут). Працягласць веснавога разводдзя да 65 сут, на гэты перыяд прыпадае 62% гадавога сцёку. Летняя межань настае ў пач.чэрв., часам перарываецца дажджавымі паводкамі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 15,9 м³/с. У. — водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕШНЕЭКАНАМІ́ЧНЫЯ СУ́ВЯЗІ,
адна з форм эканам. дзейнасці дзяржавы, прадпрыемстваў і фірм, якая звязана са знешнім гандлем, ажыццяўленнем сумесных з інш. краінамі праектаў. Ахопліваюць комплекс гасп., крэдытных, валютна-фін., прававых узаемаадносін. Уяўляюць сабой арганічную частку міжнар.эканам. адносін, якія развіваюцца на аснове міжнароднага падзелу працы. Уключаюць абмен спажывецкімі таварамі, машынамі, абсталяваннем навук.-тэхн. ведамі, дасягненнямі ў галіне культуры, паслугамі па эканам. і тэхн. супрацоўніцтве і прадугледжваюць стварэнне сумесных прадпрыемстваў, вытв-сцей і навук. калектываў; з’яўляюцца фактарамі эканам. росту, інтэнсіфікацыі вытв-сці, удасканалення тэхналогій, узбагачэння рынку спажывецкімі таварамі. З.с. праходзяць пэўныя этапы: ад гандлю і паслуг — да вывазу капіталу, стварэння міжнар. вытв-сці і фарміравання адзінага сусв. рынку валют, крэдытаў, каштоўных папер. На сучасным этапе З.с. перарастаюць у інтэрнац. групоўкі (Еўрапейскі Саюз, міждзярж. аб’яднанні ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Азіі і інш.), якія каардынуюць вытв-сць і збыт тавараў, выступаюць як адзіная юрыд. асоба на міжнар. рынку. Адным з асн. кірункаў інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у сусв. супольнасць з’яўляецца больш цеснае эканам. збліжэнне з краінамі СНД і найперш з Рас. Федэрацыяй. Асн. формамі З.с. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца знешні гандаль і вытв. сувязі. Многія бел. прадпрыемствы супрацоўнічаюць з замежнымі фірмамі. Павялічваецца прыток на Беларусь замежных інвестыцый. Беларусь удзельнічае ў міжнар. выстаўках і кірмашах, актывізуе З.с. праз свае і замежныя пасольствы і консульствы. Дзейнічае Мін-ва па знешнеэканам. сувязях Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВА́летапісная,
назва племяннога саюзу, пазней гісторыка-геагр. і этнічнай вобласці. На ПнЗ сучаснай Рэспублікі Беларусь і ПдУ сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Упершыню згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009, ва ўсх.-слав. летапісах — пад 1040 (у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Л.). У «Аповесці мінулых гадоў» Л. названа сярод тых плямён і народаў, якія плацілі даніну Русі. Этымалогія тэрміна канчаткова не высветлена. У позніх бел.-літ. летапісах даецца міфалагічна-легендарнае тлумачэнне паходжання тэрміна «Л.» ад лац. слоў «літус туба» («літус» — бераг, «туба» — труба), якімі нібыта называлі прынёманскія землі рымляне, што, паводле легенды, перасяліліся сюды з Італіі. Сучасныя даследчыкі звязваюць назву Л. з балцкімі або слав. каранямі lietā, lieti (ліць, цячы), з назвай р. Ліетаўка ці Ліетава (прыток Віліі), кельцкім словам Litawia (прыбярэжная краіна), з бел. дыялектным «лютвін» (люты) і інш. Першапачатковая лакалізацыя тапоніма Л. канчаткова не вывучана. Аднак ёсць пэўнае супадзенне тэрыторыі сярэдневяковай Л. з арэалам штрыхаванай керамікі культуры на познім этапе (пач.н.э.). У такім разе ўзнікненне назвы гіст. вобласці Л. датуецца пачаткам нашай эры. Ад наймення «Л.» паходзіць адна з назваў жыхароў Вялікага княства Літоўскага і Беларусі — літвіны.
Літ.:
Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989;
Яго ж. Где была летописная Литва? // Тез. докл. к конф. по археологии Белоруссии. Мн., 1969;
Непокупный А.П. Балто-севернославянские языковые связи. Киев, 1976;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЯ́НЬ, Сіань,
горад у цэнтр. Кітаі, у даліне р. Вэйхэ (прыток Хуанхэ). Адм. ц.прав. Шэньсі. Каля 3 млн.ж. з прыгарадамі (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: металургічная, шматгаліновае машынабудаванне (вытв-сць станкоў, прылад, аўтамашын, трактароў, самалётаў), керамічная, тэкст., фармацэўтычная, лакафарбавая, харчовая. Ун-т. Музеі. Арх. помнікі 7—8, 14 ст.
У 1027—249 да н.э. тут знаходзіўся цэнтр фарміравання этнічнай супольнасці чжоў са стараж. сталіцамі Хао і Фэн. У 202 да н.э. тут засн. сталіца ханьскай імперыі Чан’ань, якая ў 3—6 ст.н.э. была сталіцай шэрагу паўн.-кіт. дзяржаў. У 583 на месцы сучаснага С. пабудавана новая сталіца Кітая г. Дасін (пазней перайменавана ў Чан’ань). У эпоху Тан (618—907) горад стаў паліт., эканам. і культ. цэнтрам Кітая. Перабудаваны паводле адзінага плана, ён стаў узорам для больш позняга горадабудаўніцтва. У 10 ст. паступова страціў б. значэнне. З 14 ст.адм. ц. акругі Сіянь, атрымаў сучасную назву. З 2-й пал. 17 ст. С. — адм. ц. правінцыі Шэньсі. У 1936 у С. адбыліся выступленні гаміньданаўскіх войск супраць урада Чан Кайшы. У 1949 горад вызвалены ад гаміньданаўцаў нар.-вызв. арміяй Кітая. У 1974 у выніку раскопак (вядуцца з 1956) каля С. выяўлена пахаванне імператара Цынь Шыхуандзі з тэракотавымі скульптурнымі выявамі воінаў. Пахаванне ў С. ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Да арт.Сіянь. Пахаванне кітайскага імператара Цынь Шыхуандзі. Тэракотавыя скульптурныя выявы воінаў. 3 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЛА, Ульянка,
рака ў Лепельскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прытокр.Зах. Дзвіна. Уваходзіла ў склад Бярэзінскай воднай сістэмы. Даўж. 123 км, пл. вадазбору 4090 км². Выцякае з Лепельскага воз. на паўн. ускраіне г. Лепель, цячэ па Верхнебярэзінскай нізіне, Чашніцкай раўніне і Полацкай нізіне, вусце каля г.п. Ула Бешанковіцкага р-на. Асн. прытокі: Лукомка, Усвейка, Свячанка (справа), Хоцінка (злева). Даліна пераважна сухадольная, асіметрычная, трапецападобная, да в. Промыслы Бешанковіцкага р-на скрынкападобная, шыр. 300—600 м, найб. (да 1 км) у сярэднім цячэнні, найменшая (100 м) у верхнім цячэнні. Схілы сярэдне стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя ярамі і лагчынамі. Пойма лугавая, чаргуецца па берагах, роўная, шыр. ў верхнім цячэнні 50—100 м, ніжэй 200—400 м, у сярэднім цячэнні да 600 м. У разводдзе затапляецца на глыб. ад 0,5 да 2,5 м. Рэчышча неразгалінаванае, на працягу 75 км ад вытоку моцназвілістае, ніжэй сярэдне звілістае (шыр. 25—30 м, месцамі 40—50 м). Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя, пясчаныя, параслі хмызняком, выш. 2—5 м, на асобных участках 10—15 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да пач. красавіка. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 45% гадавога сцёку. Веснавое разводдзе з 3-й дэкады сак. да сярэдзіны мая, сярэдняя працягласць 56 сут. Сярэдняе перавышэнне вышэйшага ўзроўню над межанню 4,6 м, найб. 7,3 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. Лепельская ГЭС. На рацэ г. Лепель, у вусці г.п. Ула.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА,
адна са стараж. вуліц Мінска. Знаходзіцца ў гіст. цэнтры горада, паміж р. Свіслач і вул. К.Цэткін; працягласць 1840 м. Назва ад р.Няміга (прыток Свіслачы, заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. Узнікла ў 12 ст. як адна з цэнтр.гандл. магістралей, што злучала гандл. плошчу перад Мінскім замкам (Нізкі рынак) з б. Койданаўскім трактам. У дакументах 16—18 ст.наз.Нямізскай. У 19 ст. ўключала Нізкі і Рыбны рынкі, звязвала гандл. плошчу на Траецкай гары з рынкам у б. Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Раманаўская слабада і Мяснікова). Да канца 18 ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 існавалі толькі 2 мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835). У пач. 17 ст. на скрыжаванні вуліц Н. і Ракаўскай пабудаваны комплекс правасл. манастыра з Мінскай Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Н. да 1965 стаяў будынак сінагогі 18 ст. У 19 ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі рысы класіцызму. Напачатку праезная ч. вуліцы была вымашчана драўляным насцілам, у 17—18 ст. забрукавана, у пач. 20 ст. заасфальтавана. У Вял.Айч. вайну ў раёне вуліц Н. і Ракаўскай было гета. У пач. 1970-х г. забудова Н. знесена ў сувязі з рэканструкцыяй трансп. магістралі — вуліца М.Горкага (цяпер М.Багдановіча) — Няміга. У 1990-я г. на Н. пабудаваны рэстаран «МакДональдс» (арх. А.Чадовіч), комплекс 12-павярховых жылых дамоў, гандл. цэнтр «На Нямізе» (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. С.Мусінскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УША́ЧА,
рака ў Докшыцкім, Ушацкім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., левы прытокр.Зах. Дзвіна. Даўж. 118 км, пл. вадазбору 1150 км². Пачынаецца ў Докшыцкім р-не, за 5 км на ПдЗ ад в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на. Цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага ўзв. і Полацкай нізіны, праз азёры Мурагі, Тартак, Царкавішча, Замошша, Вял. Існа, Бароды і Варонічы. Вусце насупраць размешчанай на правым беразе р.Зах. Дзвіна в. Цюлькі Полацкага р-на. Асн. прытокі: Ідута, Альзініца, Нежлеўка (злева) і Крашанка (справа). Даліна да в. Пуцілкавічы невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. да вусця р. Альзініца да I км, ніжэй 300—400 м, месцамі звужаецца да 200 м. Схілы сярэдне стромкія і стромкія, выш. 8—15 м, месцамі 20—30 м, парэзаны ярамі і лагчынамі, за 1 км ніжэй в. Каўтуны абрываюцца ўступам выш. да 6 м. Пойма двухбаковая, да вусця р. Альзініца нізкая, забалочаная, шыр. 400—600 м, на асобных участках да 1,5 км, ніжэй высокая, звужаецца да 30—50 м, месцамі знікае. Рэчышча звілістае і моцназвілістае, зарастае, трапляюцца валуны дыяметрам да 1,5 м. У верхнім цячэнні шыр. рэчышча 3—10 м, ніжэй воз.Вял. Існа 30—40 м. Берагі стромкія, абрывістыя, месцамі нізкія і забалочаныя. Ледастаў ад 1-й дэкады снеж. да пач. красавіка. Працягласць веснавога разводдзя каля 60 сут, на гэты перыяд прыпадае 50% гадавога сцёку. Сярэдняе перавышэнне вышэйшага ўзроўню над межанню да 1,5 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ г.п. Ушачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
ваенна-паліт. аб’яднанне часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Рас. імперыі ў 1768—72. Засн. 29.2.1768 у г. Бар (зараз Вінніцкая вобл., Украіна) па ініцыятыве Ю.Пуласкага, А. і М.Красінскіх і інш. Канфедэраты выступілі з кансерватыўнай праграмай адмовы ад паліт. рэформаў, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, патрабавалі скасавання закону 1768 пра ўраўнаванне ў правах з католікамі шляхты правасл. і лютэранскага веравызнання, захавання шляхецкіх вольнасцяў і прывілеяў каталіцкай царквы. Разам з тым яны дамагаліся спынення ваен. інтэрвенцыі Расіі, умяшання яе ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай, аднаўлення незалежнасці краіны. Патрыят. заклікі далі шырокі прыток у рады канфедэратаў шляхты, мяшчан, сялян. Масавай з’явай стала партыз. барацьба, якая ахапіла польскія, бел. і літ. землі (на Украіне Барская канфедэрацыя стрымлівалася паўстаннем «калііўшчына»). Увосень 1769 створана Гал. рада Барскай канфедэрацыі («Генеральнасць») з рэзідэнцыяй у г. Прэшаў (Славакія). Дзейнасць канфедэратаў на тэр. Беларусі і Літвы каардынавалі чл.Гал. рады маршалак канфедэрацыі М.Пац і камандуючы войскамі Ю.Сапега. У чэрв. 1770 атрад Ш.Касакоўскага перайшоў з Літвы на Беларусь, дзе папоўніўся дробнай шляхтай, сялянамі і інш. Дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашковіч і Мінска, разбіты пад Навагрудкам. У 1771 рух канфедэратаў на Беларусі ўзмацніўся ў сувязі з далучэннем да іх вял. гетмана літ. М.К.Агінскага. 12.9.1771 яго невял. войска разбіта А.В.Суворавым пад в. Сталовічы. Пасля гэтага барацьба пайшла на спад. Тысячы канфедэратаў, 70% з якіх складалі мяшчане і сяляне, былі сасланы ў Сібір. Разгром Барскай канфедэрацыі садзейнічаў першаму падзелу Рэчы Паспалітай у 1772.
Літ.:
Konopczyński W. konfederacja Barska. Т. 1—2. Warszawa, 1936—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДЫ́,
вёска ў Валяўкоўскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. на р. Мярэя (прыток Дняпра). Цэнтр саўгаса. За 29 км на У ад г. Дуброўна, 140 км ад Віцебска. 707 ж., 287 двароў (1999).
Вядома з канца 16 ст. ў Аршанскім пав. З 1607 сяло, уладанне падстолія ВКЛ М.Глябовіча, з сярэдзіны 17 ст. — Сапегаў. У 1672 мястэчка. Ў 1738 — 23 дымы, у 1745 пабудавана Пакроўская царква, у 1799 — царква Іаана Багаслова. З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 мястэчка Л. ў дзярж. кіраванні, пазней уласнасць кн. Пацёмкіна, Любамірскіх. У вайну 1812 у ваколіцах Л. дзейнічаў партыз. атрад Дз.В.Давыдава. У 1897 у Хаўбнянскай вол. Горацкага пав. Магілёўскай губ.; 4434 ж., 599 дамоў, 4 правасл. царквы, 2 багадзельні, 8 яўр. і 1 царк.-прыходская школа, паштова-тэлегр. станцыя, 2 гарбарні, 2 крупадзёркі, 3 маслабойні, 11 кузняў, 4 пенькатрапальні, 3 ільнотрапальні, вадзяны млын, 82 гандл. і 2 піўныя крамы, шынок, 2 заезныя двары, 2 кірмашы на год. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічала Ляднянская арг-цыяРСДРП. З 1923 цэнтр воласці Горацкага пав. Смаленскай губ. З 3.3.1924 у БССР, з 17.7.1924 да 8.7.1931 цэнтр Ляднянскага раёна Аршанскай акр. У 1924—26 і з 1954 цэнтр сельсавета, з 1938 у Віцебскай вобл. У 1925 у Л. 3747 ж., 689 гаспадарак. З 27.9.1938 да 10.3.1954 — гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі разбурылі гар. пасёлак, загубілі частку жыхароў. У 1963—781 ж., 229 двароў, у 1972—735 ж., 275 гаспадарак.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Радзіма мастака С.К.Заранкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
рака ў Гродзенскай вобл. і на мяжы з Польшчай, левы прытокр. Нёман. Даўж. 121 км, пл. вадазбору 1800 км², у т. л. ў межах Беларусі 1432 км. Пачынаецца каля в. Занкі 1-я Свіслацкага р-на, вусце за 1,2 км на Пн ад г.п. Свіслач. Цячэ па ўсх. схілах Гродзенскага і зах. схілах Ваўкавыскага ўзв., у ніжнім цячэнні — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Рудаўка, Куклянка, Бераставічанка, Верацейка, Пікелка (справа), Істачанка, Нятупа, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка (злева). Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—2 км, у сярэднім цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні невыразная, пераважна забалочаная. У разводдзе затапляецца на глыб. да 1,6 м на 10—12 сут (шыр. разліву да 5 км). Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, неразгалінаванае, у верхнім цячэнні шыр. 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, у ніжнім цячэнні абрывістыя.
Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Рака вызначаецца выразным веснавым разводдзем, адносна нізкай летне-асенняй і зімовай межанню, перыядычнымі летне-асеннімі паводкамі. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 40% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні 2,9 м, найб. 5,8 м. Дажджавыя паводкі ў перыяд межані амаль штогод. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 8 сут Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/c. Рака зарэгулявана плацінамі. У даліне р. Верацейка наліўное вадасх. Дублянскае. Каля вытоку С. — г.п. Свіслач.